З Беларусі ў Расію пачалі вывозіць боепрыпасы?
Найстарэйшая беларуская «газета з карцінкамі», прызнаная экстрэмісцкай, піша, што Упраўленні ваенных камунікацый Міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі арандавалі ў Беларускай чыгункі 100 крытых вагонаў пад перавозку небяспечных грузаў.
У іх грузяць боепрыпасы для вывазу ў Расію, паведамляе выданне са спасылкай на тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў.
На дадзены момант, па звестках канала, вядзецца пагрузка ўзбраення і боепрыпасаў на многіх буйных артылерыйскіх базах. Так, напрыклад, сёння ў в/ч 67878 (гэта 46-ы арсенал ракет і боепрыпасаў) у населеным пункце Бронная Гара праводзяцца пагрузачныя работы.
Колькасць боепрыпасаў настолькі вялікая, што пагрузку сваімі сіламі вайскоўцы гэтай часці нібыта арганізаваць не могуць, таму для іх адкамандзіроўваюць вайскоўцаў з іншых падраздзяленняў у дапамогу.
Пасля пагрузкі групы вагонаў (па 6-10 адзінак), як паведамляецца адпраўляюць на станцыі Мінскага чыгуначнага вузла і ўжо там іх «прычапляюць» да звычайных грузавых цягнікоў і адпраўляюць (па маршруце: Мінск — Орша — станцыя Краснае — Смаленск) на станцыі прызначэння ў РФ.