Катаванні, новыя палітвязні, завочны суд. Хронікі рэпрэсій 20 красавіка
Эксперты ААН б'юць трывогу: у беларускіх калоніях — катаванні, смерці і рэпрэсіі супраць тых, хто спрабуе скардзіцца. Тым часам спіс палітвязняў папоўніўся яшчэ дзевяццю імёнамі, завочны суд над Дзмітрыем Балкунцом прызначаны на 15 траўня, а маладая маці з Гомеля атрымала прысуд па «экстрэмісцкім» артыкуле.

Беларусь: эксперты ААН папярэджваюць пра катаванні, спробы самагубства, смерці і рэпрэсіі ў месцах пазбаўлення волі
Эксперты ААН выказалі сур'ёзную занепакоенасць паведамленнямі аб працяглым утрыманні зняволеных без сувязі са знешнім светам і ўмовамі ўтрымання ў папраўчай калоніі ў Наваполацку.
«Атрыманая намі інфармацыя сведчыць пра вельмі трывожную практыку ўтрымання пад вартай, якая можа ўяўляць сабой сур'ёзныя парушэнні міжнароднага права», — заявілі эксперты.
«Мы глыбока занепакоеныя тым, што зняволеныя ў Наваполацкай калоніі могуць зазнаваць працяглае адзіночнае зняволенне, дысцыплінарныя спагнанні і фізічныя пакаранні пасля спробаў самагубства, пазбаўленне неабходнай медычнай дапамогі і рэпрэсіі за спробы падаць скаргі — асабліва пасля канфідэнцыйных сустрэч з псіхолагам калоніі», — адзначылі яны.
«У выпадку пацверджання такія практыкі могуць кваліфікавацца як катаванні і жорсткае абыходжанне, а ў пэўных абставінах — як гвалтоўныя знікненні. І катаванні, і гвалтоўныя знікненні забароненыя міжнародным правам, уключна з нормамі звычайнага міжнароднага права», — папярэдзілі яны.
«Смерці ў месцах пазбаўлення волі на фоне паведамленняў аб ізаляцыі, пазбаўленні медычнай дапамогі і ўтойванні інфармацыі ад сем'яў выклікаюць самыя сур'ёзныя асцярогі з пункту гледжання міжнароднага права, уключна з правам на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць, здароўе, а таксама забарону катаванняў і гвалтоўных знікненняў», — падкрэслілі эксперты.
«Мы заклікаем улады Беларусі забяспечыць гуманныя ўмовы ўтрымання, гарантаваць доступ да незалежнай медычнай і псіхалагічнай дапамогі і правесці надзейныя расследаванні ўсіх выпадкаў смерці і сур'ёзных траўмаў у месцах пазбаўлення волі. Неабходна таксама прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў і забяспечыць абарону зняволеных ад рэпрэсій за падачу скаргаў».
16 сакавіка 2026 года эксперты накіравалі зварот ураду Беларусі.
У Беларусі — яшчэ дзевяць новых палітвязняў
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Ігара Жылаўца, Аляксандра Чумакова, Глеба Рыбчанку, Арцёма Сабалеўскага, Аляксея Хвясеню, Юрыя Очкаса, Вячаслава Ванславовіча, Дзмітрыя Колабава і Міраславаса Троцкіса.
Паводле наяўнай інфармацыі:
— Ігар Жылавец асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК да двух гадоў шасці месяцаў абмежавання волі, адбывае пакаранне ў папраўчай установе;
— Аляксандр Чумакоў асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Глеб Рыбчанка асуджаны па артыкулах 368 (абраза Лукашэнкі), 130 (распальванне варожасці або варажнечы), 309 (падрыхтоўка да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), 289 (падрыхтоўка да акту тэрарызму), 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), 290-4 (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй), 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) КК — да чатырнаццаці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Арцём Сабалеўскі асуджаны па арт. 361-1 (удзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання), 130, 368 КК да двух гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Аляксей Хвясеня асуджаны па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 368, 130, 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Юрый Очкас асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Вячаслаў Ванславовіч асуджаны па арт. 130, 361 (заклікі да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь), 361-4, 368, 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Дзмітрый Колабаў асуджаны па арт. 342, 130, 367 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
— Міраславас Троцкіс асуджаны ў закрытым судовым паседжанні па арт. 358-1 (агентурная дзейнасць) і 358 (шпіянаж) КК да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.
У сярэдзіне траўня ў Мінску завочна пачнуць судзіць Дзмітрыя Балкунца
43-гадоваму Дзмітрыю Балкунцу інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 КК (заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч.ч. 1, 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч.ч. 1, 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
Судовы працэс запланаваны на 15 траўня ў Мінскім гарадскім судзе.
Маладую маці з Гомеля асудзілі па «экстрэмісцкім» артыкуле
27-гадовую гамяльчанку Таццяну Серанкову, якая выхоўвае сына, прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. Прысуд — «хатняя хімія».
Падрабязнасці абвінавачання не раскрываюцца. Паводле наяўнай інфармацыі, пераслед можа быць звязаны са «справай Гаюна».