Футбаліст, які адрадзіў нацыю
Пакуль кубак свету ў Катары не скончыўся і глабальная цікавасць да футбола не згасла, можна згадаць яшчэ аднаго футбаліста, які кінуў выклік дыктатуры і нават спрыяў нацыянальнаму адраджэнню каталонцаў.
Тое, што пасля вайны іспанскі футбол імкліва палітызаваўся, было цалкам лагічна. Ва ўмовах дыктатуры Франка грамадства аказалася пад моцным палітычным прэсінгам. Асабліва на перыферыі. Дыктатар забараніў рэгіянальныя культурныя мерапрыемствы, баскскую і каталонскую мовы. Нельга было нават называць дзяцей на мясцовы лад. Футбол аказаўся апошнім сродкам, з дапамогай якога грамадзяне пратэставалі супраць дэспатычнага рэжыму.
Для тых жа каталонцаў футбольны клуб «Барселона» стаў больш, чым проста клубам. Толькі на трыбунах барселонскага стадыёна можна было спакойна размаўляць на забароненай каталонскай мове. Відавочна, што перамога над мадрыдскім клубам «Рэал», які курыраваў асабіста Франка, успрымалася як прыніжэнне рэжыму. Зрэшты, Франка нават не хаваў, што разглядае перамогі «Рэала» ў якасці палітычнага інструмента для яшчэ большага падаўлення амбіцый рэгіёнаў.
Для гэтага ў ход ішлі любыя сродкі. Так, у розыгрышы іспанскага кубка ў 1943 годзе «Рэал» і «Барселона» сустрэліся ў паўфінале. У першым матчы «Барселона» абыграла «Рэал» з лікам 3:0, што страшна не спадабалася цэнтральнай адміністрацыі. У тым ліку і таму, што тарсіда «Барселоны» крычала палітычныя лозунгі. Як пісаў тады іспанскі афіцыёз, «натоўп на стадыёне ў Барселоне выявіў ганьбу і непавагу да нацыі».
Матч у адказ у Мадрыдзе быў цалкам палітычна зараджанай спартыўнай падзеяй. Для пачатку франкісты арганізавалі натоўп, які аблажыў гатэль, дзе спынілася каманда з Каталоніі. З-за псіхалагічнага ціску футбалістам прыйшлося памяняць месца пражывання. Але на гэтым Франка не спыніўся. Ён адправіў дырэктара дзяржбяспекі ў распранальню «Барселоны», каб прыгразіць пакараннем гульцам у тым выпадку, калі яны абыграюць «Рэал». У выніку «Рэал» без праблем папоўніў дэфіцыт у тры мячы, разграміўшы каталонцаў з лікам 11:1.
Падобны трэнд назіраўся і ў трансфернай палітыцы. Добрыя гульцы як у Іспаніі, так і з-за мяжы аддавалі перавагу кантрактам з «Рэалам», паколькі ў Мадрыдзе ганарары былі на парадак большымі, чым у той жа Барселоне. Гэта часта выклікала ў каталонцаў апатыю і нявер'е ў тое, што яны могуць цягацца са сталіцай.
Але раптам знайшоўся футбаліст, які прынцыпова адмовіўся гуляць за «Рэал», зрабіўшы выбар на карысць бяднейшай «Барселоны». Гэта быў нідэрландскі футбаліст Ёханес Кройф — адзін з лепшых гульцоў 70-х. Пры гэтым ён нават не хаваў, што адмовіўся гуляць за «Рэал» праз тое, што клуб мае імідж каманды дыктатара.
Здарылася гэта ў сезоне 1973 -1974 гадоў. Калі Кройф дэбютаваў у восьмым туры, каманда была толькі на 14-м месцы ў табліцы. Потым клуб не прайграў ніводнага з 24 матчаў чэмпіянату і перамог у 18 з іх. У выніку «Барселона» стала чэмпіёнам упершыню за 14 гадоў. У тым жа сезоне «Барселона» атрымала самую буйную на сённяшні дзень выязную перамогу над «Рэалам». Кройф забіў чатыры галы ў матчы, які скончыўся з лікам 5:0, на стадыёне «Санцьяга Бернабеу».
Пасля заканчэння гульні заўзятары «Барселоны» выйшлі на вуліцы, каб адсвяткаваць перамогу з забароненымі каталонскімі сцягамі. Журналіст «New York Times», які стаў сведкам маніфестацыі, тады трапна адзначыў: «Тое, што каталонскія палітычныя лідары не маглі зрабіць дзесяцігоддзямі, Кройф зрабіў за 90 хвілін гульні».
А гісторык Джымі Бернс пазней напіша: «Кройф даў людзям адчуванне веры ў сябе, з Кройфам футбалісты паверылі, што ніколі не прайграюць. Ён усяліў пачуццё гонару ў народ. Кройф прыняў каталонскае супраціўленне як сваё ўласнае». У знак пратэсту супраць забароны каталонскіх імёнаў ён нават назваў свайго нованароджанага сына Жордзі, як звалі святога заступніка Каталоніі.
Аднак найбольш запомніўся заўзятарам выпадак 9 лютага 1975-га, калі «Барселона» гуляла з клубам з Малагі. Па ходзе гульні «Барселоне» было адмоўлена ў двух відавочных пенальці, плюс гол не быў залічаны з-за афсайду. Футбалісты пачалі спрачацца.
У выніку Кройф, які быў капітанам, быў выдалены за пратэст супраць суддзі і прымусова выдвараны за межы футбольнага поля паліцыяй. Але, сыходзячы з поля, Кройф дастаў капітанскую павязку і чырвона-жоўтую стужку, якая нагадвала каталонскі сцяг «Сеньера», і пацалаваў яе на вачах у гледачоў. Гэта быў дэманстрацыйны жэст падтрымкі каталонскага супраціву. Тая сцэна стала сакральнай для шматлікіх нацыяналістаў.
Нельга абысці ўвагай і прынятае тады Кройфам рашэнне — не гуляць на чэмпіянаце свету 1978 года ў Аргенціне, дзе ва ўладзе знаходзілася ваенная дыктатура. Спартовец не хаваў палітычнага падтэксту рашэння. «Як можна гуляць у футбол за тысячу метраў ад катавальнага цэнтра?» — казаў Кройф.
У 1977 годзе футбаліст пакіне клуб. Потым ён вернецца сюды ў 80-х ужо як вельмі паспяховы менеджар. Пры ім клуб выйграе кубак чэмпіёнаў. У любым выпадку Кройф аказаў вялікі ўплыў на каталонскую спартовую культуру. Невыпадкова мясцовы фальклор услаўляе яго як аднаго з найвялікшых герояў каталонскай нацыі. Яму нават даверылі права трэніраваць каталонскую нацыянальную зборную на працягу дзевяці гадоў.
24 сакавіка 2016 года Кройф памёр. У гэты дзень разам са сцягам Барселоны на клубным стадыёне «Камп Ноу» таксама быў прыспушчаны і каталонскі сцяг — як даніна павагі нябожчыку. «У сваім жыцці Кройф аддаў належнае Каталоніі. Пасля яго смерці ўся Каталонія ўшанавала памяць яе ганаровага прыёмнага сына, які так яе любіў. Ён прыйшоў і падняў на ногі бязлітасна пабітых і прыгнечаных людзей. Ён даў людзям пачуццё гонару і надзеі», — напісала адна з мясцовых газет.