«Буйная артылерыя ўнутраных войскаў» на мяжы з Украінай: што яны там робяць?

Атрады спецыяльнага прызначэньня ў складзе ўнутраных войскаў цяпер дыслакуюцца ў нязвыклым мейсцы — на мяжы з Украінай. Мейсца для іх не характэрнае, бо гэта ўсё ж «унутраныя» войскі. Няўжо спадзяваньняў на армію няма, і давер ёсьць толькі для «красаўцаў»?

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Атрады спецыяльнага прызначэньня ў складзе ўнутраных войскаў пачалі з'яўляцца ў сьнежані 2022 года, на сёньня іх больш за дзясятак. Структурна большая частка іх падпарадкаваная існуючым часткам унутраных войскаў, але станам на 2025 год два зь іх мелі статус «асобных» і былі выдзеленыя як асобныя вайсковыя часткі — гэта атрады спецпрызначэньня «Рысь» і «Беркут». Цяпер пачаўся працэс пераўтварэньня ў асобныя вайсковыя часткі іншых атрадаў.

У сакавіку 2025 года камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што «ўжо звыш дзявяці месяцаў атрады спецпрызначэньня выконваюць задачы ў прымежжы па абароне грамадзянаў ад тэрарыстаў і экстрэмістаў, барацьбе з дыверсійна-выведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі». То-бок, частковая перадыслякацыя атрадаў спецпрызначэньня ў беларускае прымежжа адбылася прыкладна ў чэрвені-ліпені 2024 года. 
Прычым, як аказалася, прымежжа — гэта збольшага Гомельская вобласьць. У Лоеўскім раёне «асталяваўся» АСН «Буран», у Брагінскім раёне — АСН «Віцязь», у Ельскім раёне — АСН «Граніт», у Хойнікскім раёне — АСН «Гром», у Нараўлянскім раёне — ААСН «Рысь» і ў Лельчыцкім раёне — АСН «Тарнада». Згаданы вышэй ААСН «Беркут» ня мае канкрэтнай тэрытарыяльнай прывязкі. То-бок, ахопленыя ўсе раёны Гомельшчыны, што мяжуюць з Украінай. Пры гэтым на Гарадзенскую вобласьць прыходзіцца два атрады спецыяльнага прызначэньня (адзін зь іх пры Астравецкай АЭС), а на Берасьцейскую — толькі адзін.

На прыкладзе атрада «Рысь» можна ўявіць, як фактычна выглядае прысутнасьць атрадаў спецпрызначэньня ў прымежжы. Паводле словаў камандзіра «Рысі» Дзьмітрыя Манько, там пастаянна знаходзіцца адна з групаў, якая поўнасьцю самазабясьпечана, узброена і выконвае задачы ў адрыве ад мейсца пастаяннае дыслякацыі. Праз нейкі час яе зьмяняе іншая група.

Як казаў камандзір АСН «Граніт» падпалкоўнік Андрэй Чарноў, чальцы атрада «ахоўваюць парадак» у мястэчках ды вёсках, а таксама здзяйсьняюць абходы тэрыторыі разам з пагранслужбай. Калі зайшла гаворка пра канкрэтныя прыклады аховы парадку, камандзір атрада згадаў пра спыненую бойку ў мясцовай забягалаўцы ды пра адшуканага грыбніка, што заплутаў у лесе. А чальцы ААСН «Рысь» адсправаздачыліся ў злаўленьні кантрабандыстаў, якія вывозілі мяса і малако.

Апроч гэтага, чальцы атрадаў спецпрызначэньня выступаюць у школах і курыруюць ваенна-патрыятычныя клубы — занятак, якога не пазьбегла аніводная ваенізаваная структура ў сучаснай Беларусі.

А ў сакавіку 2025 года ва ўжо згаданай вышэй заяве Карпянкова прагучала таксама, што чарговая задача — падрыхтоўка народнага апалчэньня, якое будзе дзейнічаць у прымежжы ў інтарэсах унутраных войскаў. Мікалай Карпянкоў назваў лічбу 150-200 чалавек.

Як раз у той перыяд часу, з 26 лютага да 30 сакавіка 2025-га, на Гомельшчыне  адбыліся «зборы народных апалчэнцаў», падчас якіх з жыхарамі прымежных мясьцінаў, што прыйшлі на зборы, праводзіліся ўводныя заняткі з баявой падрыхтоўкі. З таго часу чальцы атрадаў спецпрызначэньня ў «падведамных» раёнах навучаюць «народных апалчэнцаў» кіраваньню БПЛА, баявым дзеяньням малымі тактычнымі групамі, усталяваньню і маскіроўцы мінаў, а таксама штурму акопаў і будынкаў. На ілюстрацыі бачна, як «апалчэнец» пад наглядам спецназаўца ўсталёўвае супрацьпяхотную міну.

2_987.jpg

Высьвятляючы, хто ўвайшоў у склад «народных апалчэнцаў», выявілася, што сярод іх — лясьнічыя, а таксама былыя і дзейныя супрацоўнікі падразьдзяленьняў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і працаўнікі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Як правіла, гэта людзі немаладога ўзросту.

