Чарнобыльскі шлях — 1996: успаміны ўдзельнікаў

26 красавіка 1996 года ў Менску дзясяткі тысяч людзей выйшлі на Чарнобыльскі шлях. Гэты тэкст — жывое сведчаньне тых падзей: пра надзею і страх, пра гвалт і салідарнасьць, пра тое, як адзін дзень можа застацца з табой на ўсё жыццё.

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Шлях на плошчу

Мы з сынам Алесем сьпяшаліся. З працы мне трэба было спачатку дахаты, а потым ужо разам праз увесь Партызанскі праспэкт — да чыгуначнага вакзалу і далей на мэтро да станцыі «Кастрычніцкая». Калі выйшлі на прастору плошчы — на сэрцы зайграла ад відовішча шматлікіх бел-чырвона-белых сьцягоў, што луналі ў паветры, лёзунгаў, харугваў. Ну што ні кажыце, але наш — самы прыгожы ў сьвеце.

— Тата, чаму так хочацца заплакаць?

Паглядзеў на хлапца — і ў самога вільгаць у вачах… Як проста зрабіць дзень сьвяточным.

Мора людзей і сьцяна АМАПу

Асноўная калёна фармавалася недзе ля Акадэміі навук. Людзі з Захаду, Паўднёвага Захаду зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы ля палаца Белсаўпрофу, каб потым уз’яднацца на праспэкце Скарыны. Чуваць было размовы, што Пазьняка ў Менску няма і, напэўна, мерапрыемства адбудзецца без яго. Шкада. На мітынгі ішлі, каб паслухаць яго жывую мову. Больш палымянага і натхнёнага прамоўцы я ня ведаў. Падышлі бліжэй да палаца, каб зьверху паглядзець, што робіцца на праспэкце ў бок вуліцы Янкі Купалы. Бачна да будынку цырку і нават да плошчы Перамогі. Матухна родная… Уся прастора галоўнай магістралі ад помніка і да вуліцы Янкі Купалы запоўненая дзясяткамі тысячаў людзей са сьцягамі і транспарантамі. Мора людзкое. І… разбівалася яно аб скалу АМАПу. Адразу за вуліцаю Янкі Купалы праспэкт быў перагароджаны аўтобусамі. Далей — пустая прастора мэтраў трыццаць. І яшчэ далей — у некалькі шарэнгаў шэра-зялёная сьцяна ўнутраных войскаў. Было відавочна: сабраліся не для фармальнасьці. Далей не прапусьцяць.

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

«Пазьняк з намі»

Пасьля кароткага супрацьстаяньня калёна павярнула на вуліцу Янкі Купалы і рушыла ў напрамку вуліцы Максіма Багдановіча. Калі тысячы людзей з Кастрычніцкай плошчы пачалі ўлівацца ў калёну. Раптам данеслася:

— Хлопцы, Пазьняк!.. Зянон Пазьняк з намі!

Людзкую масу нібы токам пранізала.

— Дзе? Дзе Пазьняк?

Ён зьявіўся літаральна ў некалькіх мэтрах ад нас. Маладыя хлапцы, узяўшыся за рукі, утварылі жывое кола вакол яго. Я выхапіў свой «Кодак», і трымаючы камеру на ўзьнятых уверх руках пачаў здымаць. Некалькі чалавек паднялі яго над людзьмі. Ягоная хударлявая постаць, спакойны твар, высокі лоб…

«Апостал. Апостал нацыі…». І сам здрыгануўся ад нечакана ўзгаданага выказваньня Васіля Быкава.

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Камяні, шчыты і першы выбух гвалту

Уздоўж тратуараў машыны з вайскоўцамі. Спрабаваў прыўзьняць брызент ззаду аднаго з аутафургонаў. Сьцяна металічных шчытоў. Забарыкадаваліся.

З калёны заклікаюць: ''Хлопцы, вылазьце і йдзёмце з намі...'' Нярухома-маўклівы метал шчытоў...

Дэманстрацыя вылівалася налева на вуліцу Максіма Багдановіча. Пад мастом ля Дому мадэляў ізноў бар'ер з металічных шчытоў. Трэба заварочваць направа да Палацу спорту.

