99 гадоў таму шматлікія беларусы ў эміграцыі паверылі тагачаснай «камісіі па вяртаньні» і загубілі сябе
12 кастрычніка 1925 года ў Бэрліне адбылася Другая ўсебеларуская канфэрэнцыя, на якой прысутнічалі як прадстаўнікі Рады БНР, так і дэлегаты з камуністычнай БССР. Па выніках было вырашана «закрываць» праэкт БНР, з чым не пагадзілася частка беларускіх лідараў. Шмат хто паехаў на Ўсход, каб у хуткім часе разьвітацца з жыцьцём. Што гэта было?

Аляксандар Цьвікевіч, прэм'ер БНР пасьля канфэрэнцыі вярнуўся ў БССР. Там яго расстралялі
Перад Другой была Першая ўсебеларуская канфэрэнцыя ў 1921 годзе. Тады 37 беларускіх дэлегатаў зьехаліся ў Прагу. Гэта была насамрэч неблагая прадстаўнічасьць палітычных ініцыятываў, што існавалі на той час у эміграцыі. Нагадаем, за паўгады да падзеяў, якія мы разглядаем, адбыўся так званы Рыжскі мір, які разьдзёр Беларусь на два кавалкі – адзін дастаўся Польшчы Пілсудзкага, другім пачала карыстацца бальшавіцкая дыктатура на Ўсходзе.
Тады па выніках прынялі наступную заяву: «Прымаючы пад увагу сучасны стан Беларусі, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада зазначае:
а) што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада БНР, маючая пераемнасьць улады ад Усебеларускага Кангрэсу 1917 года;
б) што адзінай законнай уладай Беларусі зьяўляецца ўрад БНР, маючы мандат ад Рады БНР.
Прымаючы пад увагу, што праца ўраду БНР зьяўляецца адпаведнай тым мэтам, якія прыняты Нарадай, i што ў першую чаргу яна кіруецца да абароны непадзельнасьці i незалежнасьці Беларуci, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада пастанаўляе аб'яднаць каля ўраду БНР сілы ўсіх беларускіх партый, арганізацый i груп дзеля дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі».
Прайшло некалькі гадоў, і становішча даволі такі зьмянілася. Супярэчнасьці ва ўрадзе БНР па пытаньні аб стаўленьні да БССР прывялі да правядзеньня Другой канфэрэнцыі. Апроч таго, «Віленскае пытаньне» дадало розных поглядаў у кіраўніцтве БНР. У Другой усебеларускай канфэрэнцыі бралі ўдзел агулам 17 чалавек.
Прадстаўнік БССР на Канфэрэнцыі

Зьміцер Жылуновіч
Чырвоных даручылі прадстаўляць сацыялістычнаму пісьменьніку Цішку Гартнаму, у жыцьці вядомаму як Зьміцер Жылуновічу. Як пісаў некалі тых жа поглядаў дасьледчык Эмануіл Іофэ:
«Жылуновічу прыйшлося выканаць даручэньне ЦК Кампартыі Беларусі і асабіста першага сакратара ЦК Аляксандра Крыніцкага. Яшчэ 11 жніўня 1925 года ЦК КП(б)Б зацьвердзіў плян паездкі 3. Жылуновіча і М. Чарота ў Прагу, дзе знаходзілася кіраўніцтва так званай Беларускай Народнай Рэспублікі. ЦК Кампартыі Беларусі прыняў пастанову, у якой лічыў мэтазгодным скліканьне старшынёй Рады народных міністраў БНР А. Цьвікевічам у Бэрліне беларускай канфэрэнцыі пры сямі абавязковых умовах.
Адной зь іх зьяўлялася папярэдняе прызнаньне Менска як адзінага культурнага і палітычнага цэнтра, на які павінен арыентавацца беларускі рух Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых краінаў. Акрамя таго, кіраўніцтва БНР павінна было адмовіцца ад арыентацыі на Лігу Нацый і перад канфэрэнцыяй павінна была адбыцца «перадача паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэклярацыі». Пасьля прыняцьця гэтых умоваў групай А. Цьвікевіча меркавалася фінансаваць будучую канфэрэнцыю.
У кастрычніку 1925 года ў Прагу для работы сярод беларускай эміграцыі выехалі 3. Жылуновіч, М. Чарот і Янка Купала. У Бэрлін для прыняцьця «мандатаў» спецыяльна прыехалі Жылуновіч — як прадстаўнік кіраўніцтва БССР, і намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы A. Ульянаў. Менавіта на Бэрлінскай канфэрэнцыі 15 кастрычніка 1925 года адбылося прызнаньне БССР беларускай нацыянальнай дзяржавай. Праўда, большасьць кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі пайшла на роспуск БНР і прызнаньне БССР, а меншасьць заставалася за мяжой і працягвала праводзіць ранейшую лінію».
Ранейшую лінію, як выказаўся таварыш Іофэ, азначала надалей змагацца за незалежную Беларусь, вольную ад камуністаў на ўсходзе і ад польскай улады на захадзе.
Забыць БНР, закахацца ў БССР?

