У які бок «прарываюцца» Мінабароны і БРСМ?
Хутчэй за ўсё, ваенна-прыкладную гульню «Прарыў» сярод працоўнае моладзі арганізатары плянуюць распаўсюдзіць на ўсю краіну — як распаўсюджваюць яе ў студэнцкім асяродку. А дысцыпліны спаборніцтваў у складзе ваенна-прыкладное гульні могуць указваць на падрыхтоўку нейкіх «атрадаў апалчэнцаў».

Упершыню ваенна-прыкладная гульня «Прарыў» была праведзеная 30 траўня 2023 года на Гомельшчыне ў вучэбна-палявым цэнтры ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, і ўдзельнічалі ў ёй тады выключна гомельскія студэнты.
Арганізатарамі гульні выступаюць Мінабароны, Мінадукацыі, БРСМ і «Белая Русь». Паводле агучанае думкі арганізатараў, «Прарыў» мае за мэту ахапленьне гульнямі ваенна-патрыятычнага кшталту моладзі, падобна таму, як гульнямі «Зарнічка», «Зарніца» і «Арляня» ахопленыя дзеці і падлеткі.
Зьявілася ідэя правядзеньня такой гульні ў 2022 годзе. Менавіта ў тым годзе выкладчыкам катэдры агульнавайсковае падрыхтоўкі ваенна-транспартнага факультэта БелДУТ стаў Мікалай Зьвёздкін — ініцыятар «Прарыву» і былы функцыянер БРСМ.
У 2013 годзе Зьвёздкін быў выбраны на пасаду першага сакратара Гомельскага абласнога камітэту БРСМ. У 2019-м ён ужо згадваецца як супрацоўнік вайсковага камісарыята Гомеля, а ў 2020 годзе займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўленьня ідэялагічнае працы гомельскага абласнога камісарыята.
Падчас службы ў камісарыяце Мікалай Зьвёздкін напісаў дысертацыю на тэму «Фармаваньне патрыятычных каштоўнасьцяў у сістэме дзяржаўнае моладзевае палітыкі Рэспублікі Беларусь», прычым навуковым кіраўніком гэтае дысертацыі быў прапагандыст Вадзім Гігін. Сярод праектаў, на якіх базуецца дысертацыя Зьвёздкіна — праграма «Выхаваньне патрыятызму ў дзяцей 4-6 гадоў», пазьней зьдзейсьненая ў адным зь дзіцячых садкоў, падшэфных БелДУТ. Чатырохгадовым дзецям паказвалі картачкі цёмных і сьветлых колераў і пыталі, зь якімі колерамі ў іх асацыюецца Вялікая Айчынная вайна.
Ужо будучы супрацоўнікам БелДУТ, Мікалай Зьвёздкін адзначыўся таксама ў падтрымцы гібрыднае акупацыі Беларусі: на форуме, прысьвечаным так званай «Саюзнай дзяржаве», выступіў з дакладам «Патрыятычная культура як фактар аб'яднаньня народаў Расеі і Беларусі».

Як згадвалася раней, у 2023-м у ваенна-прыкладной гульні «Прарыў» ўдзельнічалі студэнты вышэйшых навучальных установаў Гомельшчыны, тое ж самае адбывалася ў 2024 годзе.
Сярод складнікаў «Прарыву» былі: стварэньне абарончага ўмацаваньня зь мяшкоў зь пяском, стральба па мішэнях з пнэўматычных вінтовак, перацягваньне ўручную артылерыйскае гарматы (на фота ўверсе). Прычым этап гульні, ў які ўваходзіла стварэньне абарончых умацаваньняў, меў назву «бой ў горадзе». У 2024 годзе да складнікаў дадаліся «падрыў агнявое кропкі праціўніка» і марш-кідок праз водную перашкоду. А ў 2025 годзе — яшчэ і спаборніцтвы аператараў БПЛА.
У 2025 годзе гульня «Прарыў» была распаўсюджаная ўжо на вышэйшыя навучальныя ўстановы ўсёй краіны. Мінабароны як адзін з арганізатараў відавочна праявіла сваю зацікаўленасьць у гульні, паколькі рэгіянальныя этапы збольшага праходзілі на тэрыторыі вайсковых частак. У тым ліку — 103-е Віцебскае паветрана-дэсантнае брыгады, 6-е асобнае механізаванае брыгады і 120-е асобнае механізаванае брыгады.
У інструктыўна-метадычным дакуманце, падпісаным міністрам адукацыі Іванцом 25 ліпеня 2025 года і прысьвечаным арганізацыі ідэялагічнае і выхаваўчае працы ў вышэйшых навучальных установах у 2025-2026 гадах, прадугледжана стварыць да 1 студзеня 2026 года ваенна-патрыятычныя клубы на базе вышэйшых навучальных установаў па ўсёй краіне і арганізаваць іх далейшы удзел у гульні «Прарыў».
Апроч таго, Мікалай Зьвёздкін ў студзені 2025 года атрымаў прэзідэнцкі грант на правядзеньне ваенна-прыкладной гульні «Прарыў» сярод працоўнае моладзі Гомельшчыны.
Як заявілі ў БелДУТ, для ўдзельнікаў «Прарыву» распрацавалі штурмавую паласу даўжынёй 1200 метраў, у якую ўваходзіць 12 этапаў, набліжаных да дзеяньняў вайскоўцаў у баявых варунках.

Гарадскі і раённыя этапы праводзіліся ўлетку гэтага года, фінал жа адбыўся 19 верасьня на тэрыторыі вучэбна-палявога цэнтру БелДУТ. Парадак падчас этапаў гульні забясьпечвалі ды сочылі за выконваньнем правілаў чальцы БРСМ.
Што тычыцца задзейнічаных прадпрыемстваў, то, напрыклад, у Гомельскім гарадскім этапе ўдзельнічалі працаўнікі «Мілкавіты», Гомельскага хімзавода, «Гомельэнэрга» і фабрыкі «Прагрэс».
Хутчэй за ўсё, ваенна-прыкладную гульню «Прарыў» сярод працоўнае моладзі арганізатары таксама плянуюць распаўсюдзіць на ўсю краіну. А прадпрыемствы абавяжуць стварыць клубы для падрыхтоўкі ўдзелу ў ёй.
А дысцыпліны спаборніцтваў у складзе ваенна-прыкладное гульні могуць указваць на падрыхтоўку нейкіх «атрадаў апалчэнцаў».
