Новыя прысуды, блакіроўкі і +6 палітвязняў. Хронікі рэпрэсій, 24 сакавіка

 У Беларусі напярэдадні Дня Волі абмяжуюць доступ да сайтаў. На гэтым фоне працягваюцца новыя прысуды, а праваабаронцы прызнаюць новых палітвязняў. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

У Беларусі абмяжуюць доступ да сайтаў напярэдадні Дня Волі

25 сакавіка, у Дзень Волі, некаторыя сайты ў Беларусі стануць недаступнымі для карыстальнікаў з-за мяжы.

Беларускія правайдары папярэдзілі сваіх кліентаў, што з 20:00 24 сакавіка да 8:00 26 сакавіка будзе «абмежаваны доступ да віртуальнага хостынгу» з-за межаў Беларусі. Меры тлумачацца пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры, якія выкарыстоўваюць паслугу «віртуальны хостынг». 

Падобныя абмежаванні ўжо выкарыстоўваліся рэжымам падчас правядзення выбараў у студзені 2025 года.

Мінскага экскурсавода асудзілі па палітычнай справе

Міхаіл Масалевіч нарадзіўся ў 1991 годзе. У 2009-м скончыў гістарычны клас Ліцэя БДУ, а ў 2014-м атрымаў дыплом гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці «дакументазнаўства».

У 2018 годзе ён скончыў курсы экскурсаводаў і прайшоў атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Апошнія шэсць гадоў працаваў гідам: вадзіў экскурсіі па Мінску на беларускай і рускай мовах. На профільным партале Holiday.by ён меў максімальны рэйтынг, піша «Наша Ніва».

Міхаіл вывучае свой радавод: напрыклад, нядаўна шукаў звесткі пра прадзеда, які служыў у імператарскай арміі ў Першую сусветную вайну, а ў 1923 годзе лічыўся ў спісах прызыўнікоў 78-га пяхотнага палка ў Баранавічах. Ён таксама дапамагаў іншым карыстальнікам парадамі, як працаваць з Нацыянальным архівам.

Міхаіла Масалевіча асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Гісторыку, імаверна, прызначылі «хатнюю хімію».

У Беларусі +6 новых палітвязняў

24 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек.

Гаворка ідзе пра Уладзіслава Насцюшкіна, Максіма Лукашэвіча і Артура Білібуху, якіх пераследуюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Васіля Прохарава — паводле арт. 342 і 368 КК (абраза Аляксандра Лукашэнкі), а таксама Уладзіміра Новіка і Антона Шулякоўскага, накіраваных у папраўчыя ўстановы па арт. 342 КК.

Восем жанчын асудзілі па справе «дваровых чатаў»

У Мінску 19 сакавіка вынеслі прысуд па гучнай справе «дваровых чатаў». Агулам асудзілі восем жанчын, якіх абвінавацілі паводле арт. 357 КК — «змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Ірыну Якаўлеву і Анжэлу Агарок асудзілі да 8,5 гадоў калоніі кожную, Вікторыю Грынько — да 9 гадоў. Палітзняволенай Наталлі Даронінай таксама прызначылі 8,5 гадоў, нягледзячы на тое, што яе мужа нядаўна памілавалі.

Святлану Мяцельскую асудзілі да 10 гадоў калоніі, Вольгу Вараб’ёву — да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі, Вольгу Осіпчык — да 8,5 гадоў, Дзіяну Гаўрылаву — да 9 гадоў.

Акрамя таго, усім жанчынам прызначылі штраф у памеры 1000 базавых велічыняў.

Дзень народзінаў за кратамі: Мікіта Емяльянаў

Гісторыя пераследу анархіста Мікіты Емяльянава пачалася 20 кастрычніка 2019 года. Тады 19-гадовага хлопца асудзілі да сямі гадоў калоніі, але апеляцыйны суд скараціў тэрмін да чатырох гадоў.

За кратамі яго месяцамі ўтрымлівалі ў штрафных ізалятарах, ён абвяшчаў галадоўкі, яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і двойчы судзілі па арт. 411 КК — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Ён павінен быў выйсці на волю ў 2025 годзе, але яго зноў асудзілі.

У зняволенні ў яго пагаршаецца здароўе: Мікіта пачаў губляць зрок. Два апошнія гады яму не дазвалялі атрымліваць медычныя бандэролі — ні вітамінаў, ні неабходных прэпаратаў.

26-гадовы маладзён, які яшчэ нядаўна быў поўны сіл, рызыкуе незваротна страціць здароўе.