У выніку дэлегаты 15 кастрычніка 1925 года пастанавілі:
«У зьвязку з сучасным становішчам Беларусі, заходняя часьць якой знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы, а ўсходняя — творыць Беларускую Савецкую Рэспубліку ў складзе Сацыялістычнага Савецкага Саюзу, у мэтах аб’яднаньня ўсіх сіл народу для яго поўнага нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня ў поўным паразуменьні з краевымі беларускімі арганізацыямі, — абвесьціць ад сёньняшняга дня Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць».
У пастанове таксама канстатавалася, што «надзвычайную важнасьць мае імкненьне Радавай Беларусі да зьдзяйсненьня нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу беларускага народа», а Менск прызнаваўся цэнтрам беларускага адраджэньня. Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя абвясьціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менску «здрадай справе вызваленчага беларускага руху».
Гэтую пастанову падпісалі старшыня Рады Народных Міністраў БНР Аляксандар Цьвікевіч і некаторыя іншыя афіцыйныя (альбо прыватныя) асобы. Трэба зьвярнуць увагу на тое, што за некалькі дзён да пачатку Канфэрэнцыі прэзідэнт Рады БНР запатрабаваў і атрымаў прашэньні аб адстаўцы ад Захаркі, Зайца і Пракулевіча. Заява падпісаная 4 кастрычніка, адстаўка прынятая Крачэўскім 10 кастрычніка. У якім статусе выступалі на канфэрэнцыі гэтыя асобы – справа дужа заблытаная.
Глядзіце таксама

Як падкрэсьлівае гісторык Уладзімер Арлоў, супраць прызнаньня БССР рэзка выказаўся міністар фінансаў Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка. Ен заявіў, што працягвае стаяць на грунце Акту 25 сакавіка 1918 году (адным з аўтараў якога, дарэчы, быў). Дзякуючы цьвёрдасьці Захаркі БНР не спыніла існаваньня.
А вось мяккасьць іншых прывяла іх на шыбеніцу.
У лістападзе 1925 года ў газэтах Чэхаславаччыны зьявіліся паведамленьні, падпісаныя Старшынёю Прэзідыюма Рады Пятром Крэчэўскім, у якіх пераканаўча даказвалася несапраўднасьць абвешчанай у БССР «самаліквідацыі БНР». Дзякуючы іх намаганьнем мы і сёньня маем Раду БНР, якую ў наш час узначальвае Івонка Сурвіла.
Лёс тых, хто абраў «перагарнуць старонку»
Зьміцер Жылуновіч, нягледзячы на місію ад ЦК КПБ, загінуў у 1937 годзе ў магілёўскім прыхіятрычным шпіталі.
Міхась Чарот, яго кампаньён па паездцы, расстраляны ў 1937 годзе.
Аляксандар Цьвікевіч – расстраляны ў 1937 годзе.
Вацлаў Ластоўскі – расстраляны ў 1938 годзе.
Уладзімер Пракулевіч – расстраляны ў 1938 годзе.
Лявон Заяц – памёр за кратамі ў 1935 годзе.
Аляксандар Галавінскі – зьнік у высылцы ў 1937 годзе.
Былі вядома і іншыя трагічныя гісторыі тых, хто паверыў чырвоным казкам.