І тут пачулася лязганьне чагосьці па металу. То хлопцы пачалі закідваць каменьнем міліцыянтаў, што стаялі металічнаю сьцяною пад мастом над Нямігаю. Хадыка, кіруючы рэдкім ланцужком дружыньнікаў БНФ, спрабаваў спыніць маладзёнаў, ня праваkаваць АМАП на контратаку. Марна. Каменьне працягвала ляцець у бок людзей у шлемах са  шчытамі.

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

«Слава Ўкраіне!» — «Провалыся Москва!»

Калёна ўсё ж пачала павольна паварочваць на паркавую магістраль, падпарадковаючыся арганізатарам шэсьця. І раптам шматгалосыя крыкі дзесьці з сярэдзіны калёны прыцягнулі нашую ўвагу. Мы азірнуліся ...

Карціна ўбачанага ўражвала. Некалькі сотняў чалавек аддзяліўшыся ад асноўнае масы дэманстрантаў раптоўна кінуліся па зялёнаму ўзгорку правей Сьвятадухава храма ў напрамку Верхняга гораду. Над галовамі рэялі шматлікія чырвона-чорныя сьцягі. Ізноў УНА-УНСО! Відовішча найноўшае гісторыі...

Гэтых украінскіх хлапцоў мне ўжо даводзілася бачыць у Менску. Аднойчы мы ішлі на мітынг-сустрэчу з кандыдатам у народныя дэпутаты Будзінасам, які павінен быў адбыцца ля будынку штабу БВА. Па дарозе дагналі гурт з 7–10 маладзёнаў з чырвона-чорнымі сьцягамі. Адзін з іх крыху прастуджаным голасам раз за разам выкрыкваў: «Слава Ўкраіне!», а астатнія кожны раз хорам адказвалі: «Провалыся Москва!»

На гэты раз украінцаў і тых, каго яны павялі за сабою, ужо чакалі. Густыя ланцугі амапаўцаў са шчытамі і дубінкамі, што нечакана зьявіліся з боку вуліцы Леніна, пайшлі ў контратаку. Іх сустрэў град каменьня — такі густы, што іхнае руханьне запаволілася. А ўкраінцы са сьцягамі несьліся наперад, нібы шалёныя, нікога не баючыся. І раптам адкуль ні вазьміся зьявіліся людзі ў пятністай уніформе з аўчаркамі на доўгіх павадках. Ня чакаўшы такога павароту, маладзёны спачатку спыніліся, а потым гэтак жа шпарка кінуліся наўцёкі. Нешта іррэальнае, фантасмагарычнае адбывалася на нашых вачах. Старажытны Рым: легіянеры са шчытамі ў дзьве траціны чалавечага росту, шлемы, цкаваньне хрысьціянаў зьвярамі…

Мітынг і пастка

Мітынг ля палацу спорту. Ясная, даходлівая, натхнёная прамова Зянона Пазьняка. Сказаў усё, што трэба было сказаць і што хацелі пачуць людзі. Уразіла цішыня шматтысячнае грамады, у якую апускаліся ягоныя ўпэўненыя, узважаныя словы.

З мітынгу разыходзіліся, ня адчуваючы небясьпекі. Рухаліся па Паркавай магістралі ў напрамку ГУМу.

Міналі Дом мадэляў. З абодвух бакоў — міліцыянты са шчытамі. У ачапленьні зусім яшчэ маладыя хлапчукі. За імі нэрвова хадзілі афіцэры і, лаючыся, аддавалі загады:

— Ня падымаць галовы! Ня размаўляць!

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

«Зараз нешта будзе»

Я падышоў да аднаго, што ў ачапленьні. Твар яго быў бачны праз адтуліны ў шчыце.

— Хлопчыку, колькі табе гадоў? Чаму ты тут?

Той ад нечаканасьці ўзьняў галаву. Божа мой — зусім яшчэ дзіця. Я, як трымаў «Кодак», так і пстрыкнуў. Успышка прыцягнула ўвагу афіцэра — той, вылаяўшыся, рушыў у наш бок. Мы адбеглі.

