Маштабная атака дронаў на энергетычныя аб'екты — цяпер і ў Расіі
Расія актывізавала баявыя дзеянні на фронце — упершыню за даволі працяглы час колькасць расійскіх атак перавысіла 200 за суткі. У адказ на гэта ўначы здарыўся маштабны прылёт беспілотнікаў па аб'ектах у Расіі і акупаваным Крыме. Ва Украіне, падаецца, вырашылі паказаць, што мэтай можа быць не толькі ўкраінская энергетычная інфраструктура. Ідуць 1321-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 231 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 57 атак расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Зверава, Ніканораўкі, Залатога Калодзежу, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Котліна, Удачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 42 штурмы расійцаў у раёнах Мірнага, Паддубнага, Навасёлаўкі, Студзеньскага, Тэрнаў, Сасноўкі, Маліеўкі, Новамікалаеўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 31 баявое сутыкненне ў раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Адраднага, Балогаўкі, Куцькоўкі, Краснага Першага, Каменкі і Западнага.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейсніў 17 атак у раёнах Александра-Калінавага, Клебан-Быка, Шчарбінаўкі, Русінага Яру і Палтаўкі.
На Сіверскім кірунку расіяне 13 разоў атакавалі паблізу Ямпаля, Грыгорыўкі, Выімкі і Фёдараўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Ліманскім кірунках украінскія абаронцы адбілі па 12 атак расіян на кожным.
* * *
У ноч на 6 кастрычніка Расія атакавала Украіну 116-цю ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 83 БПЛА.
На момант падрыхтоўкі агляду атака працягвалася, у паветранай прасторы Украіны былі некалькі расійскіх БпЛА. У той жа час зранку 6 кастрычніка РФ масіравана ўдарыла кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі па Запарожжы і вобласці. Па даных Паветраных сіл, расіяне запусцілі КАБ у кірунку Запарожжа. У рэгіёне абвешчана трывога з-за пагрозы, а жыхароў прасілі прайсці ва ўкрыцці.
Харкаў у нядзелю ўвечары падвергся масіраванай атацы БПЛА, вядома пра 4 пацярпелых, у частцы горада няма святла і вады.
У Чарнігаўскай вобласці войскі РФ уначы 6 кастрычніка атакавалі энергааб'ект, ёсць абясточванне, паведамляе АТ «Чарнігаўаблэнерга».
У расійскім Белгарадзе і бліжэйшых населеных пунктах у нядзелю ўвечары знікла святло пасля атакі на электрападстанцыю «Луч».
У ноч на панядзелак, 6 кастрычніка, у расійскім Дзяржынску Ніжагародскай вобласці РФ, а таксама ў самім Ніжнім Ноўгарадзе прагрымела больш за 10 выбухаў, піша расійскі Telegram-канал SHOT, звязваючы выбухі з працай СПА па беспілотніках. Іншыя Telegram-каналы паведамляюць, што па папярэдніх даных, было два трапленні ў завод імя Свярдлова ў Дзяржынску. Па даных выдання Astra, завод з'яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў прамысловых выбуховых рэчываў.
У горадзе Клінцы Бранскай вобласці РФ увечары ў нядзелю, 5 кастрычніка, была атакавана мясцовая цеплавая электрацэнтраль (ЦЭЦ), якая адначасова вырабляе электраэнергію і цяпло. На аб'екце ўспыхнуў пажар, паведаміў шэраг Telegram-каналаў, публікуючы відэа відавочцаў. У Клінцах было адключана ацяпленне, знікла электрычнасць.
Па даных сацсетак, у ноч на 6 кастрычніка ў розных частках акупаванага Крыма раздаваліся выбухі. «Крымскі вецер» паведаміў нібыта пра атаку беспілотнікаў на аэрадром «Сакі». Пасля ў сацсетках з'явіліся паведамленні пра шматлікія выбухі ў Сімферопальскім раёне, пра сірэны трывогі ў вайсковых часцях Севастопаля. Яшчэ пазней паведамлялі пра выбухі ў Еўпаторыі і Феадосіі, а таксама ў раёне аэрадрома «Кача».
Каля дзвюх гадзін ночы ў пабліках паведамілі пра нібыта прылёт па нафтабазе ў Феадосіі, апублікавалі фота пажару на нафтатэрмінале.
* * *

* * *
Расійскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць кітайскія камерцыйныя радары ў звязцы з FPV-перахопнікамі для процідзеяння ўкраінскім дронам. Пра гэта ў нядзелю, 5 кастрычніка, паведаміў партал Мілітарны.
