«Кропкавая мабілізацыя» замест дронаў: Ці здольная беларуская армія абараніць не Лукашэнку, а каго-небудзь увогуле?

Кажуць, што куля, якая трапіла нават ніжэй спіны, выклікае незваротныя змены ў працы галаўнога мозгу. Пасля таго, як Уладзімір Зяленскі дазволіў правесці парад Перамогі ў Маскве, Аляксандр Лукашэнка ніяк не можа супакоіцца. Такой колькасці бразгання зброяй не было нават падчас вучэнняў «Захад».

_belarus_armija_vojska_vajna_mundzir_saldaty_2025_fota_novy_czas__1_.jpg

На самім парадзе Лукашэнка, здаецца, не засмуціўся, што там не праехалі танкі і іншая цяжкая (і не вельмі цяжкая) тэхніка. «Я добра ведаю ваша ўзбраенне. Таму што яно і наша. Нешта мы ўжо дадалі да таго, што ў вас ёсць. Нешта мы набылі ў вас», — заявіў ён у каментары журналістам і адзначыў, што Беларусь і Расія «як ніколі» маюць «добры арсенал зброі».

Аднак прыехаўшы дадому, ён адразу ж сабраў нараду, прысвечаную дзяржпраграме ўзбраення і абароннаму заказу на бліжэйшыя гады. І там ён заявіў, што без сучаснага ўзбраення Беларусь не зможа забяспечыць абарону краіны.

«Без аснашчэння войскаў сучасным узбраеннем вырашыць задачы абароны немагчыма. Пры гэтым хачу заўважыць: мы не павінны кідацца на ўсе віды ўзбраенняў, якія мы бачым у сучасных канфліктах. Найперш мы павінны мець тую зброю, якой мы можам скарыстацца, з якой мы, перш за ўсё нашы афіцэры, умеем абыходзіцца», — заявіў Лукашэнка.

Разважаючы пра сучасныя войны, ён выказаў меркаванне, што іх немагчыма выйграць толькі ўдарамі з паветра, і ў якасці прыкладу прывёў аперацыю ЗША ў Іране. «Бамбілі, закідвалі бомбамі і ракетамі… І што, перамаглі? Не. Без наземнай аперацыі нікуды», — сказаў ён, таксама падкрэсліўшы ролю абучаных салдат, афіцэраў і зброі, неабходнай для вядзення бою на зямлі.

Лукашэнка паведаміў, што за пяць гадоў доля сучасных узораў узбраення ў беларускай арміі вырасла амаль да 45%, але асноўны акцэнт у папярэднія гады рабіўся на развіццё ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны — у войскі пастаўляліся новыя самалёты, верталёты і сродкі СПА.

Як звычайна, мы бачым, што з аднаго боку Лукашэнка кажа пра «добры арсенал добрай зброі», а з іншага боку прызнае, што сучасныя ўзоры ўзбраення — гэта «прыкладна 45%». Гэта азначае, што «прыкладна 55%» — узбраенне старое, а гэта — больш за палову. І таму яшчэ невядома, што ў нас будзе ў выпадку мабілізацыі. Памятаеце, як у 2022-м расійскіх мабілізаваных спрабавалі адправіць ваяваць з іржавымі аўтаматамі?

Мы нават не ведаем, што ў нас засталося, бо Масква «пыласосіць» узбраенне на вайну ва Украіне з усіх бакоў і ўсіх «саюзнікаў». Яны забіралі снарады ў РБ нават раней, чым пачалі купляць іх у Паўночнай Карэі. Таму вельмі цікава, колькі гэтых снарадаў засталося ў нас.

І, канешне, пытанне, якое мы не стамляемся і не стомімся паўтараць: сучаснае ўзбраенне, як і ўсе сучасныя прылады, можна зрабіць толькі на сучасным абсталяванні. А ў нас — санкцыі, у тым ліку і тэхналагічныя. Як можна зрабіць сучасную зброю на станках мінулага стагоддзя — невядома.

