Што агульнага ў крэветкі і бензіну, альбо Як Мінск зноў будзе ратаваць Маскву

«Бітва за ўраджай» у Беларусі даўно скончылася, некаторыя рэгіёны ўжо нават адгулялі «Дажынкі», а некаторыя да іх рыхтуюцца. Рабіць няма чаго, таму трэба сябе чымсьці заняць. І адсюль у многіх узнікаюць нездаровыя ідэі.

Калаж з yaplakal.com

Калаж з yaplakal.com

Памятаеце жарт пра «беларускія крэветкі» ў Расіі пасля пачатку санкцый за Крым? Беларусь зарабіла на гэтым нямала грошай, нібыта «перапрацоўваючы» нарвежскія крэветкі ў «беларускія». «Беларускія крэветкі» сталі мемам на прасторах інтэрнэту, згадваюцца ў сучаснай мастацкай літаратуры (напрыклад, у цыкле «Вядзьмак Аляксандр Смолін» Андрэя Васільева). І вось нехта вырашыў, што крэветка годная помніка.

І ён будзе ўзведзены. У Белаазёрску на абласных «Дажынках» заўтра, 4 кастрычніка, адкрыюць помнік крэветцы, и гэта не жарт.

Вядома, на самай справе «легенда» пад помнік выбрана іншая. Маўляў, возера Белае — адзінае месца пражывання прэснаводнай крэветкі ў Беларусі, якую завезлі сюды ў пачатку 1980-х. Белае з'яўляецца вадаёмам-ахаладжальнікам для Бярозаўскай ГРЭС, і тэмпература ў ім з часам пачала расці, у выніку чаго зніклі мясцовыя віды ракаў. У выніку вырашылі запоўніць нішу цеплалюбным відам.

Толькі чаму помнік ставяць не мёртвым ракам (што было б лагічна), а жывой крэветцы? Верагодна, для таго, каб паказаць, што крэветкі ў Беларусі ўсё ж такі ёсць. А тое, што адно возера не можа даваць столькі гэтых членістаногіх, каб заваліць імі ўсю Маскву — дык і ў Італіі няма столькі алівак, колькі ў свеце «італьянскага аліўкавага алею». Ферштэйн? Галоўнае — паказаць, што крэветкі ў Беларусі ёсць, і гэта факт. А ўжо колькі — пытанне іншае.

Праўда, у Расіі цяпер іншыя праблемы, чым зноў ганяцца за «беларускімі крэветкамі» і высвятляць, адкуль іх столькі. У РФ дэфіцыт бензіну з-за ўдараў украінскіх дронаў па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах. І тамтэйшы віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак прапанаваў павялічыць пастаўкі бензіну з Беларусі ў РФ да 300 тысяч тон у месяц.

Варта адзначыць, што ў верасні аб'ём паставак беларускага бензіну ў Расію ацэньваўся ў 45 тысяч тон. То-бок, Беларусь зноў мае шанцы выратаваць Маскву, пастаўляючы ўжо бензін, а не ежу.

А таксама трэба дадаць, што раней беларускі бензін быў у Расіі праблемай. Такое ўжо было, калі беларускае паліва выцясняла расійскае: у той час, як у РФ нафтаперапрацоўчыя заводы спыняліся на мадэрнізацыю. Тады рынак займаў беларускі бензін, і ўрад РФ нават уводзіў меры «пазітыўнай дыскрымінацыі», уводзячы квоты на «купляйце беларускае». Цяпер, падобна, сітуацыя паўтараецца.

Праўда, Новак прапануе павялічыць не зусім куплю беларускага паліва, а запусціць давальніцкую перапрацоўку нафты. Гэта значыць, нам даюць нафту і крыху грошай, нафту мы перапрацоўваем, а бензін потым забіраюць як «расійскі». Ну чым не «крэветачная» схема?

Глядзіце таксама

Праўда, нам бы лепш купляць у Расіі льготную танную нафту, перапрацоўваць яе, і прадаваць не льготны і дарагі бензін. «Схема Новака» мала дапаможа нашаму бюджэту. А дапамога яму вельмі патрэбная. Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі ў Беларусі ў студзені-жніўні склаў 3,79 млрд долараў, павялічыўшыся ў 1,5 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Але насамрэч, грошай нашаму ўраду лепш не даваць, бо ён на іх зноў набудзе што-небудзь непатрэбнае. Напрыклад, «новую імпартазамяшчальную вытворчасць ветэрынарных і медыцынскіх лекавых сродкаў», якую сваім указам даручыў зрабіць Лукашэнка на базе ААТ «БелВітуніфарм». Дакумент быў прыняты на тыдні дзеля « далейшага развіцця ў краіне біяфармацэўтычнай галіны».

Указ вельмі дзіўны. Па-першае, «БелВітуніфарм» і без яго з'яўляецца «вядучым вытворцам вакцын, сываратак і фармакалагічных ветэрынарных прэпаратаў у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД». Так напісана на сайце прадпрыемства, і ў нас няма падстаў гэтаму не верыць. Па-другое, толькі ў 2010 годзе там скончылася маштабная рэканструкцыя, па выніках якой быў уведзены ў эксплуатацыю найноўшы вытворчы комплекс плошчай 18700 квадратных метраў. І па-трэцяе, менавіта на базе «БелВітуніфарма» збіраліся вырабляць беларускую вакцыну ад каронавіруса, пад што было асвоена безліч грошай. Тую самую вакцыну, якую ці то зрабілі, ці то не — мы не ведаем нават сёння, калі пра «карону» амаль ніхто не згадвае.

Здавалася б — паспяховае прадпрыемства, добра развіваецца, не чапайце яго. Не, трэба туды ўлезці з чарговым незразумелым інвестпраектам. Дамадэрнізавалі да страт лясную прамысловасць, цэментную, тыя ж самыя НПЗ, — і цяпер узяліся за фармацэўтыку.

Бо ў нас заўсёды так. Памятаеце дэкрэт аб дармаедах? Дакументу сёлета споўнілася 10 гадоў. Ён неаднаразова трансфармаваўся і змяняўся, а ў выніку старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на пасяджэнні Мінаблвыканкама скардзіцца, што, аказваецца, «да гэтага часу не створаны механізмы матывацыі да працы асоб, не занятых у эканоміцы».

Паводле яе слоў, Лукашэнка ставіў задачу, што ўсе ў краіне павінны працаваць, яшчэ да 1 студзеня 2021 года. «Потым ён яе трансляваў яшчэ не аднойчы. Але на сённяшні дзень мы ўсё роўна да гэтага пытання вяртаемся, таму што пакуль механізмы, якія дазволілі б матываваць людзей да працы, да цяперашняга часу мы не прапанавалі... Мы, сустракаючыся з людзьмі, пра гэта ўвесь час гаворым: "Вось вам дамашняе заданне. Вы прапануйце, што трэба сёння зрабіць, каб матываваць людзей да працы"», — цытуе яе прэс-служба Савета Рэспублікі.

У краіне рэкордна нізкія паказчыкі беспрацоўя — і не па метадалогіі нашага Мінпрацы, а па стандартах МАП. Нават пакістанцаў клікалі працаваць у Сінявокую. А вось нашы людзі, аказваецца, не толькі да працы «не матываваныя», але і нават Качанава не ведае (як ні дзіўна), як іх матываваць.

За 10 гадоў не прыдумалі. Можа быць, проста ў краіне нармальныя ўмовы жыцця і працы зрабіць? Ці такі просты шлях — не для нас?