Невядомы палітвязень і шэсць новых прысудаў. Хронікі рэпрэсій, 23 сакавіка

Гісторыя мінчаніна, якому за пратэст у калоніі дадалі шэсць новых тэрмінаў, новыя прысуды і ціск на зняволеных — сабралі галоўнае пра рэпрэсіі ў Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

У кантэксце нядаўніх вызваленняў усё часцей узнікае тэма невядомых палітвязняў — тых, хто не ўнесены ў афіцыйныя спісы.

Пра аднаго з такіх людзей распавёў былы палітвязень Мікалай Дзядок:

«Гэта мінчанін Уладзь Вакульчык.

Мы спаткаліся з ім у калоніі №9, у Горках, на прамзоне. Нягледзячы на тое што стасавацца са мной было небяспечна (непазбежнае ШІЗА), ён не пабаяўся і падыйшоў. Хутка знайшлі агульную мову: Уладзь, пакуль было можна, выпісваў «Новы Час». Падтрымліваў пратэсты недармаедаў у 2017м, арыентаваўся ў палітыцы. Яго затрымалі ўвосень 2018-га па артыкуле 328. У гэты год ягоная маці памірала ад рака. Уладзь стаў вырошчваць марыхуану ў сябе на дачы, ужываўшы яе выключна сам. Праз некаторы час да яго прыехаў знаёмец, які пры цьмяных абставінах самавольна ўзяў пакецік канаплі (аб чым пазней сам сведчыў на судзе).

Аказалася, што сам гэты знаёмец быў наркагандляром. З групай іншых яго хутка затрымалі. Каб  з’ехаць на меншы тэрмін, гэтаму «знаёмцу» прапанавалі здаць «пастаўшчыкоў». Ён назваў імя Уладзіка.

Так у 2019-м Уладзь атрымаў свае 9 год (пазней суд знізіў тэрмін да 7).

Усе, ці амаль усе мы, удзельнічалі ў рэвалюцыі 2020 года на вуліцах сваіх гарадоў. Паспеў паўдзельнічаць у ёй і Уладзь – але ў калоніі №2 горада Бабруйска. Арыштанты, адмаўляючыся выконваць каманду "адбой", штодзённа пачалі выходзіць у лакальны ўчастак, дзе  хлопалі ў далоні, крычалі "Сыходзь!" і пілі гарбату. 

Там, за калючым дротам, яны нават склалі самаробныя ўлёткі:

“Это не! тюремный бунт. Это общественный протест, Акт мирного гражданского неповиновения.

Нет насилию! Нет деструкции! Требование: Лукашенко покидает пост президента. Цель: Общественный резонанс. Администрация лагеря не! Враг. Не поддаёмся на провокации.”

Глядзіце таксама

Адміністрацыя часова цярпела масавае непадпарадкаванне. Але потым, калі стала зразумела, у які бок дзьме вецер, пачалі жорсткія рэпрэсіі. Усім удзельнікам – прафулік «экстрэмізм». Найбольш актыўным: «крытую» альбо 411-ы артыкул. 

А Уладзя Вакульчыка адміністрацыя назначыла арганізатарам усяго варушняка. З Бабруйска яго павезлі ў ПК-1 Наваполацка. Там ён ледзь не загінуў ад прабадной язвы страўніка. Яго ўратавалі лекары Наваполацкай гарадской лякарні. Праз 25 дзён пасля аперацыі яго ўжо пасадзілі ў ШІЗА.

Пакуты яго працягваліся і надалей – у Горках яго ванітавала крывёю, З-за таго што не прынялі пасляаперацыйны бандаж, стварылася грыжа і па сёння Уладзь знаходзіцца ў чарзе на аперацыю. 

    • 3 жніўня 2021 года ў Наваполацку адбываецца суд. Уладзю дадаюць 1 год і 3 месяцы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі» і вывозяць у ПК-9 (Горкі)

    • 16 чэрвеня 2022 суд у Горках – дадаюць 1,5 гады і вывозяць у ПК-20 (Мазыр)

    • 21 верасня 2023 суд у Мазыры – дадаюць 2 гады і вязуць на ПК-11 (Ваўкавыск). 

    • 5 чэрвеня 2024 – суд у Ваўкавыску. Дадаюць 1 год. Вязуць на ПК-8 (Ворша)

    • 3 студзеня 2025 – суд у Воршы. Дадаюць 1,5 гады. Ізноў вязуць у Горкі.

    • 30 кастрычніка 2025 – суд у Горках. Дадаюць 2 гады. Ізноў вязуць на Мазыр.

Зараз Уладзь у мазырскім ПКТ, з якога яго перыядычна кідаюць у ШІЗА. З першапачатковых сямі ягоны тэрмін зараз складае 16 год і 3 месяцы. Шаснаццаць год! Проста ўявіце сабе, як гэта, калі ўва ўсіх падчас адседкі тэрмін памяншаецца, а ў цябе – павялічваецца. 

Сёння Уладзь, адбыўшы свае 7 год па артыклуе 328, працягвае знаходзіцца ў няволі выключна за удзел у негвалтоўнах акцыях супраціву ў Бабруйскай калоніі шэсць гадоў таму. І нават калі дапусціць, што ягоны 7-гадовы тэрмін быў прызначаны законна, зараз ён сядзіць у турме як палітвязень.

Ягонаму жыццю пагражае небяспека. Нават для маладога хлопца некалькі год у ШІЗА і ПКТ гэта цяжкае выпрабаванне. Уладзю ж ужо 48 гадоў. 

Я спадзяюся на ўвагу і падтрымку нашых праваабаронцаў. Уладзь Вакульчык пакутуе за тое, што адважыўся б зрабіць далёка не кожны – на пратэст у нялюдскіх умовах калоніі. Калі мы не здолеем выдраць яго з кіпцюроў карнай Сістэмы, гэта ляжа ганьбай на нас на доўгія гады».

