Код продкаў. Што хавала бабуліна легенда
Сямейная легенда пра скрыпача з Варшавы гучала як прыгожы аповед, які немагчыма праверыць. Але архіўныя дакументы паказалі: за ёй стаіць зусім іншая гісторыя — пра шляхецкі род, страчаны статус і доўгую памяць, што захавалася не ў паперах, а ў словах.

Легенда пра скрыпача
Усё пачалося з бабуліных словаў пра чалавека са скрыпкай. У сям’і казалі, што яе прадзед, Ксаверы Какашынскі, быў скрыпачом у пана Есьмана, які нібыта прывёз яго з Варшавы.
Гісторыя гучала так пераканаўча і ўпэўнена, што амаль перастала быць легендай. Але калі за яе ўзяўся я з дапамогай архіваў, высветлілася: праўда ў ёй сапраўды была, толькі не тая, якую памяталі ў сям’і.
За постаццю скрыпача нечакана адкрыўся стары беларускі шляхецкі род, ягонае сацыяльнае падзенне, пераезд на ўсход і доўгая гісторыя памяці, якая ў Беларусі часта працягвае сваё жыццё ў міфах, а не ў дакументах.

Мапа Мінскага ваяводства
З чаго пачынаецца праверка
Праверка сямейных гісторый звычайна пачынаецца з самых простых пытанняў: хто, калі, дзе. І вельмі часта ўжо на гэтым этапе сямейная памяць пачынае супярэчыць сама сабе.
У выпадку з успамінамі бабулі гэта не разбурыла легенду, а, наадварот, адкрыла ў ёй іншы пласт — архіўны, гістарычны і значна больш нечаканы.

Інвентар, 1777 год
Успаміны і першыя дэталі
Бабуля Раіса Галіноўская (па мужу Хадзінская) нарадзілася пад Быхавам, у вёсцы Залеская Слабада, у 1937 годзе.
Гартаючы ў маім дзяцінстве старыя сямейныя фотаздымкі, яна распавядала па некалькі словаў пра кожнага з прысутных на выявах. Дайшоўшы да сваёй бабулі Матроны, яна згадвала тую драбніцу інфармацыі, якую ведала пра яе продкаў.

Слабада (Залеская Слабада), 1872 год.
Як узнікла гісторыя
Паводле сямейнай легенды, бацька Матроны, Ксаверы Какашынскі, даўным-даўно дзівосным чынам быў выбраны ў Варшаве мясцовым быхаўскім панам Есьманам, пакуль той выправіўся па справах.
Пасля яго прывезлі з сабой, паставілі кіраваць аркестрам (альбо ў іншых варыяцыях легенды — толькі скрыпачом) дзеля асалоды пана.
Такім чынам гэтая гісторыя жыла побач са мной доўгія гады — ажно пакуль я не заняўся пошукам дакументаў.

Мапа Магілёўскай губерні
Архіў вядзе далей
Аднак калі захацелася зразумець, кім ён быў насамрэч, высветлілася, што самае цікавае ў гэтай гісторыі пачынаецца не ў Варшаве і нават не ў Быхаве.
Архіўны след павёў значна далей — у канец XVIII стагоддзя, пад Менск, у Каралішчавічы, дзе ў 1798 годзе ў дакументах касцёла з’явіўся першы гістарычна вядомы прадстаўнік роду, Марцін Какашынскі.

Каралішчавічы, 1914 год
Першыя дакументальныя сведчанні
11 красавіка 1798 года Марцін узяў шлюб з Кларай Урбан у мясцовым касцёле. Праз некалькі гадоў там жа нарадзіўся іх сын Ян, і ў метрыцы ён ужо быў пазначаны як сын «шляхетных законных бацькоў» — nobilium legitimorum.
Для сямейнай гісторыі гэта быў паварот, які змяняў усё. Бо легенда пра скрыпача ў пана аказалася толькі верхнім, познім пластом памяці.
Пад ім хаваўся значна больш старажытны сюжэт: Какашынскія былі не прывезенымі звонку музыкамі, а беларускім шляхецкім родам, чыя гісторыя прасочваецца ў стагоддзях.
Як губляўся статус
Але разам з гэтым архіў паказаў і нешта іншае: як хутка ў беларускіх землях магла абваліцца сацыяльная гісторыя нават у межах адной сям’і.
Калі Марцін у дакументах яшчэ пазначаўся шляхцічам, дык ягоны сын Ян пазней ужо праходзіць як «той, хто вольна жыве», а ўнук Юзэф — як «вольны хлебапашац» і пазней аднадворац.
Да канца XIX стагоддзя, калі жыў Ксаверы Юзэфавіч Какашынскі, у метрыцы пра шлюб ён ужо фігураваў як селянін.
За сто гадоў адбыўся шлях ад шляхты да сялянства.

