У Еўрапарламенце — арышты праз карупцыю. Адна з прычын: ЧС па футболе ў Катары

Некалькі былых і дзейных дэпутатаў падазраюцца ў атрыманні хабараў і лабіраванні катарскіх інтарэсаў.

sud_ez_1.jpg

У 2010 годзе Катар атрымаў права на правядзенне ЧС-2022. З таго моманту яго ўвесь час крытыкуюць за, магчыма, несумленную перамогу ў выбарах (былога прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі падазравалі ў дапамозе), за парушэнні правоў чалавека, за дрэнныя ўмовы працы для працоўных-мігрантаў.
Як адзначае Politico, гэта істотна для Катара, каб заключаць угоды з краінамі Еўрасаюза па пастаўках прыроднага газу і мець бязвізавы ўезд у Шэнгенскую зону для катарскіх грамадзян. Афіцыйных абвінавачанняў і прамых пацверджанняў яшчэ няма, але тэма ўжо шырока абмяркоўваецца.

16 рэйдаў у Бруселі, арышты чатырох дэпутатаў і адабранне 600 тысяч еўра гатоўкай

З ліпеня 2022 следчыя федэральнай судовай паліцыі Бельгіі падазравалі адну з дзяржаў Персідскага заліва ў спробе паўплываць на эканамічныя і палітычныя рашэнні Еўрапарламента. Гэта запусціла судовае разбіральніцтва па меркаваных фактах стварэння злачыннай арганізацыі, карупцыі і адмыванні грошай.

sud_ez_2.jpg


9 снежня — у міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй — бельгійская паліцыя здзейсніла 16 рэйдаў у розных камунах Бруселя і затрымала чатырох чалавек для допыту (сярод іх — былы еўрапарламентарый). Федэральная пракуратура заявіла, што ўсе чацвёра маюць італьянскае грамадзянства ці карані.
Па дадзеных выдання Knack, адзін з іх — былы еўрадэпутат П'ер Антоніа Панцыры, які для «садзейнічання барацьбе з беспакаранасцю за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці» у 2019 годзе ў Бруселі заснаваў некамерцыйную арганізацыю «Барацьба з беспакаранасцю». Падчас вобыскаў следчыя канфіскавалі 600 тысяч еўра гатоўкай.

The Guardian напісаў аб магчымым найбуйнейшым выпадку карупцыі ў Еўрапарламенце. Яго дэпутат сказала: «Ведаю, што іншыя робяць гэтак жа»

Бельгійская пракуратура заявіла, што неназваная краіна з Персідскага заліва перадавала буйныя грашовыя сумы і падарункі трэцім асобам, якія займаюць істотнае палітычнае месца ў Еўрапарламенце. Выданні Knack і Le Soir сцвярджаюць, што гэтая краіна -— Катар, які прымае футбольны чэмпіянат свету-2022.
Катар спрабаваў паўплываць на паляпшэнне іміджу краіны, бо часта асуджаўся за спрэчную палітыку і парушэнні правоў чалавека сярод працоўных-мігрантаў. Міністр працы Алі бен Саміх Аль Мары крытыкаваў медыя за паклёпніцкую кампанію і няправільныя дадзеныя: «Некаторыя СМІ, на жаль, заявілі, што грамадзяне Катара — купка тэрарыстаў».
The Guardian напісаў: «Калі ўсё пацвердзіцца, гэта стане самым значным выпадкам карупцыі, які закрануў Еўрапейскі парламент у найноўшай гісторыі». Прэс-служба Еўрапарламента адмовілася ад каментароў па судовым разглядзе, але левая партыя запатрабавала, каб інцыдэнт увайшоў у абмеркаванне асамблеі для ўсталявання дадатковых падрабязнасцяў.
З меркаваннем The Guardian пагадзіўся кіраўнік Transparency International Майкл ван Хультэн. На яго думку, «Еўрапарламент стварыў культуру беспакаранасці са спалучэннем слабых фінансавых правілаў і кантролю і поўнай адсутнасцю незалежнага (ці наогул якога-небудзь) нагляду за этыкай».
«Нічога не разумею ў гэтай сітуацыі. Калі Катар робіць гэта [дае хабары], я ведаю, што іншыя робяць сапраўды гэтак жа. І таму мы павінны сапраўды прадухіліць такую магчымасць уплыву», — распавяла сябра Еўрапарламента Мары Арэна (затрыманы П'ер Антоніа Панцыры — яе калега).