Такія радары былі заўважаныя на ўзбраенні 22-га зенітна-ракетнага палка 11-га армейскага корпуса. Зенітчыкі выкарыстоўвалі партатыўны радар вытворчасці Zhejiang Fanshuang Technology. Гэта прылада даступна ў варыянтах з радыусам дзеяння 5, 10 і 20 км і прадаецца на кітайскіх маркетплейсах. Кошт залежыць ад канфігурацыі і ў самай дарагой складае каля 220–230 тысяч долараў.
«Радар мае "чорныя" і "белыя" спісы, што дазваляе ўносіць уласныя дружалюбныя дроны для паскарэння ідэнтыфікацыі і змяншэння рызыкі дружалюбнага агню», — гаворыцца ў артыкуле. Прыводзяцца таксама запэўніванні вытворцы пра тое, што сістэма здольная дакладна вызначаць дроны ў зоне назірання і арыенціровачнае месцазнаходжанне аператара па траекторыі палёту апарата.
На фотаздымках, якія трапілі ў сеціва, можна ўбачыць перахопленыя дзякуючы РЛС украінскія дроны Лелека-100М2, MiniShark-D, Vector, Heavy Shot, Darts і Distractor.
* * *
Амерыканскія крылатыя ракеты Tomahawk дадуць магчымасць Сілам абароны Украіны аслабіць баявую эфектыўнасць расійскай арміі на фронце, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Украінскія войскі наносяць дальнабойныя ўдары дронамі па большай частцы тэрыторыі РФ, аднак карысныя нагрузкі беспілотнікаў абмежаваныя і не прыдатныя для знішчэння спецыялізаваных аб'ектаў, тлумачаць аналітыкі, і дадаюць, што вырашыць гэтую праблему маглі б амерыканскія дальнабойныя ракеты Tomahawk. У зоне дасяжнасці мадыфікацыі гэтых ракет з далёкасцю паражэння 2500 км знаходзяцца як мінімум 1945 расійскіх ваенных аб'ектаў, а ў зоне дасяжнасці мадыфікацыі з далёкасцю ўдараў 1600 км — як мінімум 1655 аб'ектаў.
Удары ракетамі з большай баявой часткай у глыбіню варожага тылу дазволілі б УСУ істотна пашкодзіць, а магчыма і знішчыць, ключавыя ваенныя аб'екты на тэрыторыі Расіі, падкрэсліваюць ISW. «Такімі аб'ектамі могуць быць завод па вытворчасці дронаў Shahed у Ялабузе, Рэспубліка Татарстан, або авіябаза "Энгельс-2" у Саратаўскай вобласці, адкуль Расія падымае стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі для ўдараў крылатымі ракетамі па Украіне», — гаворыцца ў справаздачы.
Нагадаем, што Дональд Трамп можа прадаць Украіне ракеты Tomahawk, але эксперты лічаць невялікай верагоднасць такога рашэння. Але замест Tomahawk Трамп можа дазволіць Украіне іншую дальнабойную зброю.
* * *
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа заявіла пра падтрымку Кубай расійскага ўварвання ва Украіну.
Штаты мабілізуюць амерыканскіх дыпламатаў для лабіравання супраць рэзалюцыі ААН, якая заклікае зняць з Кубы гандлёвае эмбарга, піша Reuters са спасылкай на ўнутраны службовы дакумент Дзярждэпа ЗША. У рамках кампаніі адміністрацыі амерыканскія дыпламаты будуць паведамляць краінам, што кубінскі ўрад актыўна падтрымлівае развязаную Расіяй вайну супраць Украіны, і што да 5000 кубінцаў ваююць на баку краіны-агрэсара.
«Пасля Паўночнай Карэі Куба з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком замежных войскаў для расійскай агрэсіі, і, паводле ацэнак, 1000-5000 кубінцаў ваююць ва Украіне», – гаворыцца ў тэлеграме ад 2 кастрычніка, накіраванай у дзясяткі амерыканскіх місій.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента адмовіўся даць больш падрабязную інфармацыю пра кубінскіх байцоў, але заявіў, што Вашынгтону вядома пра тое, што яны ваююць разам з расійскімі войскамі ва Украіне.
Галасаванне па рэзалюцыі чакаецца ў сераду, 8 кастрычніка. Рэзалюцыі з заклікам адмяніць эмбарга супраць Кубы прымаюцца Генасамблеяй амаль кожны год з 1992 года, але яны не з'яўляюцца абавязковымі да выканання. У мінулым годзе «за» прагаласавалі 187 краін, «супраць» — толькі ЗША і Ізраіль.