«Мы з табой яшчэ не скончылі»: гісторыя Сельвяструка і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 22 красавіка

Журналіст Дзмітрый Сельвяструк пасля трох гадоў за кратамі распавёў Беларускай асацыяцыі журналістаў, як яго катавалі, як пасля збіцця пачалася эпілепсія і чаму нават пасля вызвалення ён застаўся пад ціскам. Паралельна ў Беларусі працягваюцца новыя прысуды і крымінальныя справы.

1_1097_1.png

Ад ГУБАЗіКа да шэлтара ў Варшаве: праз што прайшоў журналіст

Журналіст Дзмітрый Сельвяструк правёў за кратамі тры гады па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмізму» — і цяпер, ужо на волі, распавёў БАЖ, праз што яму давялося прайсці:

Яго затрымалі ў траўні 2023 года — уварваліся ў кватэру, скруцілі проста ў халаце. Далей, паводле яго слоў, былі катаванні ў ГУБАЗіК: збіццё, электрашок, прыніжэнні. Пасля гэтага пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем — у тым ліку прыступы эпілепсіі.

Праз ізалятары і этапы ён прайшоў з пастаянным ціскам: перапоўненыя камеры, псіхіятрычная экспертыза, спроба суіцыду. У калоніі яго аднеслі да так званага «нізкага статусу» — гэта азначала ізаляцыю, дадатковыя прыніжэнні і фактычна «ручное» пакаранне: ШІЗА магло быць проста за кепскі настрой начальства.

Асобна ён згадвае абсурдныя забароны — напрыклад, нельга было размаўляць па-беларуску або вывучаць замежныя мовы.

Пасля вызвалення ў сакавіку 2026 года ціск не спыніўся. Ён не змог адкрыць рахунак у банку, аформіць SIM-карту, уладкавацца на працу. Яго рэгулярна выклікалі ў міліцыю, распытвалі пра планы і прапаноўвалі «супрацу». У нейкі момант у паштовай скрыні з’явілася паперка з подпісам: «Мы з табой яшчэ не скончылі».

Пасля гэтага Сельвяструк вырашыў з’язджаць. Цяпер ён у Варшаве, у шэлтары для былых палітвязняў, і кажа, што хоча вярнуцца ў журналістыку — нягледзячы ні на што.

Маладую маці асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Яне Ранько 34 гады. Яна родам з Гомеля, але доўгі час жыве ў Мінску. Дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (БДТУ). Яна выхоўвае сына.

Амаль увесь вольны час дзяўчына прысвячала актыўнаму ладу жыцця і спорту, да якога далучала і сына, з якім яны разам удзельнічалі ў сямейных веламарафонах. Таксама Яна захапляецца слэклайнам — экстрэмальным хаджэннем па канатах і стропах. Акрамя гэтага, Ранько неаднаразова ўдзельнічала ў забегах з перашкодамі Bison Race, выходзіла на старты Minskrun і займала прызавыя месцы на скаладромах, піша «Наша Ніва».

Яну Ранько нядаўна асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмізму). Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

У чэрвені Вярхоўны Суд будзе разглядаць апеляцыю па справе «Сумленных людзей»

22 студзеня Віцебскі абласны суд вынес прысуд па завочнай справы ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.

Актывістам быў інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «абраза і паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК), «заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і іншыя.

Алене Жылачкінай прызначылі 10 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 1500 базавых велічыняў у суме 67500 рублёў, Зарыне Сарокінай, Цімафею Малахоўскаму, Алегу Давыдчыку — 8 гадоў калоніі са штрафам у памеры 900 базавых велічыняў (40500 рублёў) кожнаму.

2 чэрвеня Вярхоўны Суд будзе разглядаць апеляцыю па гэтай справе.