Затрыманні беларусаў у Расіі, новыя «экстрэмісцкія фармаванні» і прысуды. Хронікі рэпрэсій 27 красавіка
У Расіі за два дні затрымалі каля 150 чалавек, якіх шукалі беларускія сілавікі. У Беларусі — новыя рашэнні пра «экстрэмісцкія фармаванні» і прысуды па палітычных артыкулах.

У Расіі за два дні затрымалі каля 150 чалавек, якія былі ў вышуку ў Беларусі
Затрыманні адбыліся ў межах спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Вышук».
Паведамляецца, што сярод затрыманых ёсць грамадзяне Беларусі. У прыватнасці, у Дагестане затрымалі 46-гадовага мінчаніна, якога падазраюць у махлярстве на суму не менш як 480 000 рублёў, а таксама ў «экстрэмісцкіх злачынствах».
YouTube-праект «Гадзіннічак цікае» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне прыняло МУС 27 красавіка.
Паводле ведамства, дачыненне да праекта маюць Арцём Шрайбман, Яўгенія Сугак, Рыгор Астапеня, Леў Львоўскі.
Настаўніцу-дэфектолага асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Алене Аршанскай 49 гадоў. Яна шмат гадоў працавала ў сістэме адукацыі, мела вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і была настаўніцай-дэфектолагам у спецыяльнай групе інтэграванага навучання ясляў-садка № 1 у Ашмянах.
З 2017 года яна таксама вяла заняткі ў гуртку па правільным маўленні ў мінскіх школах.
Пасля замужжа Алена пераехала ў вёску Старына Калодзішчанскага сельсавета пад Мінскам.
Да затрымання яна шмат чытала, вывучала французскую мову, цікавілася падарожжамі. Дакладная дата затрымання невядомая, але з другой паловы 2025 года яна перастала быць актыўнай у сацсетках, піша «Наша Ніва».
Нядаўна Мінскі абласны суд вынес ёй прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Верагодна, ёй прызначылі «хімію» з накіраваннем або пазбаўленне волі.
Былая палітзняволеная распавяла пра прапанову вярнуцца ў Беларусь
Стоматолаг з Оршы Наталля Кукішава, якая пасля зняволення з’ехала ў ЗША, апублікавала відэа, дзе распавяла, што прадстаўнікі спецслужбаў прапанавалі ёй вярнуцца ў Беларусь — і абяцалі, што яна «зможа жыць годна».
У адказ яна ўзгадала адзін з эпізодаў свайго зняволення ў Жодзіне: у камеры на 14 чалавек на дзень адключылі ваду. У гэты момант прыйшла праверка, і чалавек, які зайшоў у камеру, не вытрымаў і хутка выйшаў.
Праз некалькі хвілін ваду ўключылі.
Каментуючы і гэты выпадак, і прапанову вярнуцца, Наталля задала пытанне:
«Вы што адчулі: пах уласнай годнасці ці майго прыніжэння?»
66-гадовай мінчанцы прысудзілі калонію за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Наталлі Уласавай 66 гадоў. Да затрымання яна вяла актыўны лад жыцця: падарожнічала, шмат шпацыравала, наведвала мастацкія галерэі, цікавілася культурай і любавалася прыродай.
Жанчыну асудзілі паводле артыкула 361-4 КК.
Іншыя падрабязнасці справы не паведамляюцца.