 Пакуль яшчэ нікога не чапалі. Падымаліся па прыступках уздоўж будынку праектнага інстытуту. Падняў вочы — і анямеў: наверсе нас чакала такая ж сьцяна шчытоў. Пастку захлопнулі. Мы ўпершыню па-сапраўднаму спужаліся. Людзі вакол таксама спыніліся, разгублена глядзелі адзін на аднаго. Было ясна: зараз нешта будзе. Раптам па чыёмусь загаду сьцяна наверсе разышлася. Людзі інстынктыўна кінуліся наперад — да праспэкту. Там здавалася больш бясьпечна.

Хапун і затрыманьне

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Да надыходу цемры хапалі тых, хто нёс сьцягі, транспаранты, чорныя палотны з назвамі пацярпелых раёнаў. Як сьцямнела, пачаўся агульны хапун. За слова, за позірк. Сталага мужчыну груба цягнулі ўніз па прыступках у падземны пераход. Насупраць ГУМу стаялі аўтобусы — у іх запіхвалі, уцягвалі, проста закідвалі людзей. Ня верылася, што свае ж, беларусы, могуць так абыходзіцца са сваімі суродзічамі. Мінакі спыняліся, саромелі іх. У адказ — хапалі ўжо і іх.

Зьвярнуўся да аднаго капітана:

— За што вы іх хапаеце?

— Ідзі дахаты.

— Я дома. Гэта вам лепш у казармы.

— Ты таксама хочаш у аўтобус?

 І тут жа загадаў схапіць нас з сынам.

Перасьлед

Мы кінуліся бегчы да «Лакамкі», потым да Цэнтральнай кніжнай крамы. Здавалася, адчапіліся. Мы ня ведалі, што нас ужо «вядуць» па радыё. Рушылі да паштамту, каб праз Валадарскага дайсьці да вуліцы Ленінградская і сесьці на тралейбус №3. На рагу — натоўпы людзей, «ўазікі» стаяць «ялінкай», у іх запіхваюць затрыманых. Спыніліся на сьветлафоры. На наш бок перайшоў паўнаваты лысы мужчына ў цывільным з рацыяй, у суправаджэньні міліцыянтаў. Яго позірк хадзіў па людзях, як пражэктар.

— Гэтых… гэтых… і гэтых…

З рацыі даносіцца:

— Двое. Разам. Адзін у блакітнай куртцы.

Я аж зьнямеў. Гэта ж пра нас. І тут нашыя позіркі сустрэліся. Лысы зірнуў на сына, на блакітную куртку — і рэзка:

— Узяць і гэтых. Абодвух.

 Яшчэ імгненьне — і нас, падхапіўшы пад рукі, пацягнулі да «ўазікаў». Каля машын — валтузьня. Мы схапіліся адзін за аднаго, каб не разьядналі. Я спрабаваў дамовіцца адпусьціць сына. Маўляў, малы, назаўтра школа. Пасьля некалькіх просьбаў адзін у званьні капітана недаверліва паглядзеў на нас і загадаў адпусьціць яго. Мы стаялі сьціснутыя з усіх бакоў, і ў гэтай мітусьні мне ўдалося незаўважна перадаць яму пластыкавую торбу — там быў «Кодак» з амаль поўнасьцю адзьнятай плёнкай і дзёньнік. Мяне ўпіхнулі ў задняе аддзяленьне «ўазіка» і замкнулі дзьверы. Праз некалькі хвілін у першы адсек заштурхнулі некалькіх маладзёнаў. Адзін — зусім хлапчук, гадоў 14–15 — пачаў прасіць, каб яго адпусьцілі. Зноў бразнулі дзьверы. Дадаўся яшчэ адзін мужчына, гадоў пяцьдзясят. Спакойна сказаў, што супраціву не аказвае і ўвойдзе сам. Дзверы зачыніліся.

Пазнаёміліся. Мужчына даў сваю візітку: Дзюба Ўладзімір Барысавіч, галоўны рэдактар радыёканала «Радыё-2» нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

РАУС, суд і пасьля

Думкі пра сына не адпускалі. Ці дабярэцца дадому. Ці не зачапяць ізноў. У горадзе — амапаўскія «касталомы». Нарэшце — рух. Мы паехалі. Цэнтральны РАУС быў непадалёк. Хутка нас выгрузілі з «ўазіка» і павялі ўнутр. Пакой нагадваў школьную клясу. Затрыманых , як потым палічыў, васьмнаццаць чалавек. Міліцыянты запаўнялі паперы, часам пісалі проста на сьценах. Нявысокі тлусты маёр прыстаў да студэнта:

— Гэта я ў цябе манціроўку забраў? Твар знаёмы.

