Намінальны заробак ў Беларусі ў траўні 2022 года вырас на 5,6 рубля. Рэальны — знізіўся на 5,7%

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Рэспублікі Беларусь у траўні 2022 года склаў 1573,4 рубля і вырас на 5,6 рубля ў параўнанні з красавіком, паведаміў Белстат.

10_deadrub.jpg


Намінальны налічаны заробак — заробак да выліку падаходнага падатку па стаўцы 13% і 1% абавязковага страхавога ўзносу ў Фонд сацыяльнай абароны.

Рэальны заробак у траўні 2022 года зваліўся на 5,7% да траўня 2021 года. Прычынай стаў рэзкі рост інфляцыі, якая ў гадавым выражэнні ў траўні паскорылася да 17%.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Мінска за травень склаў 2196,7 рубля, Мінскай вобласці — 1575,7 рубля, у Гомельскай — 1411,8 рубля, Берасцейскай — 1341,2 рубля, Гарадзенскай —1383,1 рубля, Віцебскай — 1323,4 рубля, у Магілёўскай — 1277,7 рубля.

Самая вялікая налічаная сярэднямесячная заработная плата ў траўні была ў сектары «інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання» (ІТ) і склала 6175,4 рубля. У параўнанні з красавіцкай яна ўпала на 300 рублёў, а з лютаўскай — на 2584,4 рубля. У рэальным выражэнні травеньскі заробак айцішнікаў у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года знізіўся на 21,7%.

На другім месцы знаходзіцца «дапаможная дзейнасць у сферы фінансавых паслуг і страхавання» — 3552,6 рубля, на трэцім — дзейнасць пасажырскага паветранага транспарту — 3142,6 рубля.

Сярэдні заробак у ахове здароўя склаў 1328,7 рубля, а ў адукацыі — 1153,4 рубля.

Менш за ўсё налічана ў траўні работнікам цырульняў і салонаў прыгажосці — 811,3 рубля, дзейнасць бібліятэк, архіваў, музеяў і іншая дзейнасць у сферы культуры — 923,2 рубля, творчая дзейнасць і забавы — 949,8 рубля.