«Іхтамнеты» і дзіўныя мытнікі: пра што Лукашэнка пытае Пуціна?

Вы не паверыце, але ў Расіі зноў згарэў чарговы аўтобус МАЗ — гэтым разам не ў Піцеры, а ў Самары. На шчасце, пасажыры паспелі выйсці з салона, бо ў выніку аўтобус згарэў цалкам. Зрэшты, хай нас лепш хвалююць МАЗы, якія гараць, таму што тэндэнцыя на тыдні ў нас нездаровая.

64162587_605_2.jpg

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч раптам «заклапаціўся заклапочанасцямі» Захаду і нечакана заявіў, што на тэрыторыі Беларусі няма ніводнага расійскага салдата, які прыбываў на вучэнні «Захад-2025». Гэта прагучала падчас адказаў на пытанні журналістаў па выніках дакладу Аляксандру Лукашэнку.

«Вучэнні прайшлі. Мэты і пытанні адпрацаваныя. Групоўкі войскаў як Расійскай Федэрацыі, так і Рэспублікі Беларусь — усе вернуты ў пункты пастаяннай дыслакацыі. То-бок сёння ніводнага расійскага салдата, які прыбываў на вучэнні, на тэрыторыі Беларусі няма», — заявіў Вальфовіч.

Незразумела, чаму раптам беларускаму «бяспечніку» спатрэбілася згадваць вывад расійскіх войскаў з Беларусі. Але нельга не адзначыць, што падобныя прамовы нам запомніліся па 2022-м годзе. Тады таксама сцвярджалася, што ўсе расійскія войскі, якія прыбылі на вучэнні «Захад-2021», выведзены з Беларусі, нібыта не засталося ніводнага расійскага салдата… І раптам аказалася, што іх «выводзяць» праз тэрыторыю Украіны.

І сцвярджэнні пра тое, што расійскіх салдат у нас «няма», таксама нам знаёмыя па Данбасе і Крыме ўзору 2014 года. Расійскіх салдат там багата «не было». Таму калі хтосьці кажа пра «іхтамнеты» — гэта самы трывожны знак.

Тым больш, што даверу словам Вальфовіча няма, і няма даўно — з таго ж 2022 года. А праверыць сцвярджэнні «бяспечніка» мы не можам, паколькі ў нас скончыўся — не без дапамогі ўладаў — тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», што збіраў інфармацыю аб ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Цяпер бы Вальфовіч мог сказаць нешта кшталту: «Паглядзіце, нават нашы апаненты гэта пацвярджаюць!» Але не, не можа.

І яшчэ цікава, што Лукашэнка 9 кастрычніка накіраваўся з візітам у Таджыкістан. Візіт праходзіць 9-10 кастрычніка, яго асноўная мэта — удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, асноўны дзень пасяджэння — 10 кастрычніка. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прыляцеў у Душанбэ яшчэ раней за Лукашэнку — 8 кастрычніка.

А 7 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін правялі тэлефонную размову: Лукашэнка павіншаваў Пуціна з днём нараджэння, і, па даных прэс-службы, «бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, якія тычацца развіцця беларуска-расійскіх адносін, міжнароднага парадку, абстаноўкі ў рэгіёне».

А яшчэ крыху раней, 26 верасня, Лукашэнка правёў перамовы з Пуціным у Маскве. Як паведаміў АРЛ крыху пазней, абмяркоўваліся сумесныя рашэнні і крокі ў цяперашняй «няпростай сітуацыі».

Вам не падаецца, што тры размовы з Пуціным за 15 дзён — гэта для кіраўнікоў дзвюх дзяржаў крыху перабор? Няма такога ўражання, што Лукашэнка нешта хоча ў Пуціна выведаць, атрымаць нейкія гарантыі ці абяцанні? Нават тады, калі Лукашэнка люта прасіў расійскіх грошай, такіх частых перамоў у іх не было.

Такія размовы можна ацаніць толькі на фоне паведамленняў з Еўропы. Еўракамісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс у інтэрв'ю Wyborcza заявіў, што нямецкая разведка валодае звесткамі і мае доказы таго, што Крэмль абмяркоўвае напад на NATO. Зразумела, што Беларусь з'яўляецца добрым такім «буферам» паміж NATO і РФ, і Лукашэнку з першакрыніцы хацелася б ведаць, у якім фармаце абмяркоўваюцца падобныя рэчы і, не пабаюся гэтай заезджанай цытаты, «адкуль рыхтуецца напад». Ці не здарыцца так, што ён зноў апошнім даведаецца пра тое, што расійскія войскі праз беларускую мяжу ўрываюцца ў краіны Балтыі ці Польшчу.

Тым больш, што існуюць вялікія сумненні, што Лукашэнка рэальна кантралюе свае межы. І не толькі з-за ўварвання ва Украіну — «мігрантскі крызіс», на спыненні якога ў размове з Кітаем настойвала Польшча, не заканчваецца.

Глядзіце таксама

А тут яшчэ і расійскія мытнікі прыбылі з візітам у Беларусь, і наведалі грузавы пункт пропуску «Казловічы» і пункт пропуску для легкавых аўтамабіляў «Брэст».

Польская мяжа мае сваю спецыфіку. «Казловічы» не прымае легкавыя аўтамабілі, а «Брэст» не прымае грузавікі. Чаму ж расійскія мытнікі паехалі менавіта на «інвалідныя» прапускныя пункты з Польшчай, а не на паўнавартасна функцыянуючыя прапускныя пункты на мяжы з Літвой — напрыклад, Беняконі? Ці Каменны лог?

У сувязі з такой увагай да польскай мяжы нават узнікае пытанне: а гэта дакладна былі мытнікі?

Турбуецца не толькі Лукашэнка, турбуюцца нашы суседзі. Латвійскае Мінабароны прыняло рашэнне працягнуць закрыццё паветранай прасторы ля мяжы з Беларуссю і Расіяй. Абмежаванні на палёты былі ўведзены ў пачатку верасня перад вучэннем «Захад-2025». Потым іх працягнулі да 8 кастрычніка. Цяпер жа забарона будзе дзейнічаць да яе адмены. Забарона датычыцца 50-кіламетровай зоны ўздоўж мяжы і дзейнічае да вышыні ў 6000 метраў.

«Улічваючы інцыдэнты з парушэннем паветранай прасторы ў іншых краінах NATO, а таксама тое, што абмежаванні паветранай прасторы даюць магчымасць Нацыянальным узброеным сілам праводзіць больш дэталёвае назіранне за паветранай прасторай, ажыццяўляць сімуляцыі дронаў і супрацьдронных сістэм, размяшчаць і трэніраваць мабільныя баявыя падраздзяленні, прынята рашэнне працягнуць частковае закрыццё паветранай прасторы Латвіі ў цёмны час сутак», — заявіў міністр абароны Андрыс Спрудс.

Рашэнне аб падаўжэнні забароны прынята з улікам місіі NATO «Усходні вартавы», ініцыяванай пасля масавага залёту расійскіх дронаў у Польшчу.

А нам застаецца спадзявацца, што ў некаторых не ўзнікне планаў пачаць чарговую «маленькую пераможную вайну», якая раптам зноў акажацца і не маленькай, і не пераможнай.