Пра «мінулае стагоддзе» — гэта ўжо не перабольшанне. Усё ж такі мы пражылі ўжо чвэрць стагоддзя XXI-га. Станкі, вырабленыя нават у 2000-х, ужо састарэлі.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба — Расія, якая знаходзіцца пад тымі ж тэхналагічнымі санкцыямі, не спраўляецца з распрацоўкай і вытворчасцю ўласных БпЛА «у таварных колькасцях», і запазычыла ў Ірана «шахеды». Украіна, якая без санкцый, з тэхналогіямі і пры поўнай падтрымцы Захаду — лідар у вытворчасці дронаў, не толькі паветраных, але і марскіх, і наземных.

Таму мы наўрад ці зможам забяспечыць армію «сучасным узбраеннем», як бы нам таго не хацелася. Таму што тыя, у каго ёсць гэтае сучаснае ўзбраенне, запісаныя рэжымам Лукашэнкі ў «ворагі», а той, у каго мы можам такое ўзбраенне папрасіць — таму яно самому патрэбнае, і нават больш чым нам.

А калі мы не можам гэта зрабіць, нам застаецца толькі адно. І, ведаючы Лукашэнку, вы адгадаеце, што гэта. Адгадалі?

Правільна — дысцыпліна!

Прымаючы з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна на наступны дзень пасля нарады па зброі, Лукашэнка заявіў, што будзе «кропкава адмабілізоўваць часткі для таго, каб рыхтаваць іх да вайны. Дай бог, каб яе ўдалося пазбегнуць».

З Хрэніным яны зноў размаўлялі пра нядаўнюю праверку Узброеных сіл. «Вы там разбіраліся: недзе прынцыпова, а недзе так… Я чакаў, калі вы самі там разберацеся ў добрых рэчах і недахопах (іх заўсёды хапае)», — цытуе спікера яго прэс-служба. Лукашэнка разлічвае на тое, што «гэты працэс не скончыцца» і «кіраўніцтва арміі і перш за ўсё міністр будуць надаваць самую сур'ёзную ўвагу недахопам, якія выявіліся пасля гэтай праверкі». А таксама прапанаваў Хрэніну абмеркаваць кадравае пытанне ва УС. «Мы з вамі дамаўляліся, што вы сур'ёзна падумаеце, з кім вы будзеце далей служыць. Гэта прычына нашай сустрэчы і размовы. А потым падумаем разам, якім чынам я буду размаўляць з генераламі, афіцэрамі, якія служаць у нашых Узброеных Сілах і перш за ўсё — у нашай арміі», — звярнуўся ён да міністра.

Падобна, што ў выніку «праверкі» Лукашэнка дазнаўся пра тое, пра што гаварылася ўжо вельмі даўно — армія Беларусі не ў стане не тое што правесці наступальныя аперацыі — пад пытаннем і супрацьстаянне агрэсіі. А галоўнае — Лукашэнка не ўпэўнены, што армія будзе абараняць перш за ўсё яго персанальна, за выключэннем некалькіх «замазаных» пасля 2020-га года падраздзяленняў. Адсюль і абмеркаванне «кадравага пытання», і просьба «сур'ёзна падумаць, з кім вы будзеце далей служыць».

Так што чыстка ў шэрагах УС РБ хутка пачнецца. Але, хутчэй за ўсё, яна як пачнецца, так і скончыцца: у Лукашэнкі проста няма столькі лаяльных яму вайскоўцаў, каб замяніць увесь афіцэрскі склад беларускай арміі. Я наогул сумняваюся, што ў яго ёсць магчымасць такой «ратацыі» ў прынцыпе: усё ж такі армія — гэта занадта вялікі механізм.

Ён, вядома, можа правесці чысткі, нягледзячы ні на што, — як Сталін у 1936–1937 гадах «вычысціў» РККА. Але і вынік будзе такі ж, як у Сталіна, калі пасля чыстак, у 1939 годзе, вялікі СССР не змог перамагчы маленькую Фінляндыю.

А ў нас парада ўсё тая ж — не варта гучна бразгаць зброяй. Раптам хто-небудзь заўважыць, і тады праблем не абярэшся.