— Не, не ў мяне…

— Пакажы кішэні! Я б цябе інвалідам зрабіў…

Лаянка. Падышла наша чарга. Запыталі прозьвішча, імя, імя па бацьку. Праверка па тэлефоне. Усё супала. Тое ж самае — з Дзюбам.

Пасьля нашыя імёны ўпісвалі ў тыя ж самыя аркушы папераў, што пісалі на сьценах.

На пытаньне, што гэта за дакумэнты, адказу не было. Толькі адзін кінуў:

— Хутка даведаецеся.

Потым нас з Дзюбам паклікалі ў асобны пакой. Зайшоў малады чалавек у цывільным. Паведаміў, што з РАУС Цэнтральнага раёну паступілі заявы: мы нібыта парушалі грамадзкі парадак.

Першым разглядалі мяне. Абвінавачаньне: брудная лаянка, хапаньне за форму, ігнараваньне заўваг.

Я запытаўся пра сьведак. Ён паказаў паперу — паказаньні двух афіцэраў.

І я адразу зразумеў, як гэта працавала: загадзя падрыхтаваныя шаблёны, куды проста ўпісвалі прозьвішчы.

Нахабная канвэерная фабрыкацыя.

— Было гэта? — спыталі.

— Было. Але ўсё наадварот. Гэта мяне супрацоўнікі міліцыі хапалі за адзеньне, цягнулі, лаяліся.

— Падпішаце?

— Падпішу, але з заўвагай.

Я запісаў у нізе аркуша паперы сваю вэрсію і падпісаў. Дзюбу абвінавацілі яшчэ і ў тым, што ён нібыта зьбіваў супрацоўнікаў МУС. Пасьля гэтага нас адпусьцілі, папярэдзіўшы, што справа пойдзе ў суд. З вулічнага аўтамата я адразу патэлефанаваў дадому. Жонка сказала, што сына няма. Як няма?! І ўнутры ўсё абарвалася. Я проста сеў на асфальт.

Праз колькі гадзін позна ўвечары я вярнуўся дадому. Сын ужо прыбыў. Ён маўкліва ляжаў на ложку і амаль не адказваў на пытаньні. Стан быў цяжкі — і псыхалягічна, і фізічна. Балела сьпіна. Ён сказаў, што яго біў гумовым дручком міліцыянт, і што на наступны дзень ён ня зможа пайсьці ў школу. Больш у той вечар мы яго не распытвалі.

На наступны дзень ён сам расказаў, што адбылося пасьля таго, як яго адпусьцілі на рагу Валадарскага і праспэкта Скарыны, ля гатэлю «Менск». Ён перайшоў праспэкт, спусьціўся да вуліцы Ленінградскай, дзе хацеў сесьці на тралейбус №3. Але на тым баку яго зноў пазналі. Міліцыянты, якія ўжо шукалі хлопца ў блакітнай куртцы, кінуліся за ім. Ён уцякаў, увесь час азіраючыся. Спатыкнуўся і ўпаў. Міліцыянт падбег і пачаў біць яго ляжачага дручком. Людзі вакол спачатку моўчкі назіралі. Потым адная з жанчын заступілася — казала, што хлопец малы, што ён нічога ня зрабіў. На момант гэта нібыта спыніла нападніка, адцягнула ягоную ўвагу. Сын скарыстаў момант, падняўся і наўцёкі. Яго зноў пачалі перасьледаваць. Ён змог прашмыгнуць у натоўп на прыпынку і сесьці ў тралейбус. Там ён быў у стане моцнага страху. Баяўся ўсіх у вуніформе. Зьняў блакітную куртку, схаваў яе. Потым схаваўся пад сядзеньне і доўга не вылазіў. Калі тралейбус заехаў у парк, кіроўца знайшоў яго і дапамог вярнуцца — сказаў, на які тралейбус сесьці, каб даехаць дадому. На наступны дзень у школу ён пайсьці ня змог. Балела сьпіна, асабліва ў вобласьці паясніцы. Сядзець было цяжка — ён еў стоячы, мог толькі стаяць або ляжаць ня згінаючыся. Казаў, што страх як быццам аддае ў ногі.