Спіс душ Быхаўскага графства 29 мая 1826 года па рэвізіі 1816 года
Чаму гэта адбывалася
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расейская ўлада пачала так званы разбор шляхты. Кожны, хто лічыў сябе шляхцічам, мусіў пацвердзіць свае правы дакументальна. Для многіх гэта было амаль немагчыма, бо сямейныя архівы губляліся, старыя акты знікалі, а сама новая ўлада была зацікаўленая не ў пацверджанні статусу, а ў ягоным скасаванні.
На тэрыторыі Беларусі шмат каго, хто не даказаў шляхецтва, паводле закону 1831 года залічвалі ў стан аднадворцаў. Яны плацілі падаткі, падлягалі рэкруцкай павіннасці і часта не мелі сваёй зямлі.
У 1868 годзе і гэтая катэгорыя была ліквідаваная, і аднадворцаў перавялі ў сельскія ці гарадскія грамады.
На гэтым фоне становіцца зразумела, як у сямейнай легендзе пра «скрыпача ў пана» захаваўся не толькі вобраз чалавека, але і доўгі паслясмак страчанага стану.
Пераезды і страты
Ужо ў гісторыі Яна, сына Марціна, бачна, як хутка ўсё магло абрынуцца. Ён паспеў ажаніцца, страціць бацькоў, сам памерці маладым, а ягоны сын Юзэф застаўся амаль без апоры.
У споведных спісах 1835 года маленькі Юзэф Какашынскі ўжо жыве не з бацькамі, а ў доме сваякоў, побач з бабуляй Янай са Станкевічаў.
А далей адбываецца тое, што дакументы пакуль не тлумачаць да канца. У бліжэйшыя некалькі гадоў ён разам з родзічамі пераязджае з Ігуменскага павета ў Быхаўскі.
У 1857 годзе ён бярэ шлюб са шляхетнай Ганнай Грынкевіч з ваколіцы Сапагі ў Журавіцкім касцёле.

Род, які працягваецца
І, паводле знойдзеных метрык, у 1867 годзе ў гэтай пары нараджаецца Ксаверы. Ягонай жонкай стала Марыяна Драбышэўская.
У іх было прынамсі сямёра дзяцей: Матрона, Люкарда, Тэрэза, Юлія, Альберт, Марыля і Юзэф.

Казакоў Фама Васільевіч і Какашынская Матрона Ксавер'еўна разам з некаторымі з іх дзяцей
Сямейная гісторыя перастае быць толькі гісторыяй пра аднаго продка. Яна набывае абрысы цэлага роду — з разгалінаваннямі, жаночымі лініямі, нашчадкамі, якія будуць жыць далей ужо ў ХХ і ХХІ стагоддзях.
Апошнія сведчанні
Апошняе дакументальнае сведчанне пра яго сягае ў 1925 год. Тады Ксаверы Какашынскі жыве ў вёсцы Залеская Слабада ля Быхава.
Спіс хатніх гаспадарак фіксуе сям’ю ў дзесяць чалавек: двое з іх былі пісьменныя, трое адсутнічалі больш за месяц, а ў гаспадарцы мелася адна карова.
Як легенда адкрывае гісторыю
Пасля словаў бабулі гісторыя пачала раскручвацца далей. Бо часта нам здаецца, што сямейная легенда — гэта нейкі тупік, прыгожы аповед, які немагчыма праверыць. Але ў выпадку Какашынскіх адбылося наадварот.
Ад аднаго сказу пра «скрыпача ў пана Есьмана» адкрылася цэлая генеалагічная лінія: дзясяткі імёнаў, шлюбныя і хросныя запісы, рух паміж паветамі, змена статусаў і нават новыя, значна больш драматычныя гісторыі ўжо ў ХХ стагоддзі.
Сямейная памяць тут спрацавала як першая падказка.
Ад гісторыі — да рэпрэсій
У далейшым пошуку выявіліся і прадстаўнікі роду, якія трапілі пад камуністычныя рэпрэсіі. Адной з такіх постацяў стала Марыля Ксавер’еўна Какашынская, дачка таго самага Ксаверыя.

Марыля Ксавер’еўна Какашынская
Паводле сабраных звестак, яна жыла ў Магілёве і Гародні, працавала ў медычнай сферы, была арыштаваная ў снежні 1944 года па абвінавачанні ў «здрадзе радзіме», а потым вызваленая і рэабілітаваная ўжо ў 1945-м.
Аднак далейшы яе лёс застаўся цмяным.
Пачынаеш з бабулінага аповеду пра скрыпача, а ўрэшце выходзіш на гісторыю савецкага тэрору.
Што застаецца ў памяці
Сямейная памяць у Беларусі часта абрываецца, маскуецца або міфалагізуецца. І сапраўды, калі адна сям’я на працягу стагоддзяў праходзіць праз безліч выпрабаванняў, наўпроставая, спакойная і поўная гісторыя пра сябе робіцца амаль раскошай.
Замест яе застаюцца сымбалі. І ў гэтым можна паспрабаваць разабрацца.

Залеская Слабада, могілкі
Калі гісторыя вяртаецца
Ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адна дэталь — вельмі сымбалічная.
Першы вядомы продак роду, Марцін Какашынскі, браў шлюб у Каралішчавіцкім касцёле каля Новага Двара пад Менскам. А праз амаль паўтара стагоддзя ў Новым Двары нарадзіўся і жыў Анатоль Хадзінскі, мой дзед і, адпаведна, муж маёй бабулі.
Такім чынам праз яе род Какашынскіх нібы вярнуўся на гістарычную радзіму.

Раіса і Анатоль Хадзінскія, бабуля і дзед аўтара. Фота з сямейнага архіва
*****
Гэта першы матэрыял у праекце «Код продкаў» — серыі тэкстаў пра тое, як праз сямейныя гісторыі можна разабрацца ў ўласным паходжанні. У кожным з іх аўтар праходзіць адзін з шляхоў пошуку — працуе з архівамі, дакументамі, прозвішчамі і іншымі крыніцамі — і паступова збірае гісторыю роду з асобных фрагментаў.
Па гэтых гісторыях відаць, як прыватныя сямейныя ўспаміны звязаныя з канкрэтнымі падзеямі і зменамі, праз якія праходзіла Беларусь.








