«Гэта не была міграцыя — гэта была эвакуацыя». Што адбываецца з беларускімі медыкамі ў эміграцыі
Пасля 2020 года з Беларусі з’ехалі сотні медыкаў. Хтосьці — пасля ператрусаў, хтосьці — пасля звальненняў, хтосьці — пасля «прафілактычных размоў» у сілавых структурах. Новая справаздача Банка ідэй пра беларускіх медыцынскіх спецыялістаў у Польшчы, Літве і Германіі паказвае: для большасці з іх гэта не была працоўная міграцыя. Гэта была вымушаная эвакуацыя.

Даследаванне ахапіла 48 анкет і 7 паглыбленых інтэрв’ю з лекарамі, якія пакінулі Беларусь пераважна пасля 2020 года. Карціна атрымалася досыць аднастайная — і трывожная для беларускай сістэмы аховы здароўя.
Палітыка як галоўная прычына ад’езду
Амаль 70% апытаных назвалі асноўнымі прычынамі эміграцыі палітычны пераслед або страх за ўласную бяспеку і бяспеку сям’і. Жаданне прафесійнага росту і большых даходаў аказалася другасным фактарам.
Больш за палову прызналіся: рашэнне пра выезд было спантанным. Але за гэтай «спантаннасцю» — не імпульсіўнасць, а адсутнасць магчымасці планаваць. Пагрозы, выклікі «на размову», ціск з боку кіраўніцтва — усё гэта паскарала ад’езд.
72,9% пасля эміграцыі ўвогуле не наведваюць Беларусь.
Настрыфікацыя як галоўны бар’ер
Самы цяжкі этап — прызнанне дыплома. 54% ацанілі працэс настрыфікацыі як складаны і заблытаны. Асноўная праблема — немагчымасць сабраць патрэбныя дакументы з Беларусі. Медыцынскія ВНУ зацягваюць працэс або проста не адказваюць. Самастойна з’ездзіць і вырашыць пытанне многія не могуць з меркаванняў бяспекі.
Палова апытаных назвала кваліфікацыйныя экзамены занадта складанымі. І справа не толькі ў медыцыне, а ў мове, нюансах заканадаўства, арганізацыі сістэмы аховы здароўя.
Пакуль дыплом не прызнаны, лекар фактычна губляе прафесійны статус. У інтэрв’ю гэта апісваецца як «пачаць усё з нуля» — зніжэнне пасады, страта ўпэўненасці, адчуванне дыскваліфікацыі. Але пасля атрымання права на працу большасць хутка аднаўляе прафесійную самапавагу.
Салідарнасць важнейшая за дзяржаву
81% падчас настрыфікацыі звярталіся па дапамогу да іншых беларускіх медыкаў. Менавіта нефармальныя чаты, супольнасці і дыяспарныя ініцыятывы сталі галоўнай крыніцай інфармацыі і падтрымкі.
Дзяржаўныя кансультацыі або прыватныя юрысты выкарыстоўваліся значна радзей. Сістэмнай інстытуцыйнай падтрымкі, якая б суправаджала лекара ад пачатку да канца працэдуры, фактычна няма.
Праца, даходы і новы статус
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, 75% апытаных ужо працуюць. Двое з трох — на пасадзе лекара. Выпадкаў адмовы ў прызнанні дыплома даследаванне не зафіксавала.
Больш за дзве траціны адзначылі, што іх даходы выраслі ў параўнанні з Беларуссю. Пры гэтым 33% зарабляюць больш нават пры меншай інтэнсіўнасці працы. У Беларусі для павелічэння даходу трэба было браць некалькі ставак і дзяжурстваў; у ЕС дастаткова адной.
68,8% адзначылі рост агульнага дабрабыту.
Асобны момант — сацыяльны статус. 93,7% лічаць, што ў краіне пражывання лекар больш шанаваны, чым у Беларусі. 87,6% адчуваюць большую сацыяльную абароненасць.
Гэта — фактычны прысуд беларускай сістэме аховы здароўя.
Інтэграцыя без ілюзій
Сярэдні ўзровень інтэграванасці ў новае жыццё — 6 з 10. Дыскрымінацыя сустракаецца, але не носіць масавага характару. Найчасцей — з боку калег, радзей — з боку пацыентаў.
Пры гэтым 37,5% часткова згодныя з меркаваннем, што імігранты заўсёды будуць «другім гатункам». Асабліва асцярожныя ў ацэнках рэспандэнты з Германіі і Літвы.
Эмацыйны стан падзяліўся амаль пароўну: у 41,7% ён палепшыўся пасля пераезду, у 39,6% — пагоршыўся. Вымушаная эміграцыя застаецца траўмай, нават калі прафесійна ўсё складваецца.
Ці вернуцца яны?
48% не разглядаюць вяртання ў Беларусь увогуле. Яшчэ 33% гатовыя падумаць пра гэта толькі пры вельмі добрай прапанове. І толькі 10% гатовыя вярнуцца пасля змены палітычнай сітуацыі.
Чым даўжэй доўжыцца інтэграцыя, тым менш верагодным выглядае вяртанне.
Гэта даследаванне паказвае: беларускія медыкі ў эміграцыі — не «эканамічныя мігранты», а людзі, якія захавалі прафесійную этыку цаной радзімы. Яны адносна паспяхова адаптуюцца, аднаўляюць кар’еру і даходы. Але для Беларусі гэта азначае сістэмную страту — не толькі кадраў, але і прафесійнай культуры.
І пакуль унутры краіны лекар застаецца менш абароненым і менш шанаваным, чым за мяжой, вяртанне будзе хутчэй выключэннем, чым тэндэнцыяй.