Глядзіце таксама

Праз некаторы час, у траўні, я атрымаў павестку ў суд. 11 чэрвеня паседжаньне.

Прысутнічалі судзьдзя Павал Іванавіч Коршунаў, сакратарка і я. Зачыталі заяву з міліцыі: парушэньне грамадзкага парадку. Мяне спыталі, ці прызнаю.

Я адказаў, што гэта няпраўда, што нічога з гэтага не было, грамадзкі парадак не парушаў. Судзьдзя, не падымаючы вачэй, сказаў:

— На першы раз вы папярэджаны.

Я перапытаў:

— За што папярэджаны?

Суддзя апусьціўшы галаву прамаўчаў.

24 чэрвеня мяне выклікалі ў пракуратуру Заводзкага раёну. Сьледчы Паско Сяргей Міраслававіч паведаміў, што ў пракуратуру перададзены сьпісы затрыманых 26 красавіка 1996 году і што ўзбуджаная крымінальная справа па факце арганізацыі мітынгаў. Мяне выклікалі як сьведку. Пыталіся, ці ёсьць у мяне прэтэнзіі да супрацоўнікаў МУС. Я адказаў, што прэтэнзіяў ня маю.

Пазьней мяне выклікалі яшчэ раз і паведамілі, што вядзецца праверка дзеяньняў супрацоўнікаў МУС, і што могуць спатрэбіцца дадатковыя паказаньні.

Я зразумеў, што гэта можа быць унутраная гульня структур, і што мяне хочуць выкарыстаць як сьведку супраць аднаго з бакоў.

Я адмовіўся даваць паказаньні. Сказаў, што нічога дадаць ня маю.

Інцыдэнт з КДБ

31 ліпеня 1996 каля поўдня я рухаўся на сваім самаходзе па Партызанскім праспэкце.

Непадалёк ад унівэрмагу «Беларусь» мяне абагнаў джып «Mitsubishi» з нумарам 2668 КЕ, рэзка падсёкчы зьлева, пачаў тармазіць перад мной.

Я спрабаваў аб’ехаць яго, але ён паўтараў манэўры, зьніжаючы хуткасьць да мінімуму. Урэшце я спыніўся.

З машыны выйшаў высокі мужчына і з пагрозамі накінуўся на мяне:

— Цябе што, навучыць езьдзіць?

Потым ён дастаў пасьведчаньне ў пластыкавым пакеце. Праз плёнку я прачытаў: «Рэспубліка Беларусь. Камітэт дзяржаўнае бясьпекі». Калі ён хаваў яго назад, я ўбачыў пад жакеткаю пісталет у кабуры. Пасьля гэтага ён паспрабаваў стукнуць мяне кулаком па твары. Удар прыйшоўся па сківіцы ўскось, бо я пасьпеў крыху адхіліцца. У гэты час кіроўца аўта стаяў побач, трымаючы правую руку ў кішэні, і маўчаў.  Яны яшчэ нешта сказалі, пагразілі і вярнуліся ў машыну.

Было зразумела, што гэтая сцэна не выпадковая.

Алесь Кот

«Мы ўсе разумелі, што адбываецца»

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

На занятках у той дзень сядзець было немагчыма. Словы выкладчыкаў расплываліся, гублялі сэнс, нібыта гаворка ішла не пра права, а пра нешта цалкам адарванае ад рэчаіснасьці. Мы ўсе ведалі, што адбываецца ў горадзе — пра гэта яшчэ ўчора гаварылі дома, за вячэрай. Бацькі абмяркоўвалі будучае шэсьце, «Чарнобыльскі шлях», гаварылі ціха, але з тым асаблівым напружаньнем, якое ні з чым не пераблытаеш.

