Што цяпер робяць «вагнераўцы» ў Беларусі?

Каля тысячы наймітаў па-ранейшаму застаюцца на беларускай тэрыторыі. Ці знайшлі ім улады занятак?

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/mod.mil.by

У Беларусі засталося менш за тысячу наймітаў ПВК «Вагнер», заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго, украінская выведка пільна сочыць за тым, што адбываецца па той бок мяжы: «Іх там цяпер знаходзіцца менш за тысячу чалавек. Як мы памятаем, іх колькасць вагалася ў раёне 6000, калі яны прыбывалі туды».

Чым цяпер займаюцца «вагнераўцы», якія засталіся ў Беларусі?

Падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» трэніруюцца праходзіць паласу перашкод, страляюць, збіраюць і разбіраюць аўтаматы пад кіраўніцтвам наймітаў ПВК «Вагнер», якія хаваюць твары, але не хаваюць эмблему баявой арганізацыі, прызнаную ў ЗША, Вялікабрытаніі, Літве і іншых краінах тэрарыстычнай, піша тэлеканал «Настоящее время». У тэлеграм-канале МУС Беларусі паказваюць, як найміты, якіх абвінавачваюць у ваенных злачынствах ва Украіне, перадаюць «бясцэнны вопыт» беларускім сілавікам, якія жорстка разганялі пратэсты ў 2020 годзе. Мадэлі з Нацыянальнай школы прыгажосці вучацца страляць і аказваць першую медыцынскую дапамогу пад кіраўніцтвам інструктара з закрытым тварам, але з нашыўкай ПВК «Вагнер» на грудзях.

Першыя групы наймітаў прыбылі ў Беларусь у сярэдзіне ліпеня, пасля няўдалага ваеннага бунту Яўгена Прыгожына. Тады Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «вагнераўцы» будуць бясплатна навучаць беларускіх салдат, а суседнія краіны палохаў іх прысутнасцю: «Нас пачалі напружваць «вагнераўцы». Просяцца на Захад, маўляў, дазвольце нам. Я кажу: вам навошта на Захад, туды? І цішком, мы ж кантралюем, што адбываецца. — "Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў"».


Глядзіце таксама

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык у каментары «Настоящему времени» паведаміў, што заявы Лукашэнкі наконт таго, што «вагнераўцы» будуць перадаваць свой вопыт беларускім вайскоўцам, на самой справе не адпавядаюць рэчаіснасці: «Колькасць заняткаў была вельмі маленькай. Гэта былі заняткі з незразумелымі нейкімі карэспандэнтамі, дзяўчатамі, з нейкім спецназам унутраных войскаў, з дзецьмі. Увогуле, нейкіх сістэмных заняткаў з часцямі падраздзяленняў Узброеных сіл мы не бачылі. Я лічу, што адзіны варыянт, як могуць прымяняцца «вагнераўцы» ў Беларусі, — гэта проста ствараць напружанасць на заходняй мяжы, дэстабілізаваць сітуацыю. Для гэтага шмат іх не трэба».

У Беларусі для наймітаў пабудавалі палявы лагер у Магілёўскай вобласці. У адказ на іх размяшчэнне з мэтай нацыянальнай бяспекі Літва і Латвія ўжо закрылі тры памежныя пункты пропуску, а ў выпадку правакацый з боку наймітаў краіны Балтыі і Польшча паабяцалі цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.

Пасля няўдалага бунту Прыгожына ў Беларусь, паводле слоў Сахашчыка, прыбыло каля васьмі тысяч «вагнераўцаў». Цяпер іх засталося не больш за дзве тысячы.

«Шмат вельмі з'язджала на працягу жніўня-верасня. Істотна скараціўся лагер у населеным пункце Цэль, дзе яны знаходзіліся. І я так мяркую, што сумны лёс ужо спасціг гэтае фарміраванне, і далей, думаю, гісторыя «Вагнера» сумна завершыцца. Пуцін — чалавек вельмі помслівы і, вядома, не даруе сваёй ганьбы і даб'е гэтае фарміраванне», — мяркуе прадстаўнік АПК.

На спадарожнікавых здымках, якія публікуе Беларуская служба «Радыё Свабода», сапраўды відаць, што ў лагеры з 1 жніўня ідзе дэмантаж. Паводле інфармацыі выдання, з таго часу разабрана не менш за 160 намётаў з 273. Гісторыя знаходжання ПВК «Вагнер» у Беларусі, лічыць журналіст з цэнтра «Дасье» Дзяніс Караткоў, завяршаецца: «Развіццё гэтай сітуацыі стала цалкам відавочным з моманту гібелі спадара Прыгожына. Ніякага сэнсу ў існаванні нейкага лагістычнага пункта або базы наймітаў у Беларусі пасля яго смерці няма, а значыць, яна будзе так ці інакш, скажам так, не ліквідавана, а проста перастане існаваць, вось і ўсё. Іх там не будзе ў хуткім часе ў якасці арганізаванай структуры».


Глядзіце таксама

Падобнае меркаванне і ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага: у Беларусі з наймітаў могуць застацца адзінкі, якіх, магчыма, прымуць інструктарамі ў беларускае войска. У цэлым жа, дадае эксперт, размяшчэнне «вагнераўцаў» у Беларусі стварыла ўладам краіны больш праблем.

«Крэмль выкарыстаў свайго васала ў гэтай сітуацыі. Лукашэнка спрабаваў яшчэ падыграць Пуціну, напалохаць палякаў паходам «Вагнера» на Варшаву або Жэшуў, але толькі сабе папсаваў сітуацыю, таму што суседзі паставілі ўльтыматум, што могуць наогул наглуха закрыць мяжу, і гэта ўдарыць па эканамічных інтарэсах рэжыму. Таму, калі рэзюмаваць, і піяраўская пена хутка схлынула, і інструктараў столькі беларускай арміі не трэба, і насельніцтва насцярожылася з-за гэтых няпрошаных гасцей», — кажа палітычны аналітык.

«Гісторыя «Вагнера» скончылася не толькі ў Беларусі, а ўсюды, — упэўнены Дзяніс Караткоў. — Так, прыйдзе што-небудзь іншае на змену, але гэта будзе зусім іншая гісторыя, іншых людзей, іншых арганізацый, з іншымі маштабамі, з іншымі наступствамі».

Пасля няўдалага паходу на Маскву ў чэрвені кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын паведаміў, што разам з наймітамі сыходзіць у Беларусь пад гарантыі Аляксандра Лукашэнкі. Крымінальную справу за спробу бунту ў дачыненні да бізнесоўца спынілі. 23 жніўня самалёт, у якім знаходзіліся Яўген Прыгожын і іншыя супрацоўнікі ПВК «Вагнер», разбіўся ў Цвярской вобласці.