Сёння — Міжнародны антыкарупцыйны дзень. Як у Беларусі карупцыя стала сістэмнай?

9 снежня — Міжнародны антыкарупцыйны дзень. Такое рашэнне прыняла ў 2003 годзе ААН

fota_dzmitryja_dzmitryeva__5__logo_1.jpg

Міжнародны антыкарупцыйны дзен быў прызначаны Генеральная асамблея ААН з мэтай «узмацніць інфармаванасць пра карупцыю і ролю Канвенцыі ў змаганні і прадухіленні карупцыі». Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН супраць карупцыі ў 2005 годзе.

У 2011-м Мінск таксама далучыўся да GRECO — Групы дзяржаў па барацьбе з карупцыяй Рады Еўропы. У 2019 годзе Рада Еўропы выпусціла «беспрэцэдэнтную» заяву адносна невыканання афіцыйным Мінскам рэкамендацый па супрацьдзеянні карупцыі.

У заяве арганізацыі гаварылася, што ўзровень карупцыі ў Беларусі цяжка ацаніць, але яна «лічыцца сістэмнай» і, што, «некаторая інфармацыя дае падставы меркаваць, што карупцыя надзвычай трывожная ў вярхах іерархіі дзяржаўных прадпрыемстваў». Беларусь — адзіны член GRECO, які не дазваляе гэтай арганізацыі публікаваць аб сабе справаздачы па выніках экспертных місій.

Сёлета сяброўства Беларусі ў GRECO было абмежавана ў сувязі з удзелам у нападзе на Украіну.

Да Міжнароднага антыкарупцыйнага дня Беларускі расследавальніцкі цэнтр падрыхтаваў агляд схемаў з прыкметамі карупцыі і кумаўства ў Беларусі, у якіх наўпрост ці ўскосна фігуравалі члены сям’і Аляксандра Лукашэнкі


Дзмітры і Ганна Лукашэнкі

Гэтая сям’я, сярод іншага, мае дачыненне да экспарту БелАЗу ў Расію. Гандлёвы дом БелАЗ, заснаваны Прэзідэнцкім спартовым клубам, якім кіруе Дзмітры Лукашэнка, дыскрымінуе пакупнікоў у Расіі на карысць прыватных дылераў, звязаных з менеджментам гэтай дзяржаўнай арганізацыі. Прыбыткі згаданых дылераў у 2017–2021 гадах налічвалі 176 мільёнаў долараў.

Менеджары дзяржаўнага прадпрыемства атрымліваюць заробак, каб прадаваць яго прадукцыю за максімальную магчымую цану, таму прыбыткі фірмаў, звязаных з менеджментам, гэта — патэнцыйна, грошы, уведзеныя з дзяржаўнага прадпрыемства.

Уласнікі гэтых дылераў бавяць час з сям’ёй Дзмітрыя Лукашэнкі на курортах. Жонка Дзмітрыя Ганна Лукашэнка працавала ў ГД БелАЗ і вядзе шыкоўны лад жыцця, які не адпавядае афіцыйнымі даходам яе і мужа.


Віктар і Лілія Лукашэнкі

Лілія Лукашэнка мае дачыненне да бізнесу ў Беларусі сербскай сям’і Карычаў. Структуры, якія належаць сербскім бізнесоўцам, атрымалі ад беларускіх уладаў бясплатна землі пад забудову арыентыровачным коштам каля мільярда долараў, што дазволіла ім атрымліваць звышпрыбыткі на продажы жылля, пабудаванага на гэтых участках. Апроч гэтага фірмы Карычаў атрымалі шырокія падатковыя ільготы. Яны вывелі з Беларусі ў Арабскія Эміраты прынамсі $170 мільёнаў праз Кіпр.

Клініка, якая часткова належыць сяброўцы Ліліі Лукашэнкі, дзякуючы забароне на аперацыі з імпартнымі эндапратэзамі ў Беларусі, стала часовым манапалістам у гэтай галіне. Яе кошты перавышалі ранейшыя рынкавыя ў разы. Пасля таго, як забарона была знятая, кошты ў дзяржаўных клініках знізіліся, але засталіся вышэйшымі, чым былі да «антыкарупцыйных чыстак», ініцыяваных Аляксандрам Лукашэнкам. Да клінікі меў ускоснае дачыненне Аляксандр Зайцаў, які раней працаваў памочнікам Віктара Лукашэнкі.



Аляксандр Зайцаў — уласнік эмірацкай кампаніі Сохра Груп, для якой Аляксандр Лукашэнка лабіраваў дазвол на здабычу золата ў Судане. Таксама Зайцаў — старшыня савету ўдзельнікаў Брэмина Груп — аднаго з найбуйнейшых лагістычных аператараў Беларусі, якога Аляксандр Лукашэнка надзяліў шырокімі падатковымі ільготамі.


Ірына Абельская

Гімназія, якая належыць фірме, заснаванай маці Мікалая Лукашэнкі, стала бенефіцыярам рэпрэсій супраць прыватнай адукацыі. Гэтая прыватная ўстанова неаднаразова атрымлівала бюджэтнае фінансаванне.

Мінздароўя гадамі пераплочвала дзясяткі мільёнаў долараў бізнесоўцу, набліжанаму да колішняга міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Жарко, які прадаў гэтаму бізнесоўцу сваю кватэру, у прэсе называлі пратэжэ Людмілы Пастаялка — маці Ірыны Абельскай.

Віктар Лукашэнка курыраваў усталяванне ў Беларусі мабільнай сеткі 4G, у выніку чаго дзяржава магла страціць сотні мільёнаў долараў.


Віктар Шэйман

Ён не мае роднасных сувязяў з Аляксандрам Лукашэнкам, але яго называюць найбліжэйшым паплечнікам кіраўніка Беларусі. Лукашэнка казаў, што калі яго прасілі прыслаць «надзейнага блізкага чалавека», то яму прыходзілася пасылаць свайго сына Віктара або Віктара Шэймана.

Фірма сына Віктара Шэймана Сяргея, зарэгістраваная на Сейшэльскіх выспах, атрымала права на здабычу золата ў Зімбабвэ. Гэтаму папярэднічаў шэраг дзяржаўных візітаў Віктара Шэймана ў гэтую афрыканскую краіну, па выніках якіх ён дакладваў Аляксандру Лукашэнку, што прапрацоўвае з Зімбабвэ здзелку паводле схемы: беларуская тэхніка ўзамен на права для Беларусі здабываць там золата.

Шэйман, верагодна, кантралюе адну з найбуйнейшых у Беларусі лагістычных кампаній Глобал Кастам, якая, сярод іншага, займалася кантрабандай вопраткі ў Беларусь і Расію. Таксама, праз сваё атачэнне, Шэйман, можа кантраляваць прыватнае ахоўнае прадпрыемства ГардСэрвіс.


Беларускі расследавальніцкі цэнтр, за гэты год раскрыў у Беларусі схемаў на мільярд долараў. З іх 700 млн прайшло патрапіла пад санкцыі ЕС: схема экспарту нафтапрадуктаў у абыход санкцый на паўмільярда долараў, а таксама схаваная ў Лондане маёмасць Міхаіла Гуцэрыева на $200 млн.