Справы за «здраду дзяржаве» і новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Хронікі рэпрэсій 23 красавіка

У Беларусі працягваюць узбуджаць крымінальныя справы за «здраду дзяржаве», выносіць прысуды за «экстрэмізм» і пашыраць пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў». У справах, у тым ліку, — пенсіянер, бізнэсмены і бацька дваіх дзяцей.

1_1097_1.png

68-гадовага пенсіянера будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Следчы камітэт сцвярджае, што 68-гадовы жыхар Валожынскага раёна нібыта быў завербаваны ўкраінскай ваеннай разведкай і збіраў інфармацыю пра мясцовых супрацоўнікаў міліцыі — у тым ліку іх асабістыя дадзеныя і нумары тэлефонаў.

Акрамя «шпіянажу», пенсіянеру інкрымінуюць таксама распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) — паводле версіі следства, праз антырасійскія каментары.

Палітзняволенага кіраўніка івэнт-агенцтва будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Следчы камітэт паведаміў падрабязнасці крымінальнай справы ў дачыненні да двух чалавек — 42-гадовага палітзняволенага Андрэя Ярашэвіча і яго 36-гадовага бізнэс-партнёра.

Сілавікі выставілі ім адразу тры абвінавачванні:

— «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК),

— «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК),

— «крадзеж у асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 210 КК).

Як сцвярджае следства, Ярашэвіч нібыта збіраў інфармацыю пра наваполацкую калонію № 1 — персанальныя даныя супрацоўнікаў і ўмовы ўтрымання асуджаных. Паводле версіі СК, гэтыя звесткі прызначаліся для «Белпола».

Акрамя таго, Ярашэвіч і яго бізнэс-партнёр нібыта выкарыстоўвалі сваю кампанію для фінансавання «экстрэмісцкіх фармаванняў» Terra Group Event і SSL Production, піша «Наша Ніва».

Бацьку дваіх дзяцей з Нясвіжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Паўлу Губенку 38 гадоў. Ён з Нясвіжа. Пасля вучобы працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях.

Павел захапляецца аўтамабілямі: ён быў актыўны ў супольнасцях аматараў Chrysler PT Cruiser, дапамагаў іншым аўтамабілістам з дыягностыкай нямецкіх і амерыканскіх машын, дзяліўся досведам карыстання амерыканскімі аўто.

Павел — сямейны чалавек. У яго ёсць жонка і двое дзяцей.

Мужчыну асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Дакладныя акалічнасці справы невядомыя, але, паводле наяўнай інфармацыі, пасля суда ён не выйшаў на волю, піша «Наша Ніва».

У Беларусі з’явіліся шэсць новых «экстрэмісцкіх фармаванняў»

КДБ унёс у адпаведны пералік выбарчыя спісы, звязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду.

У спіс увайшлі:

  • «Ваш Голас» (Андрэй Колас, Таццяна Крапіневіч, Сяргей Сталмакоў, Марына Калініна, Наталля Масюк, Андрэй Жураўлёў, Алег Дабрыднёў, Святлана Мацкевіч, Вольга Пашкевіч, Веста Янусік, Сяргей Міхаёнак, Вольга Павук, Дзмітрый Наскавец, Таццяна Купчына, Ульяна Вардамацкая, Сяргей Бародзіч, Мікалай Бандарэнка, Ілона Рудзеня, Вікторыя Гавура);
  • «Наступ» (Лізавета Пракопчык, Маргарыта Ворыхава, Яўгеній Караулаў, Аляксандр Лапко, Іван Краўцоў, Яўгеній Андрэйчык, Станіслава Цярэнцьева, Аляксандра Дойніч, Аляксей Грахоўскі, Аляксандр Аўтушка-Сікорскі, Кацярына Марэцкая, Уладзіслаў Антаненка, Алена Воўкава);
  • «Хопіць баяцца» (Таццяна Мартынава, Міхаіл Рубін, Наталля Галаўчук, Аляксандр Ракіцкі, Яўген Анкудзінаў, Ганна Грабенчыкава, Алег Старосцін, Ігар Занько, Дыяна Прымак, Кірыл Жолудзеў, Алена Старасціна, Глеб Старасцін);
  • «Аб’яднаная грамадзянская платформа» (Мікалай Казлоў, Святлана Шаціліна, Уладзімір Шанцаў, Марыя Яфімава, Раман Кісляк, Ганна Скрыган, Андрэй Пупкевіч, Вольга Скрашчук, Генадзь Башлакоў, Галіна Мацюшына, Юры Істомін, Сяргей Баранаў, Усевалад Шашарын, Алена Луцковіч, Станіслаў Алейнічэнка, Кацярына Таланкова, Генадзь Верацінскі, Павел Данэйка);
  • «Рух Воля» (Мікіта Забуга, Вадзім Кабанчук, Ігар Турцэвіч, Анатоль Міхнавец, Вольга Галамеева, Генадзь Манько, Аляксандр Юркойць, Дзяніс Герасімчык, Вячаслаў Кучук, Таццяна Шавель, Аляксей Кавалевіч, Зміцер Піменаў, Зміцер Баранаў, Андрэй Турцэвіч, Марыя Таццяна Юркойць, Юрый Кісялюк, Андрэй Зорка, Максім Дзенісевіч, Севярын Квяткоўскі, Ганна Юркойць, Сяргей Пясецкі, Святлана Анцілеўская, Алеся Гатальская, Уладзімір Гурчанка, Сяргей Байгот, Арцём Якаўлеў, Кацярына Гатальская);
  • «Блок беларускіх палітычных зняволеных “Беларусы дзеяння”» (Юрась Зянковіч, Іна Шырокая, Анатоль Хіневіч, Зміцер Шчыгельскі, Таццяна Біруля, Сяргей Коршун, Аляксандр Біруля, Вікторыя Панасавец, Яўген Марцюг, Алена Гнаўк, Аляксандр Лянько, Таццяна Лукаянава).

Такім чынам, у спісах з’явіліся дзясяткі новых прозвішчаў, якіх улады лічаць датычнымі да «экстрэмісцкай дзейнасці».