Фларыда ці Гаага? Як сістэма Лукашэнкі замінае самому Лукашэнку

У апошні час Лукашэнку вельмі хочацца пазбавіцца ад расійскага ўплыву і адскочыць ад Пуціна хоць куды-небудзь. І тут як ніколі дарэчы прымаўка: «Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць». Сістэма, выбудаваная кіраўніком Беларусі, настолькі закасцянела, што пры ўсім вялізным жаданні нават яе стваральніку разгарнуць яе не атрымліваецца.

Малюнак з udf.name

Малюнак з udf.name

Лукашэнка не толькі выпусціў 250 палітычных зняволеных пасля размовы са спецпрадстаўніком Дональда Трампа Джонам Коўлам, ён яшчэ і пачаў выконваць іншыя пажаданні, выказаныя падчас той гутаркі. З Беларусі ў Літву ўжо вярнуліся 100 грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў, якія былі «ўзятыя ў закладнікі» пасля таго, як Літва закрыла мяжу з РБ у адказ на масавы запуск метэазондаў з тэрыторыі Беларусі.

Пры гэтым цана «за захаванне» літоўскім перавозчыкам была істотна паменшаная. «За захаванне прычэпа або паўпрычэпа кошт захавання больш чым у сем разоў адрозніваецца ў меншы бок ад раней усталяванага тарыфу. Калі поўная счэпка — менш у тры разы», — паведамілі беларускія мытнікі.

Але гэта яшчэ не ўсё. Лукашэнка, быццам бы, нават пачаў лавіць кантрабандыстаў, якія запускаюць у бок Літвы паветраныя шары з цыгарэтамі. «Яны затрымалі пяць нашых беларускіх кантрабандыстаў прама на мяжы. <…> Бандыты, яны былі асуджаныя не адзін раз. Сапраўдныя бандзюганы», — сказаў Лукашэнка, спасылаючыся на словы міністра МУС Кубракова.

Гэта пры тым, што Лукашэнка выдатна ведае тых «бандзюганаў». Прынамсі восенню мінулага года ён распавядаў, як яго падначаленыя звязваліся з кантрабандыстамі і пыталіся, колькі цыгарэт яны перакінулі ў Літву: «Нашы гэтыя бандзюгі кажуць: “Перадайце прэзідэнту, ніякіх там 200 не было. Там два дзясяткі гэтых шароў. У нас столькі, кажуць, няма шарыкаў”».

Здавалася б, Лукашэнка робіць усё, каб спадабацца Штатам. Але сістэма — яна ж такая сістэма. Яна жыве самастойным жыццём і ўстаўляе палкі ў колы спарадзіўшаму яе Лукашэнку.

Коўл у той жа размове папярэдзіў Лукашэнку: гэта не справа, калі мы дамаўляемся выпусціць некалькі соцень палітвязняў, здымаем за гэта санкцыі, а колькасць гэтых палітвязняў не памяншаецца — бо сістэма набірае новых. І, быццам бы, Лукашэнка ківаў і пагаджаўся: сапраўды, нядобра атрымліваецца.

Вось ён паківаў, пагадзіўся, а потым праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў палітзняволенай Вольгу Харламаву, якая ўтрымліваецца ў СІЗА па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве». «Здрада», як гэта звычайна ў Беларусі, заключаецца ў тым, што Харламава працавала аналітыкам праекта Media IQ і каментавала падзеі ў Беларусі для беларускіх і замежных СМІ.

А разам з ёй палітычнымі зняволенымі прызнаныя ў Беларусі яшчэ 8 чалавек, сярод якіх — некалькі жанчын, асуджаных за ўдзел у «дваровых чатах».