І вось мы сядзім на лекцыі па канстытуцыйным праве. Канстытуцыйным! У краіне, дзе гэтае права ўжо тады было вывернутае навыварат. Слухаць гэта здавалася амаль крывадушшам — быццам мы робім выгляд, што ўсё нармальна. Мы пераглянуліся. Рашэньне было відавочным. Зьліняць з заняткаў.

Наш інстытут знаходзіўся ў будынку Ін'Язу на плошчы Перамогі, і мы паспрабавалі ціха, незаўважна выслізнуць з будынку. Але ўжо на выхадзе літаральна сутыкнуліся з намесьнікам дэкана — Уладзімірам Нікіцічам.

Ён паглядзеў на нас і адразу ўсё зразумеў:

— Вы гэта куды?

Нас было пяць чалавек. Плюс яшчэ трое чакалі ў двары інстытуту. Відавочна, што не ў прыбіральню.

— Уладзімір Нікіціч… Ну вы ж разумееце. Там жа цяпер адбываецца... Гісторыя...

Ён вытрымаў паўзу, паглядзеў на нас — ужо не строга, а амаль па-змоўніцку.

— Ладна. Я вас ня бачыў.

І гэтым ён нібыта не проста нас адпусьціў — ён адкрыў нам дарогу туды, дзе ўсё сапраўды адбывалася. Мы выбеглі на вуліцу, спусьціліся ў мэтро, даехалі да Акадэміі навук і выйшлі чакаць калёну. Хацелася ўліцца ў пачатак — ісьці ў хвасьце здавалася бессэнсоўным.

Першыя хвіліны шляху

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Здалёк, ад парку Чалюскінцаў, ужо цягнуліся людзі. Над натоўпам калыхаліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Ішоў гул — шматгалосы, жывы. Выкрыкі каціліся хвалямі. Мы чакалі свайго моманту. Дзень быў сонечны, цёплы. Усё вакол здавалася лёгкім, амаль сьвяточным. Мы стаялі сярод незнаёмых людзей і адчувалі іх як сваіх. Мы былі акрыленыя. Нават абцасы, у якіх я прыйшла, не бянтэжылі.

Калі калёна падышла, мы далучыліся амаль у самым пачатку і пайшлі разам з усімі — шчыльнай, жывой ракой. Ад Акадэміі навук да плошчы Якуба Коласа прайшлі на гэтым узьлёце, амаль не адчуваючы стомы. І там упершыню ўбачылі міліцыю. Заслон — ланцуг людзей у форме, са шчытамі і дручкамі. І супраць іх натоўп. Тысячы людзей. Гэты націск было немагчыма спыніць. Міліцыянтаў пачалі цясьніць, літаральна ўціскаць у сьцены дамоў. Яны адступалі, ня ведаючы, што рабіць — па тварах было бачна: не чакалі такое рашучасьці ад грамадзянскіх людзей.

Калі мы праходзілі міма «Лянка», нехта крыкнуў:

— Фашысты!

Натоўп падхапіў. А потым іншы голас, ужо з іроніяй:

— Ды якія фашысты… Лукашысты!

І раптам — сьмех, што пракаціўся па ўсёй калёне. І слова замацавалася. Лукашысты.

Міліцыянты у касках, са шчытамі, стаялі ўздоўж дамоў, прыціснутыя натоўпам,  і выглядалі разгубленымі. Мы пайшлі далей — з адчуваньнем дзіўнай, амаль лёгкай перамогі. Калі падыходзілі да плошчы Перамогі, вырашылі абыйсьці стэлу справа. І раптам я адчула, як нехта крануў мяне за плячо. Я абярнулася.

Гэта быў мой дзядзька з Акадэміі навук. Яшчэ ўчора мама казала, што ён, хутчэй за ўсё, пойдзе на мітынг. Перажывала. І менавіта гэтая размова мяне і падштурхнула — пайсьці.

Ён паглядзеў на мяне крыху вінавата:

— Ты мяне ня бачыла. І я цябе ня бачыў.

Мы, усьміхнуўшыся, кіўнулі адзін аднаму. Літаральна з першага тэлефоннага аўтамата я дазванілала дахаты:

— Мам, я на мітынгу! І я дзядзьку сустрэла!

Мама спакойна адказала:

— Так, ён толькі што званіў. Сказаў, што сустрэўся з табой.