Яшчэ адна затрыманая — віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, якая называла Катар піянерамі ў галіне працоўных правоў

Еве Кайлі — 44 гады. Яна нарадзілася ў Грэцыі і з 2004 па 2007 год працавала на грэцкім тэлеканале Mega. У студзені 2022 Кайлі заняла пасаду аднаго з чатырнаццаці віцэ-прэзідэнтаў Еўрапарламента, у якім яна засядае з 2014 года. Тамака яна адказвала за адносіны з краінамі Блізкага Ўсходу.

sud_ez_3.jpg


Праз расследаванне аб карупцыі ўсегрэцкі сацыялістычны рух выключыў Кайлі з партыі. Гэта пацвердзіў старшыня Нікас Андрулакіс. Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў Еўрапарламента прыпыніў сяброўства Кайлі ў фракцыі.
Паводле інфармацыі L’Echo, падчас ператрусаў следчыя знайшлі ў доме Кайлі некалькі мяшкоў з гатоўкай (сума не ўдакладняецца) і ў той жа дзень затрымалі яе бацьку, у якога з сабой таксама знаходзілася валізка з грашыма. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацвярджалася.
На афіцыйным сайце Кайлі пазначана, што ў 2018 годзе Politico Europe уключыў яе ў лік «Жанчын, якія фармуюць Брусэль» і аднёс да «групы вядучых дэпутатаў Еўрапарламента, якія выступаюць за лічбавую рэвалюцыю». У 2011-м Кайлі патрапіла ў спіс «Людзей года» па версіі Der Spiegel, калі ў Грэцыі быў эканамічны крызіс.


Перад пачаткам ЧС 2022 Кайлі сустракалася з катарскім міністрам працы Алі бен Саміхам Аль Мары і называла Катар піянерамі ў галіне працоўных правоў: «Насамрэч правядзенне чэмпіянату свету ў Катары — доказ таго, як спартыўная дыпламатыя можа дабіцца гістарычнай трансфармацыі краіны з дапамогай рэформ, якія натхнілі арабскі свет». Яе партыя дыстанцыявалася ад гэтай пазіцыі.
Дэпутат Еўрапарламента Хана Нойман заявіла, што Кайлі дзейнічала за яе спінай і асобна адправілася ў Катар: «Доха не запрасіла групу, у якой была б збалансаваная пазіцыя. Замест гэтага яны паклікалі Кайлі, ведаючы, што яе заявы будуць менш крытычнымі». Па дадзеных катарскіх медыя, Кайлі «прадстаўляла Еўрапарламент і яго кіраўнікоў ад імя 500 мільёнаў еўрапейскіх грамадзян, якія з вялікай цікавасцю назіраюць за прагрэсам, дасягнутым Катарам у сацыяльнай сферы».


У выступах перад Еўрапарламентам Кайлі спасылалася на міжнародную арганізацыю працы, але не сказала, што МАП паведамляла пра смерці працоўных падчас падрыхтоўкі да турніру. The New York Times пісаў, што з моманту атрымання ЧС 2022 у 2010 годзе ў Катары загінулі больш за 2 тысячы працоўных з Непала, больш за 3,5 тысячы — з Малайзіі, каля 3 тысяч — з Саудаўскай Аравіі, не менш за 1 тысячу — з ААЭ . Многія пакутавалі ад захворванняў, якія магла справакаваць высокая тэмпература.
У 2016 годзе Amnesty International абвінаваціла Катар у выкарыстанні прымусовай працы, а перад стартам ЧС 2022 у кааліцыі з іншымі праваабарончымі арганізацыямі заклікала ФІФА выплаціць кампенсацыю работнікам-мігрантам за парушэнні правоў чалавек. Па дадзеных AI, працоўныя жылі ў непрыдатных памяшканнях, не мелі доступу да пашпартоў і заработнай плаце.
На выступе ў Еўрапарламенце Кайлі крытыкавала іншых дэпутатаў за няправільнае стаўленне да Катара: «Некаторыя тут заклікаюць нас дыскрымінаваць іх (катарцаў). Яны запалохваюць іх, абвінавачваюць усіх, хто з імі размаўляе ці звязаны з імі, у карупцыі. Аднак яны па-ранейшаму атрымліваюць прыродны газ. Зноў жа, у іх там ёсць кампаніі, якія зарабляюць мільярды.

sud_ez_4.jpg


Гэта новае пакаленне высокаадукаваных інтэлігентных людзей. Яны дапамаглі нам зменшыць напружанасць у адносінах з Турцыяй. Яны дапамаглі нам у Аўганістане выратаваць актывістаў, дзяцей, жанчын. Яны вядуць мірныя перагаворы і добрыя суседзі і партнёры. Мы можам дапамагчы адзін аднаму выправіць недахопы. Яны ўжо дасягнулі немагчымага».