Следчы камітэт зноў пагражае ўдзельнікам акцый да Дня Волі за мяжой

Ведамства сцвярджае, што такім чынам людзі «дыскрыдытуюць Беларусь».

«Асноўныя мэты такіх дзеянняў застаюцца нязменнымі: стварэнне бачнасці масавасці пратэсных настрояў, фармаванне негатыўнага інфармацыйнага фону вакол Рэспублікі Беларусь, спробы ўцягнуць грамадзян, якія з'ехалі, у супрацьпраўную дзейнасць, а таксама далейшае прыцягненне фінансавых рэсурсаў для экстрэмісцкай дзейнасці».

Следчы камітэт піша, што сучасная методыка «дазваляе ідэнтыфікаваць асобу кожнага».

Жыхара Мазыра асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 33-гадоваму жыхару Мазыра Дзмітрыю Луговічу. Мужчыну абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Верагодна, яму прызначылі пазбаўленне волі або «хімію».

Як паведамляе «Гомельская Вясна», Дзмітрый вёў насычанае жыццё: вандраваў, наведваў канцэрты. Затрымалі яго, імаверна, летам мінулага года — на гэта ўказваюць апошнія допісы ў сацыяльных сетках.

У бабруйскай калоніі №2 узмацнілі жорсткасць правілаў прыёму перадач

Калі раней у заявах на перадачу гарбата, кава, цукеркі і іншыя прадукты маглі пазначацца адным радком («у асартыменце» або без яго), цяпер патрабуюць прапісваць кожную пазіцыю асобна.

Гэта значыць, што калі ў перадачы ёсць некалькі відаў гарбаты, кавы ці цукерак, трэба ўказваць кожнае найменне з назвай і вагой.

Кантралёры прымушаюць сваякоў перапісваць заявы проста на месцы. У выніку яны ператвараюцца ў вялікія спісы на некалькі старонак, піша @MAYDAYMog.

Акрамя таго, у ПК-2 забаронена перадаваць доглядавую касметыку ў банках або флаконах. Дазволены толькі сродкі ў пластыкавых тубах.

Экс-дырэктара алімпійскага цэнтра па фрыстайле завочна асудзілі на 12 гадоў

У Мінскім гарадскім судзе 20 сакавіка ў парадку спецвытворчасці разгледзелі справу супраць Вадзіма Крывашэева.

Яго абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў, у тым ліку «перавышэнне ўлады», «змова з мэтай захопу ўлады», «заклікі да санкцый» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».

Суд прызначыў яму 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 1000 базавых велічыняў (45 000 рублёў).

У верасні 2020 года Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара РЦАП па фрыстайле за «дрэнную ідэалагічную працу». Пасля гэтага ён пакінуў Беларусь.

Падрабязнасці пераследу ксяндза Анатоля Парахневіча

Затрымліваць пробашча парафіі ў Альковічах прыехалі раніцай некалькі машын, супрацоўнікі былі ў масках. З’ехалі яны толькі пад вечар.

Дом ксяндза апячаталі, сілавікі праводзілі ператрус і ў касцёле. Вернікі не могуць трапіць у храм, бо не маюць ключоў.

Касцёл дагэтуль не мае афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне ксяндза.

«Хрысціянская візія» апублікавала камунікат, які Сакратарыят Мітрапалітальнай курыі накіраваў святарам.

Згодна з ім, з 17 сакавіка ксёндз Анатоль Парахневіч адсутнічае ў парафіі, ягоны дом апячатаны пячаткамі КДБ, а інфармацыі пра яго месцазнаходжанне няма.

22 сакавіка касцёл быў зачынены, імша не праводзілася.

Курыя заклікала святароў да малітвы.

Раней дзяржаўная прапаганда ўжо згадвала ксяндза ў негатыўным кантэксце — пасля ўдзелу ў прыёме з нагоды Дня Канстытуцыі Польшчы ва ўкраінскай амбасадзе ў Мінску.

Сталі вядомыя прозвішчы сямі жанчын, асуджаных па справе «дваровых чатаў»

У Мінску 19 сакавіка вынеслі прысуд па справе «дваровых чатаў». Як паведамляе «Вясна», агулам асудзілі восем жанчын.

Іх абвінавацілі паводле арт. 357 КК («змова з мэтай захопу ўлады»).

Ірыну Якаўлеву і Анжэлу Агарок асудзілі да 8,5 гадоў калоніі, Вікторыю Грынько — да 9 гадоў.

Палітзняволенай Наталлі Даронінай (муж якой нядаўна быў памілаваны) таксама прызначылі 8,5 гадоў.

Святлане Мяцельскай прысудзілі 10 гадоў, Вользе Вараб’ёвай — 8 гадоў і 3 месяцы, Вользе Асіпчык — 8,5 гадоў.

Усім прызначылі штраф у 1000 базавых велічыняў.

Прозвішча яшчэ адной жанчыны высвятляецца.

26-гадовую прадстаўніцу сферы інтэрнэт-маркетынгу асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Аляксандра Яніцкая скончыла мінскую школу №25, пасля паступіла ў БНТУ на факультэт маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва (скончыла ў 2020 годзе).

У 2019 годзе яна атрымала дыплом другой ступені на ўніверсітэцкім конкурсе па дзелавой англійскай.

З мая 2020 года працавала інтэрнэт-маркетолагам у прыватнай кампаніі. У вольны час захаплялася вязаннем і гадавала котку, піша «Наша Ніва».

Яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Верагодна, ёй прызначылі «хатнюю хімію».