Мы, два «канспіратары», здалі адзін аднаго імгненна...

Пералом каля цырку

185_b_2.jpg

Калі падыходзілі бліжэй да цырку, усё зьмянілася. Спачатку мы не зразумелі, што адбываецца, а потым убачылі новы заслон. І гэта былі ўжо не тыя міліцыянты, што раней. Гэтыя стаялі жорстка, сабрана. Рух запаволіўся, людзі губляліся, ня ведалі, што рабіць. Стала ясна: на гэты раз проста натоўпам іх не ўзяць. Мы стаялі амаль каля самага ланцуга міліцыянтаў, шукалі вачыма хоць кагосьці, хто скажа, што рабіць далей. Але ў той момант мы ўжо амаль не думалі. Калі б нехта крыкнуў «на барыкады» — мы б пайшлі. Хаця ўся наша «зброя» — тоненькая кніжка па канстытуцыйным праве ў сумцы.

І раптам я заўважыла людзей, што стаялі колам, трымаючыся за рукі. Унутры стаяў чалавек. Вакол ужо фармавалася другое кола.

— Пазьняк… Ребята, гэта Пазьняк!

Я схапіла сваіх:

— Пайшлі! Трэцім колам станем!

Мы пабеглі ў той бок. Але не пасьпелі.

Пачуўся голас:

— Да Палацу спорту! Згортвайце на Янкі Купалы!

І натоўп разгарнуўся, пацёк з праспэкту ўправа. І менавіта ў гэты момант, калі мы павярнулі на Янкі Купалы, у паток пачалі ўлівацца людзі, што чакалі каля палацу Прафсаюзаў. Яны сыходзілі да нас праз праход паміж музэем вайны і палацам. Іх станавілася ўсё больш, шчыльнасьць павялічвалася. Хтосьці побач увесь час шчоўкаў фотаапаратам, трымаючы яго на выцягнутых у гару руках. Здымаў, амаль не апускаючы камэру, нібыта таксама адчуваў — гэта гісторыя, і яе трэба зафіксаваць. Мы спрабавалі трымацца бліжэй, але паток быў мацнейшы. Звярнулі налева на Максіма Багдановіча.

Мітынг і дарога дадому

Да Нямігі мы дайшлі без прыгодаў. Направа на Паркавую магістраль. На прыступках Палацу спорту ўжо зьбіраўся мітынг. У гэтай мітусьні мы пачалі губляцца. Нас было восем — стала меней.

Але гэта ўжо ня мела значэньня. Мы прабіраліся бліжэй да выступоўцаў. Гэта быў наш першы мітынг. Гісторыя — не ў падручніку, а перад вачыма. Мне здавалася, што другога такога шанцу можа не быць. Я ўлоўлівала кожнае слова, кожны жэст. Сонца садзілася, асьвятляючы сцэну, твары, сьцягі. Блакітнае неба, бел-чырвона-белыя палотнішчы, галасы, воклічы. Гэта было моцна. Калі мітынг скончыўся, натоўп пачаў разыходзіцца. Большасьць пайшла да станцыі мэтро «Няміга». Да таго моманту нас засталося двое. Мы з Валодзькам стаялі і глядзелі на гэтую раку людзей. Было зразумела — у падземным пераходзе будзе цісканіна. Не хацелася туды. Ён паглядзеў на мяне:

— Дойдзеш пешшу?

— Канечне.

І мы пайшлі. Далёка. Па Максіма Багдановіча, да Бангалору, да універсаму «Рыга», далей. Ішлі доўга. І размаўлялі. Пра ўсё. Пра выкладчыкаў, пра Пазьняка, пра тое, які гэта быў дзень. Якая энэргія. Які вайб. Мы ўжо тады вырашылі — будзем хадзіць яшчэ. Дадому дайшлі за поўнач. Мама адчыніла дзьверы. Валодзька адрапартаваў:

— Здаю з рук у рукі.

І пайшоў. Мама маўкліва паказала на тэлефон:

— Сама адказвай на званкі.

А той разрываўся бяз супынку. Гэта спрабавалі датэлефанавацца хлопцы. Каб даведацца, што я ў парадку.