Дарэчы, 17 ліпеня 2023 года Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў дапоўнены артыкулам 100(1) «Парадак выкарыстаньня фізычнае сілы, спецыяльных сродкаў, выкарыстаньня зброі пасадавымі асобамі, на якіх ускладаюцца функцыі дзяржаўнае лясное аховы» (у тым ліку лясьнічымі). Апісаны ў гэтым артыкуле парадак практычна дублюе парадак выкарыстаньня зброі, спецсродкаў і фізычнае сілы супрацоўнікамі ворганаў унутраных справаў.

Варта засярэдзіцца на некаторых атрадах спецпрызначэньня больш падрабязна.
Атрад спецыяльнага прызначэньня «Буран», створаны пры гомельскай 6-й асобнай спецыяльнай брыгадзе ўнутраных войскаў, узначальвае падпалкоўнік Аляксандр Барысенка. Чалавек з гэтым імем і прозьвішчам станам на 2020 год быў камандзірам групы ў складзе САХР, заўважаны яго ўдзел у разгоне пратэстаў.

Камандзірам атрада спецпрызначэньня «Тарнада», створанага пры менскай 2-й асобнай спецыяльнай брыгадзе ўнутраных войскаў, з'яўляецца падпалкоўнік Цімур Грышко. У лютым 2016 года Цімур Грышко быў згаданы ў прэсе як камандзір роты спецыяльнага прызначэньня (забесьпячэньня спецыяльных аперацыяў) у складзе ўнутраных войскаў. Гэтая рота была створаная ў 2015-м паводле асабістае ідэі тадышняга камандуючага ўнутранымі войскамі Юрыя Караева. Прызначэньне роты — падмацаваньне таго ці іншага падраздзяленьня ўнутраных войскаў падчас правядзеньня іх аперацыяў поўным арсеналам спецтэхнікі і спецсродкаў. Падначаленыя Грышко, паводле ягоных словаў, трэнаваліся, у тым ліку, «у працы па масавых беспарадках».

А ў жніўні 2020-га Цімур Грышко стаў шырока вядомым, патрапіўшы на здымак журналіста, калі стаяў побач з чалавекам, які ляжыць на зямлі. Тады інтэрпрэтатары ягонае мімікі стварылі вобраз «разгубленага сілавіка». Хаця гаворка шла зусім не пра якога-небудзь шараговага АМАПаўца.

Фота  REUTERS/SCANPIX

Фота  REUTERS/SCANPIX

Асобны атрад спецпрызначэньня «Беркут» значна адрозьніваецца ад іншых. Ён ад самога пачатку, са сьнежня 2022 года, быў створаны як «мабільнае падраздзяленьне для рашэньня задачаў па абароне краіны і вядзеньню контртэрарыстычных дзеяньняў у прымежжы», паводле словаў міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова. На этапе стварэньня атрад уваходзіў у склад 3-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў (в/ч 3214). але ў сакавіку 2024-га быў выдзелены ў асобную вайсковую частку (в/ч 5528). З часу стварэньня атрада ягоны камандзір пасьпеў памяняцца — спачатку гэта быў падпалкоўнік Дзьмітры Штурмін, а потым падпалкоўнік Міхал Хадасевіч. Абодва яны служаць у структурах унутраных войскаў прынамсі з 2016 года, бо былі пазначаныя тады ў рэзультатах стралковых спаборніцтваў як чальцы камандаў унутраных войскаў. У лютым 2025-га Дзьмітры Штурмін пайшоў зь «Беркута» на пасаду камандзіра Спецыяльнага атрада хуткага рэагаваньня (САХР). Намеснікам камандзіра «Беркута» цяпер з'яўляецца падпалкоўнік Сяргей Кукін, які яшчэ ў красавіку 2024 года быў супрацоўнікам СПБТ «Алмаз».

Дзейны камандзір, Міхал Хадасевіч, так апісаў асаблівасьці атрада «Беркут»: «Мы з'яўляемся буйнай артылерыяй унутраных войскаў. На ўзбраеньні атрада маюцца буйныя калібры, мінамёты, CТРК (супрацьтанкавыя ракетныя комплексы). Наш почырк — моцныя ўзрывы і далёкія дыстанцыі. Асноўныя задачы, пастаўленыя перад "Беркутам" — правядзеньне выведвальных мерапрыемстваў падчас контртэрарыстычнае аперацыі, удзел у мерапрыемствах па ўзмацненьні аховы дзяржаўнае мяжы ў перыяд нарастаньня ваеннае пагрозы, блакіраваньне і зьнішчэньне НУФ, выведгрупаў і ДРГ праціўніка».

Далей, гаворачы пра будучыню, Хадасевіч кажа, што «нашыя атрады пастаянна адаптуюць сваю тактыку да новых пагрозаў, выкарыстоўваючы сучасныя метады вядзеньня бою на аснове досьведу СВА».

Дарэчы, неаднаразова згадвалася, што на трэніроўках атрада «Беркут», як і іншых атрадаў спецпрызначэньня, прысутнічаюць «інструктары з баявым досьведам» — фармулёўка, якая на практыцы, хутчэй за ўсё, азначае чальцоў ПВК «Вагнэр»

З артылерыйскага ўзбраеньня атрада «Беркут» на здымках фігуруюць толькі мінамёты. Гэта значыць, што іншая тэхніка або хаваецца, або што яе перадача «Беркуту» толькі плянуецца. І што асноўныя пляны кіраўніцтва ўнутраных войскаў адносна прысутнасьці атрадаў спецпрызначэньня менавіта каля мяжы з Украінай пакуль не рэалізаваныя.