Украіна пратэставала новае пакаленне FPV-дронаў, устойлівае да дзеяння РЭБ
«Дэмілітарызацыя» Пуціна прыводзіць да развіцця новых ваенных тэхналогій, і Украіна мае у гэтым лідарскія пазіцыі. У ЗША заклікаюць узмацніць падтрымку Украіны і разбіраюцца, чаму адміністрацыя Трампа яе тармозіць. А РФ рыхтуецца ваяваць па-старому, і можа пашырыць мабілізацыю. Ідуць 1526-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Кадр з YouTube
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 189 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 штурмаў расіян ў раёнах Новапаўлаўкі, Сафіеўкі, Вольнага, Новааляксандраўкі, Радзінскага, Пакроўску, Грышына, Удачнага, Мураўкі і Новападгароднага.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 29 атак расіян у раёнах Залізнічнага, Гуляйпольскага, Дабраполля, Святапятроўкі, Варвараўкі, Стараўкраінкі, Аленаканстанцінаўкі, Зялёнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку паблізу Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Іванаполля і Плешчыеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося восем боесутыкненняў. На Ліманскім, Славянскім і Аляксандраўскім кірунках ўкраінскія воіны адбілі па шэсць атак арміі РФ на кожным.
* * *
Нягледзячы на завоблачныя страты на фронце, Расія рыхтуе новыя наступальныя аперацыі і пашырэнне мабілізацыі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Па выніках дакладу кіраўніка разведкі Зяленскі адзначыў, што нават самі расіяне прызнаюць няздольнасць выканаць задачу свайго палітычнага кіраўніцтва. «Сілы абароны Украіны забяспечваюць знішчэнне наступальнага патэнцыялу расійскай арміі, прычым паказчык незваротных страт акупантаў ужо каля 60% ад агульных страт», — сказаў украінскі лідар.
Ён дадаў, што палітычнае кіраўніцтва РФ, нягледзячы на завоблачныя страты, плануе далейшыя наступы і рыхтуецца пашырыць мабілізацыю ў РФ. «Адпаведна, задачай Украіны з’яўляецца далейшае павелічэнне працэнта незваротных страт акупантаў, ушчыльненне лініі прымянення дронаў на перадавой і маштабаванне нашых дальнабойных санкцый супраць расійскай вытворчасці зброі і нафтавай галіны», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
* * *
У ноч на 29 красавіка Расія атакавала Украіну 171 ударным БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 154 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
Уночы 29 красавіка дроны атакавалі Шосткінскую грамаду Сумскай вобласці. Ад атручвання чадным газам загінула 60-гадовая жанчына, яшчэ два чалавекі пацярпелі.
У Харкаўскай вобласці ў выніку атак пашкоджаны жылыя дамы ў некалькіх раёнах. Адзін чалавек пацярпеў.
* * *
* * *
Мінабароны Украіны разам з кампаніяй Brave1 пратэставалі новае пакаленне ударных FPV-дронаў. Беспілотнікі паражалі мэты на адлегласці да 25 км нават пад дзеяннем варожага РЭБ, паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў.
У тэстах на палігоне прынялі ўдзел распрацоўкі ад васьмі ўкраінскіх кампаній. Частка беспілотнікаў цалкам выканала ўсе задачы ва ўмовах, якія былі максімальна набліжаны да рэальных баявых.
«Наша задача — максімальна хутка маштабаваць гэтыя тэхналогіі ў арміі і забяспечыць паскораную пастаўку, каб падраздзяленні атрымлівалі эфектыўныя інструменты адразу пасля пацвярджэння выніку», — падкрэсліў Фёдараў.
Фёдараў адзначыў, што, калі дрон даказвае сваю эфектыўнасць у баявых умовах, працэс яго вытворчасці запускаецца імгненна.
* * *
Выданне Politico называе «завуаляваным выклікам» прамову брытанскага караля Чарльза перад амерыканскім Кангрэсам.
Выданне адзначае, што «брытанскія манархі перадаюць свае палітычныя пасланні ў зашыфраванай форме», і згадка пра 11 верасня, якая прагучала з вуснаў Чарльза, заслугоўвае тлумачэнняў. «Адразу пасля падзей 11 верасня, калі НАТА ўпершыню прымяніла артыкул 5… мы разам адгукнуліся на гэты заклік, як гэта робяць нашы народы ўжо больш за стагоддзе, плячо да пляча», — сказаў кароль.
У Politico лічаць, што гэта «мэтанакіраваны адпор Трампу». Бо, насуперак неаднаразовым заявам Трампа, НАТА насамрэч было побач, каб дапамагчы Амерыцы ў яе самы цяжкі час, дадаюць у публікацыі.
Кароль пайшоў яшчэ далей, звязаўшы той момант 2001 года з неабходнасцю захоўваць адзінства Захаду ў падтрымцы Украіны ва ўмовах вайны. «Сёння, — сказаў Чарльз, — тая самая непахісная рашучасць неабходная для абароны Украіны і яе самага смелага народа — каб забяспечыць па-сапраўднаму справядлівы і працяглы мір».
«Гэтая частка прамовы з’яўляецца наўпроставым заклікам да Трампа і рэспубліканцаў у Кангрэсе захаваць падтрымку (Украіны) у процідзеянні расійскаму ўварванню», — піша Politico.
* * *
Сенатар-рэспубліканец Мітч Мак-Конэл раскрытыкаваў Пентагон з-за працяглай затрымкі выкарыстання сродкаў, ужо ўхваленых для дапамогі Украіне. Гаворка ідзе пра 400 мільёнаў долараў, якія Кангрэс зацвердзіў некалькі месяцаў таму, але якія да гэтага часу не былі размеркаваныя.
У сваёй калонцы для The Washington Post Мак-Конэл патлумачыў, што гэтыя грошы прадугледжаны для падтрымкі Украіны ў 2026 годзе і атрымалі шырокую падтрымку ў Кангрэсе. «Дапамога Украіне, якую мы прынялі некалькі месяцаў таму, цяпер проста збірае пыл у Пентагоне», — заявіў сенатар.
На запыты ў абароннае ведамства пра тое, чаму сродкі да гэтага часу не выкарыстоўваюцца, адказаў практычна не паступала, адзначае Мак-Конэл. Ён звязвае гэтую сітуацыю з унутранай палітыкай асобных прадстаўнікоў Пентагона, у прыватнасці намесніка міністра абароны Элбрыджа Колбі. Раней Колбі выступаў за скарачэнне дапамогі Украіне і памяншэнне падтрымкі саюзнікаў па НАТА.
Мак-Конэл падкрэслівае, што падтрымка Украіны — гэта не акт дабрачыннасці, а стратэгічная інвестыцыя для Злучаных Штатаў. Ён адзначыў, што падтрымка ўжо дала станоўчыя вынікі для амерыканскай эканомікі, уключаючы развіццё абароннай прамысловасці і павелічэнне вытворчасці боепрыпасаў. Асобна сенатар звярнуў увагу на важнасць ваеннага вопыту, атрыманага праз аналіз вайны ва Украіне. Гэты вопыт лічыцца крытычна важным для абаронных стратэгій ЗША.
Паводле меркавання сенатара, далейшая затрымка з выкарыстаннем сродкаў аслабляе абароназдольнасць Украіны і адначасова шкодзіць стратэгічным інтарэсам ЗША. «Калі мы хочам заставацца сусветнай звышдзяржавай, мы не павінны дазваляць чыноўнікам падрываць лідарства ЗША», — падвёў вынік ён.