«Мы прапусьцілі самае жорсткае»

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Чарнобыльскі шлях-1996. Фота vytoki.net

Пакуль ішлі дадому, мы прапусьцілі самае жорсткае. Як бралі людзей. На Нямізе. Каля ГУМу. Усюды. Хапун. Мы проста прайшлі міма. А іншых — затрымоўвалі. Некаторыя ўжо вырашылі, што мяне таксама ўзялі. І, ведаючы мой характар, былі ўпэўненыя — я там адна з першых. Праз колькісь дзён казалі, што 26-га затрымалі блізу 250 чалавек.

Да гадзіны ночы я адказвала на званкі, распавядаючы, як усё было. І як гэта было … клясна!.

На наступны дзень усё нібыта зьнікла. У навінах казалі: «група п’яных студэнтаў і кучка пэнсіянэраў учынілі беспарадкі». Мы слухалі і сьмяяліся. Бо мы ўсё бачылі. І ведалі, што ў Менску было насамрэч.

Ірына Мартусевіч, у 1996-м — студэнтка гуманітарна-эканамічнага недзяржаўнага інстытуту

Пасьляслоўе 

Тэкст адносна падзеяў 26 красавіка 1996 года стаўся складзеным мною літаральна на працягу першых двух тыдняў пасля Чарнобыльскага шляху. Пазней у яго ўключаліся нататкі пра іншыя падзеі: суд, пракуратура, інцыдэнт з удзелам КДБ на Партызанскім праспэкце. Усё гэта дадавалася паступова, і толькі бліжэй да жніўня 1996-га тэкст канчаткова набыў тую форму, у якой ён існуе цяпер.

Наперададні 30-е гадавіны таго Чарнобыльскага Шляху, ужо ў Канадзе, гэты тэкст быў паказаны адной асобе. Пасля прачытаньня яна сказала, што мусіць адлучыцца, і зачынілася ў офісе. Праз гадзіну яна прапанавала прачытаць ў тэлефоне тэкст, які толькі што даслала мне.

Калі я азнаёміўся з напісаным, мы зноў стрэліся вачыма і абодва зразумелі: тое, што было перажыта, не знікла і не растварылася ў часе. Больш таго, гісторыя дзіўным чынам абышлася з намі. Тэкст быў пра 26 красавіка 1996 года вачыма мае суразмоўцы. У той дзень з розных канцоў Менска мы рухаліся ў адное месца: я з вуліцы Ангарская, яна ад Акадэміі навук. Мы не былі знаёмыя і нават нічога ня ведалі адзін пра другога. Проста два статыстычныя менчукі. Сышліся ў калёне Чарнобыльскага Шляху. Амаль сустрэліся ля Зянона Пазняка: я ў васьмі метраў ад яго, яна — у трох, знаходзячыся ў коле маладых людзей, якія ахоўвалі старшыню БНФ.

Іх жыцьцёвыя шляхі пасля 1996-га разышліся на дзесяцігодьдзі. У 1998-м абедзве асобы са сваімі сем'ямі выехалі ў Канаду. Праз выпрабаваньні, страты і ўдары лёсу яны зноў сустрэліся: у Лёндане ў Бібліятэцы імя Францыска Скарыны. І тая сустрэча стала вырашальнай для іх абодвух.

Праз 30 год тыя двое ўдзельнікаў Чарнобыльскага Шляху'96, якія сталі сьведкамі апошняга публічнага выступу Зянона Пазьняка ў Беларусі 26 красавіка 1996-га, спэцыяльна прыехалі з Таронта ў Нью Ёрк, каб паслухаць ягоны выступ на Дне Волі-2026 у Катэдральным Саборы БАПЦ. Там жа адбылася размова са спадаром Зянонам. Ён падпісаў ім кнігу «Стаць у праломе мура».

Сёньня гэтыя дзве асобы, рознага паходжання і розных жыццёвых шляхоў зноў апынуліся разам. Тады, на Чарнобыльскім Шляху ў 1996-м, ёй было дзевятнаццаць, яму — сорак два.

Гэтае пасляслоўе таксама і пра тое, як гісторыя, нават самая трагічная, здольная на грунце агульнага звязваць людзей праз гады, адлегласьці і маўчаньне часу.