Дзмітрый Пяскоў патлумачыў, чаму Крэмль не выкарыстае супраць Украіны ядзерную зброю

Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Крэмль не выкарыстае супраць Украіны ядзерную зброю фактычна таму, што яна не прызначаная для выкарыстання. Пасля такіх заяў ізноў узнікаюць пытанні — а ці ёсць у Расіі боездольная «ядзерка»? Тым часам страты РФ у вайне перавысілі 1 мільён 350 тысяч чалавек. Ідуць 1545-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак: ШI

Малюнак: ШI

original_4e97216b00928ab2cb28f3b00bb08f37.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 242 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Новааляксандраўкі, Грышына, Удачнага, Маладзецкага, Сухецкага, Іванаўкі, Новага Шахава і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Злагоды, Варвараўкі, Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі ды ў бок Новага Запарожжа, Уздвіжаўкі, Стараўкраінкі, Залізнічнага, Гуляйпольскага і Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яра, Тарэцкага, Шахавага, Сафіеўкі, ды ў кірунку Вольнага, Кучарава Яру.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку аомія РФ 13 разоў атакавала пазіцыі УСУ ў раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Прыліпак, Двурэчанскага, Старыцы, Ветэрынарнага ды ў бок Ізбіцкага, Ахрымаўкі і Калодзежнага.

На Ліманскім кірунку расіяне восем разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УКраіны, атакуючы ў бок Ліману, Ямпалю, Дробышава і Зарэчнага.

* * *

Ноччу 18 траўня расійскія войскі атакавалі Дняпро. Горад быў пад атакай беспілотнікаў 8 гадзін, а потым расіяне нанеслі па жылым квартале ўдар балістычнымі і крылатымі ракетамі. У выніку пацярпелі 16 дарослых і 2 дзіцяці — 2-гадовая дзяўчынка і 10-гадовы хлопчык.

У Дняпроўскім раёне зафіксавана траплянне ў склад з піратэхнікай. Паводле папярэдніх даных, ніхто не пацярпеў.

У ноч на 18 траўня расійскія войскі здзейснілі чарговую атаку на Адэсу. У выніку ўдараў БпЛА пашкоджаны жылыя дамы, дзіцячы сад і ліцэй, двое чалавек параненыя.

* * * 

701009835_1336100078703067_4084204512020595905_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 17 траўня заявіў пра змяненне балансу дзеянняў на фронце: у прыватнасці, 17 траўня ўкраінскіх актыўных баявых дзеянняў было больш, чым расійскіх.

«Хачу сёння падзякаваць нашым воінам, тым, хто зараз на фронце, кожнай баявой брыгадзе. У гэтым годзе многае зроблена, і адчуваецца змяненне балансу дзеянняў на перадавой. У прыватнасці, за сёння паказчыкі актыўнасці такія, што нашых актыўных дзеянняў за суткі больш, чым расійскіх. Гэта вельмі, вельмі сур’ёзны вынік. Мы будзем павялічваць усе формы паставак для нашай арміі — дронаў, НРК, снарадаў, усіх рэсурсаў — каб падтрымліваць належную абарону і нашы актыўныя дзеянні на фронце», — сказаў Зяленскі.

Таксама ён адзначыў, што ўкраінская дальнабойнасць «значна змяняе сітуацыю і ў цэлым успрыманне расійскай вайны ў свеце».

«Многія партнёры зараз даюць сігналы, што бачаць, што адбываецца і як усё змянілася і ў настроях наконт гэтай вайны, і в дасягальнасці расійскіх мэтаў на расійскай тэрыторыі. Вайна цалкам прадказальна вяртаецца ў "родную гавань", і гэта выразны сігнал, што не варта звязвацца з Украінай і весці несправядлівую захопніцкую вайну супраць іншага народа — менавіта супраць народа».

* * *

Еўропа павінна прысутнічаць у мірных перамовах Украіны і РФ, яе павінен прадстаўляць «моцны голас», сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з прэзідэнтам Еўрапейскага савета Антоніу Коштам.

Бакі абмеркавалі перспектывы працэсу перамоў дзеля міру для Украіны. Зяленскі праінфармаваў пра нядаўнія кантакты з рознымі лідарамі ў Еўропе і з амерыканскім бокам.

«Аднолькава бачым, што Еўропа павінна быць у перамовах. Важна, каб у яе быў моцны голас і прысутнасць у гэтым працэсе, і варта вызначыць, хто будзе прадстаўляць менавіта Еўропу», — падкрэсліў кіраўнік Украіны.

Таксама ішла гаворка пра еўраінтэграцыю Украіны. Зяленскі і Кошта абмеркавалі графік і неабходную камунікацыю па адкрыцці кластараў.

* * *

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што еўрапейскія лідары, якія хочуць дыялогу з Уладзімірам Пуціным, могуць проста яму патэлефанаваць. Такую заяву ён зрабіў, каментуючы дыскусіі ў Еўропе адносна магчымых кантактаў з Масквой, паведамляе The Moscow Times.

Пяскоў адзначыў, што гэтыя абмеркаванні «вісяць у паветры», але Пуцін «такі ж даступны, як і тэлефонная трубка». Ён выказаў спадзеў, што ў Еўропе будзе пераважаць больш «практычны» падыход, які ў выніку прывядзе да рэальнага дыялогу. Паводле яго слоў, «расійскі бок будзе гатовы да гэтага».

* * *

Спікер Пуціна Дзмітрый Пяскоў паспрабаваў патлумачыць, што для Крамля азначае «ядзернае стрымліванне». Яго словы былі сказаны пасля таго, як уначы Расія — і ў прыватнасці Масква — перажылі адну з самых маштабных атак Украіны.

Пасля начных атак адзін з расійскіх прапагандыстаў Павел Зарубін вырашыў задаць Пяскову пытанне, якое фактычна тычылася прымянення ядзернай зброі па Украіне. Пытанне яго гучала так: «У людзей узнікае пытанне: ну вось ёсць у нас гэтыя магутныя бомбы, і што? Ядзерную дзяржаву, аказваецца, можна і пакусваць, і кусаць», — сказаў Зарубін, каментуючы ўдары па расійскіх тылах.

Прэс-сакратар Крамля патлумачыў, што «ядзернае стрымліванне» — гэта немагчымасць пагражаць існаванню ядзернай дзяржавы.

«Ядзернай дзяржаве нельга пагражаць, нельга пагражаць яе існаванню. Вось гэта дае магчымасць нам быць у гэтым упэўненымі, і гэта з’яўляецца асновай ядзернага стрымлівання. Ядзернае стрымліванне — гэта неад’емная частка і краевугольны камень у цэлым нашай нацыянальнай бяспекі», — адказаў Пяскоў.

Тым не менш, у нядаўнім мінулым адна «ядзерная дзяржава» — СССР — сваё існаванне спыніла.