Калі Польшча стала «Нясвіжам»: як беларускае мястэчка ператварылася ў сінонім рэжыму Пілсудскага
Пра Веймарскую рэспубліку чулі амаль усе — Германію так называлі паводле горада, дзе ў 1919 годзе прынялі новую канстытуцыю. Значна менш вядома, што ў міжваеннай Польшчы пасля перавароту Пілсудскага таксама з’явіўся свой палітычны тапонім — «Нясвіж».

Юзаф Пілсудскі падчас візіту ў Нясвіж, кастрычнік 1926 года. Фота: Wikimedia Commons
Пасля майскага перавароту 1926 года польскі рэжым санацыі нечакана атрымаў у народзе і прэсе мянушку «Нясвіж». Прычынай стала адна паездка Юзафа Пілсудскага ў замак Радзівілаў — з арыстакратамі, чуткамі пра манархію і левымі, якія раптам зразумелі, што іх, здаецца, акуратна абышлі.
Якім чынам заходнебеларускае мястэчка стала сінонімам санацыйнага рэжыму? Каб адказаць на гэтае пытанне, давядзецца згадаць некаторыя аспекты майскага перавароту.
Пілсудскі захапіў уладу пры падтрымцы часткі левых — сацыялістаў і прафсаюзаў чыгуначнікаў. Менавіта дзякуючы сабатажу на чыгунцы верныя ўраду войскі не змаглі своечасова прыбыць у сталіцу. Нядзіўна, што пасля перавароту левыя чакалі ад маршала міністэрскіх пасад і запуску маштабных сацыяльных рэформаў. Не варта таксама забываць, што ў свой час Пілсудскі быў адным з кіраўнікоў Польскай сацыялістычнай партыі.
Глядзіце таксама

Між тым сам Пілсудскі вагаўся. А потым, у кастрычніку, адбыўся яго візіт у Нясвіж, які азнаменаваў канчатковы адыход «начальніка дзяржавы» ад апоры на левацэнтрысцкія палітычныя сілы.
Пры гэтым знешне ваяж Пілсудскага ў Нясвіж выглядаў абсалютна апалітычна. Фармальна ён быў прысвечаны памяці яго загінулага ад’ютанта Станіслава Радзівіла. У 1919-м той пакінуў пасаду ад’ютанта і пайшоў добраахвотнікам на ўсходні фронт — дарэчы, ён камандаваў эскадронам, які ваяваў у Беларусі. Пазней Радзівіл удзельнічаў у красавіцкім наступе ва Украіне, быў цяжка паранены і памёр. Мерапрыемствы памяці нябожчыка ўключалі памінальную імшу і ўпрыгожванне яго саркафага ордэнам «Virtuti Militari».
Аднак гэта была афіцыйная праграма. На практыцы тое, што адбывалася ў Нясвіжы, выглядала як важны нефармальны палітычны саміт Пілсудскага з прадстаўнікамі польскай арыстакратыі, памешчыцкіх колаў і кансерватыўнай буржуазіі — асабліва з усходніх Крэсаў. Ключавыя фігуры гэтага лагера былі звязаныя з уплывовай сям’ёй Радзівілаў.
Падчас перамоваў з Пілсудскім землеўладальнікі і буржуазія абяцалі падтрымку выканаўчай уладзе і стабільнасці дзяржавы. Пілсудскі, у сваю чаргу, запэўніў іх, што сур’ёзных саступак левым не будзе, а зямельная рэформа — калі і будзе рэалізаваная — то ў памяркоўным, а не радыкальным выглядзе. Ён таксама пацвердзіў курс на стабілізацыю грамадскага парадку.

Банкет у палацы Радзівілаў у Нясвіжы падчас візіту Пілсудскага, 1926 год
Навіны з Нясвіжа выклікалі збянтэжанасць і неспакой сярод левых. Аглядальнік адной кракаўскай сацыялістычнай газеты тады пісаў, што «ва ўмовах ідэалагічнага разрыву са старым дэмакратычным лагерам незалежнасці, працоўным і сялянскім лагерам кіруючая група Пілсудскага звярнулася за падтрымкай да вельмі правых сацыяльных і палітычных сіл».
З’яўленне былога сацыяліста Пілсудскага ў замку Радзівілаў у кампаніі арыстакратычнай і землеўладальніцкай эліты выклікала не толькі шок, але і хвалю чутак пра тое, што палітык вырашыў стаць каралём. Тым больш што раней, у маі 1926 года, ён адмовіўся ад прапанаванай парламентам пасады прэзідэнта, фактычна захаваўшы кантроль над краінай у якасці міністра вайсковых спраў.

Юзаф Пілсудскі разам з прадстаўнікамі роду Радзівілаў у Нясвіжы, 1926 год
Варшаўскія газеты па ходзе тусоўкі ў Нясвіжы білі ў набат праз магчымыя «манархічныя змовы» ў кулуарах замка Радзівілаў. Некаторыя выданні раздзьмулі сенсацыю загалоўкамі пра тое, што ў Польшчы хутка з’явіцца «кароль Юзаф І». Паступалі паведамленні і пра дэманстрацыі ў падтрымку каранацыі Пілсудскага — напрыклад, у Вільні яго прыхільнікі прайшлі маршам па горадзе са скандаваннямі «Хай жыве кароль Пілсудскі!».
Аднак сам Пілсудскі ні тады, ні пазней не выявіў сур’ёзнай цікавасці да таго, каб стаць каралём або аднавіць манархію. Яго ўвага была засяроджаная на стварэнні моцнай цэнтралізаванай дзяржавы.
Хаця ў міжваенны перыяд у краіне заўсёды існавалі невялікія манархічныя групы, якія звярталіся да яго з прапановамі аднавіць выбарную манархію ў традыцыях Першай Рэчы Паспалітай. У крайнім выпадку Пілсудскаму прапаноўвалася абвясціць сябе рэгентам — у стылі вугорскага адмірала Хорці. Дарэчы, сацыяльная база польскіх манархістаў чамусьці асабліва выразна праяўлялася менавіта на Віленшчыне і ў Заходняй Беларусі.
У апошні раз ідэя рэстаўрацыі манархіі ў Польшчы, верагодна, прагучала напярэдадні смерці Пілсудскага ў 1935-м. Група афіцэраў прапаноўвала выдаць адну з дачок маршала за прадстаўніка нейкай каралеўскай сям’і і такім чынам запусціць манархічны праект.
Вяртаючыся да Нясвіжа. У сучаснай польскай гістарычнай памяці сустрэча ў Нясвіжы лічыцца прыкладам гнуткага, неідэалагічнага падыходу Пілсудскага да дзяржаўных пытанняў — калі інтарэсы дзяржавы ставяцца вышэй за строгія лева-правае размежаванне. Сустрэча сапраўды дапамагла стабілізаваць сітуацыю пасля нядаўняга перавароту, але адначасова высвеціла напружанне, якое ўжо тады нарастала ў польскім грамадстве паміж прыхільнікамі дэмакратыі і аўтарытарызму.
Так ці інакш, усё, што адбывалася ў Польшчы пасля 1926 года, яшчэ доўга называлі «Нясвіжам» — безумоўна, вельмі незвычайная старонка ў гісторыі гэтага беларускага горада.