І гэта вельмі цікавая тэндэнцыя. Раней праваабаронцы проста не ведалі многіх з палітвязняў. Іх сваякі не паведамлялі пра затрыманне, адвакаты (калі такія былі) заклікалі не распавядаць, «як бы чаго не выйшла». Следчыя папярэджвалі родных, каб тыя не распавядалі пра справы і прысуды, «каб горш не было». «Новыя палітычныя» траплялі ў «спіраль маўчання» і ціхенька сядзелі свой тэрмін, нікому не вядомыя.

Але тут з’явіўся Коўл. І раптам атрымалася, што ў выйгрышы былі тыя, хто наадварот, скардзіўся праваабаронцам, журналістам, і каго прызнавалі «палітычным», нягледзячы на «каб горш не было». Менавіта тыя, хто не маўчаў, атрымалі шанец патрапіць у «спісы Коўла» ў першую чаргу — і выйсці на свабоду датэрмінова.

Тыя, хто маўчаў, задумаліся. І некаторыя пачалі распавядаць пра невядомых раней «палітычных», якіх, як меркавалася, у беларускіх турмах разы ў паўтары больш, чым вядомых. І цяпер гэтыя «невядомыя» пачынаюць выходзіць з ценю.

На наступны дзень пасля Харламавай тыя ж праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 12 чалавек — якія не «затрыманыя», а ўжо «асуджаныя».

У выніку атрымліваецца, што Лукашэнка не трымае слова Коўлу: колькасць палітвязняў працягвае расці — нават нягледзячы на ўсё жаданне ўладаў (калі яно ёсць, у чым можна моцна сумнявацца) прыпыніць арышты і затрыманні па палітычных артыкулах.

Акрамя таго, Лукашэнку часам вельмі замінае раздзьмутае да немагчымых межаў пачуццё ўласнай важнасці. Лукашэнка заявіў 20 сакавіка, што першая лэдзі ЗША Меланія Трамп перадала яму спіс украінскіх дзяцей, вывезеных у Расію, і папрасіла пагаварыць з Пуціным, «каб мы знайшлі ў Расіі гэтых дзяцей, якія беглі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Украіне, калі дзеці гатовыя, і там гатовыя іх узяць на ўтрыманне».

Звычайна такія словы беларускага прэзідэнта прапускаюць міма вушэй. Але не цяпер. «Заява спадара Лукашэнкі, што я звярталася да яго па дапамогу ў сувязі з намаганнямі па ўз’яднанні ўкраінскіх і расійскіх дзяцей з іх сем’ямі, з’яўляецца ілжывай і беспадстаўнай», — заявіла Меланія Трамп. Паводле яе слоў, усе перамовы і кантакты па гэтым пытанні вядуцца выключна напрамую з украінскімі і расійскімі афіцыйнымі асобамі, і пасярэднікі тут без патрэбы.

І вядома ж, Лукашэнка хваліўся, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў яму правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні ў Фларыдзе. «Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца ў яго дома — у Фларыдзе — абмеркаваць і дамовіцца», — сказаў Лукашэнка.

Можа быць, так яно і ёсць. Праўда, невядомы прадмет гэтай «вялікай здзелкі». Затое вядома, што 12 сакавіка размешчаны ў Гаазе МУС пачаў расследаванне па матэрыялах аб здзяйсненні рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Пакуль гэта не ордар на арышт, як у дачыненні да Пуціна, але ўжо «першы званочак». А ордар Лукашэнка можа атрымаць у любы момант.

Трамп можа грэбаваць выкананнем гэтага ордара, калі да яго прылятае Пуцін. Усё ж такі гэта кіраўнік ядзернай звышдзяржавы, «сусветнай бензакалонкі» і асабісты сябар Трампа, як той пастаянна кажа.

А хто для Трампа Лукашэнка? І ці можа Трамп «забыцца» загадаць не чапаць кіраўніка Беларусі, калі той прыляціць да яго ў Мар-а-Лага?

Выснова? Сістэма Лукашэнкі замінае ўжо самому Лукашэнку. «Ссінелыя пальцы» ўжо не расціскаюцца.