Беларусь у дакладзе Amnesty: катаванні, прысуды і страх. Хронікі рэпрэсій 21 красавіка

 У Беларусі працягваюцца палітычныя пераследы: асуджаюць за «экстрэмізм», узмацняецца кантроль і з’яўляюцца новыя рызыкі нават пры перасячэнні межаў. Міжнародныя праваабаронцы фіксуюць сістэмныя парушэнні правоў чалавека — ад катаванняў да масавых спісаў «экстрэмістаў».

1_1097_1.png

У Amnesty International зафіксавалі новыя хвалі пераследу, катаванні і смерці ў зняволенні ў Беларусі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя апублікавала даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце ў 2025 годзе. У ім асобны раздзел прысвечаны Беларусі.Паводле дакладу, улады працягваюць масавы пераслед за ўдзел у пратэстах і грамадзянскай актыўнасці. Больш за 200 беларусаў абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за ўдзел у акцыях за мяжой на Дзень Волі.

Дзейнасць НДА фактычна крыміналізаваная: за ўдзел у незарэгістраваных або ліквідаваных арганізацыях пагражаюць штрафы і турма. За год былі закрытыя або самаліквідаваліся як мінімум 99 арганізацый, у тым ліку незалежныя НКА і прафсаюзы.

У дакладзе адзначаецца, што сотні людзей, у тым ліку журналісты, праваабаронцы і адвакаты, працягваюць адбываць працяглыя тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў. Пры гэтым, нягледзячы на вызваленне больш як 170 палітвязняў у другой палове года, рэпрэсіі толькі пашыраюцца.

Суды ўсё часцей праходзяць завочна: людзі могуць не ведаць пра справы супраць сябе і застаюцца без права на абарону.

Праваабаронцы таксама фіксуюць сістэмныя катаванні і жорсткае абыходжанне ў месцах зняволення, у тым ліку сексуальны гвалт. Палітвязняў утрымліваюць у горшых умовах: ізаляцыя, карцары, адсутнасць меддапамогі і прымусовая праца.

Як мінімум двое палітвязняў — Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднебенны — памерлі ў зняволенні; агульная колькасць такіх смерцяў пасля 2020 года дасягнула дзевяці.

У дакладзе таксама згадваюцца гвалтоўныя знікненні: напрыклад, доўгі час не было інфармацыі пра Мікалая Статкевіча.

Ратавальніка з Маладзечна асудзілі па палітычнай справе

44-гадовага Аляксандра Карнацкага асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці»). Яго затрымалі летам 2025 года.

Карнацкі — былы супрацоўнік МНС, апошнім часам працаваў у прыватнай кампаніі. У яго засталіся жонка і непаўналетняя дачка.

Яму прызначылі «хімію» або калонію, паведамляе «Наша Ніва».

Беларусаў могуць караць арыштам пры перасячэнні расійскай мяжы

Расійскія памежнікі атрымалі права патрабаваць доступ да тэлефонаў і іншых прылад. За адмову — штраф або арышт да 15 сутак, паведамляе «Гомельская Вясна» 

Праверцы могуць падлягаць не толькі тэлефоны, але і ноўтбукі ды іншыя гаджэты. Юрысты адзначаюць, што такія патрабаванні могуць супярэчыць праву на таямніцу перапіскі.

Пры гэтым закон не абавязвае адкрываць асабістыя даныя, уключаючы перапіску або воблачныя сэрвісы.