Ціск на культуру, новыя «экстрэмісцкія фармаванні» і прысуды. Хронікі рэпрэсій 24 красавіка

 У Беларусі адбываюцца ператрусы і затрыманні ў культурным асяроддзі, пашыраюцца спісы «экстрэмісцкіх фармаванняў» і матэрыялаў, а людзей асуджаюць па некалькіх палітычных артыкулах адразу.

1_1097_1.png

У Беларусі працягваецца ціск на дзеячоў культуры

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што ў апошнія дні ў розных гарадах Беларусі адбываюцца ператрусы і затрыманні людзей, звязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі.

Паведамляецца, што ў людзей шукаюць замежнае фінансаванне. Частка з іх затрыманая і змешчаная ў СІЗА.

Вядома, што ператрусы і допыты праводзяць супрацоўнікі КДБ.

Новыя «экстрэмісцкія фармаванні» ў сферы культуры

КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» шэраг культурных ініцыятыў і праектаў:

— «BELARUSIAN COUNCIL FOR CULTURE» / «Беларуская Рада культуры» / ВСС;

— праекты «Mahistrat» / «Магистрат» / «Магістрат», «Vasminoh» / «Осьминог», «ArtPower Belarus» / «ArtPower Беларусь»;

— «Фонд совета по культуре Беларуси» / «FUNDACJA BIAŁORUSKA RADA KULTURY»;

— «ІншыЯ» / «The Others».

Паводле КДБ, дачыненне да іх маюць Будкін Сяргей, Калнібалоцкая Эліна, Рыдзеўская Алена, Горацкая Надзея, Акудовіч Цімафей, Ліс Бажэна, Тур Алена, Раманчык Кацярына, Варанец Алена, Лукашэнка Ірына, Мжэльская Вольга, а таксама Радзіеўскі Дзмітрый і Штрахава Марына.

Праваабаронцам вядома, што некаторыя з гэтых людзей ужо затрыманыя.

Адзначым, што рашэнне было прынятае 9 красавіка, але ў спісе гэтыя ініцыятывы з’явіліся толькі цяпер.

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўключылі:

старонкі ў Facebook «Za Wolność Waszą i Naszą», «BiaƗoruś po polsku», «Vincuk Viačorka», «NIXTO», «Insieme – Вместе», «Ларби Ларбис»;

старонку ва «Укантакце» «NEXTA Live»;

сайты «ciclowiki.org» (верагодна, маецца на ўвазе cyclowiki.org), «eurointegration.com»;

YouTube-каналы «Disident», «ЗУХ Źmicer»;

лагатып «Радыё Свабода – Беларусь»;

сайт і сацсеткі крамы «Znivien»;

старонкі «Валерий Васильев» ва «Укантакце» і Facebook;

старонкі «lvs.language.school» у Instagram, Facebook, TikTok;

Telegram-стыкеры «Nazi to die», «MELLSTROY INSIDE by», «мемы мелстрой mellstroy», «Меллстрой»;

старонкі ў Instagram «andrei_chapiuk2025», «irina_mclean», «roskvitkus», «ksmaliukova», «Второй регион Беларуси», «bulauskiu», «antaninakanavalava», «fnb_minsk»;

старонкі ў Threads «kiraboyarenko1927», «batumiby.ge», «volny_univer», «daroha»;

старонкі ў TikTok «RUSIK», «see.soon13».

Менеджара міжнароднай кампаніі асудзілі па шэрагу палітычных артыкулаў

43-гадовы мінчук Вячаслаў Ванславовіч працаваў у беларускім прадстаўніцтве нідэрландскай кампаніі APH Group — аднаго з буйных дылераў сельскагаспадарчай тэхнікі.

У 2005 годзе ён скончыў эканоміка-прававы факультэт Беларускага інстытута правазнаўства па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт», піша «Наша Ніва».

Раней Вячаслаў спрабаваў займацца ўласным бізнэсам — меў статус індывідуальнага прадпрымальніка і гандляваў аўтамабілямі, але ў 2016 годзе ІП было ліквідаванае праз неажыццяўленне дзейнасці.

Да затрымання ён вёў актыўнае жыццё, займаўся спортам і падарожнічаў. Падобна, мужчыну затрымалі пасля вяртання ў Беларусь.

Яго арыштавалі ў 2025 годзе і змясцілі ў СІЗА. Суд праходзіў у Мінскім гарадскім судзе. Ванславовіча абвінавацілі адразу па шэрагу артыкулаў:

— абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК);

— распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК);

— заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК);

— садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).

Цяпер мужчына адбывае пакаранне ў калоніі. Сутнасць справы невядомая, але, мяркуючы па артыкулах, гаворка можа ісці пра каментары або публікацыі ў сацсетках.

Нядаўна яго ўключылі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», якія вядуць беларускія сілавыя структуры.