Выведка ЗША: Пуцін мае намер працягваць вайну ва Украіне, каб апраўдаць ужо панесеныя страты
Цяжкія страты на полі бою прымушаюць Пуціна працягваць вайну — каб даказаць усім, што ён меў рацыю. Але гэтыя доказы могуць зрабіць сітуацыю ў Расіі яшчэ цяжэйшай. Тым часам Трамп зноў думае пра санкцыі адносна РФ. Ідуць 1344-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 штурмаў расійцаў у раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Новапаўлаўкі, Пакроўску, Мірнаграду, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ здзейсніла 23 атакі ў раёнах Зялёнага Гаю, Сасноўкі, Вербава, Успенаўкі, Новагрыгораўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Яблонаўкі, Стэпанаўкі і Сафіеўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы 13 разоў спрабавалі прасунуцца каля Зялёнага Гаю, Дзерылава, Навасёлаўкі і іншых.
На Славянскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 10 атак расіян у раёнах Ямпалю, Дронаўкі, Серабранкі і Грыгораўкі.
На Купянскім кірунку адбылося восем баясутыкненняў. Па сем атак на кожным зафіксавана на Гуляйпольскім і Арэхаўскім кірунках.
* * *
Расійскія войскі на Пакроўскім кірунку прарваліся на ўскраіну Мірнаграду — там працягваюцца вулічныя баі, заявіў спікер упраўлення камунікацый групоўкі войскаў «Усход» Украіны капітан Рыгор Шапавал у эфіры тэлемарафона.
«На жаль, вораг зайшоў на ўскраіны Мірнаграда, і выкарыстоўвае не толькі артылерыйскія і беспілотныя сістэмы, а таксама пяхотныя і тэхнічныя сродкі. Нашы Сілы абароны спрабуюць утрымаць, робяць фартыфікацыйныя збудаванні, але сітуацыя досыць цяжкая», — сказаў ён.
* * *
У той жа час начальнік упраўлення камунікацый Групоўкі аб'яднаных сіл Украіны Віктар Трэгубаў у эфіры тэлемарафона абверг заявы Расіі аб акружэнні Купянска.
«У іх ужо іх суграмадзяне пачалі пытацца, калі горад акружаны, то як да гэтага часу там працягваецца ўкраінская абарона? Пасля чаго расіяне пачалі заяўляць, што "мы не маем на ўвазе прамога акружэння, мы маем на ўвазе тое, што можам паражаць украінскую лагістыку"», — паведаміў вайсковец.
Паводле яго, расіяне прысутнічаюць у паўночнай частцы Купянска і спрабуюць прарвацца непасрэдна да цэнтра горада.
«Як і да гэтага, прымяняецца тактыка малых груп, якія чапляюцца за тыя ці іншыя будынкі, назапашваюцца і калі ёсць нейкая фізічная маса — спрабуюць ісці далей. Забяспечваюцца ў першую чаргу з дапамогай дронаў», — распавёў ён.
* * *
Увечары 28 кастрычніка расіяне здзейснілі атаку беспілотнікамі па горадзе Чугуеў Харкаўскай вобласці. У выніку ўдараў адбылося ўзгаранне склада гатовай прадукцыі на тэрыторыі грамадзянскага прадпрыемства. Паліцыя зафіксавала каля шасці трапленняў расійскіх дронаў.
У ноч на сераду, 29 кастрычніка, беспілотнікі атакавалі НПЗ у пасёлку Новаспаскае Ульянаўскай вобласці Расіі. На месцы прылёту адбыўся відовішчны пажар. У Новаспаскім, дзе размешчаны нафтаперапрацоўчы завод НС-Ойл, мясцовыя жыхары чулі як мінімум 5-8 выбухаў.
Таксама 29 кастрычніка беспілотнікі атакавалі НПЗ каля Ёшкар-Алы ў расійскай рэспубліцы Марый Эл. Кадры з пажарам публікуе шэраг Telegram-каналаў. Exilenova+ геалакавала фота з наступствамі прылётаў. Па даных канала, гэта — пасёлак Табашына, які знаходзіцца ў 40 км ад Ёшкар-Алы, там размешчаны ТАА Марыйскі нафтаперагонны завод.
Таксама паведамляецца аб атацы на хімзавод у Будзёнаўску ў Стаўрапольскім краі. Кадры пажараў публікуе шэраг Telegram-каналаў.
Расавіяцыя папярэджвала аб часовым спыненні працы аэрапортаў Краснадара, Ульянаўска і Казані.
* * *

* * *
Разведка ЗША ў кастрычніку прэзентавала членам Кангрэса аналітыку, згодна з якой расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін як ніколі поўны рашучасці працягнуць вайну супраць Украіны і атрымаць перамогу на полі бою, піша NBC News са спасылкай на высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў і прадстаўніка Кангрэса.
Чыноўнік і кангрэсмен кажуць, што Пуцін цяпер займае больш жорсткую пазіцыю, чым калі-небудзь. Сутыкнуўшыся з цяжкімі стратамі расійскіх войскаў і эканамічнымі цяжкасцямі ўнутры краіны, дыктатар РФ імкнецца ўтрымаць украінскія тэрыторыі і пашырыць уплыў сваёй краіны, каб апраўдаць чалавечыя і фінансавыя страты.
Выданне піша, што Белы дом адмовіўся каментаваць ацэнку разведкі, але ўказаў на публічныя заявы прэзідэнта Дональда Трампа аб намаганнях па дасягненні міру.
Чыноўнік дадаў, што ЗША працягнуць выступаць за мірнае ўрэгуляванне вайны, а «дасягненне трывалага міру залежыць ад гатоўнасці Расіі весці добрасумленныя перамовы».
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увядзе новыя санкцыі супраць РФ, якія прымусяць расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна пайсці на перамовы для завяршэння вайны супраць Украіны, заявіў пасол ЗША ў НАТА Мэцью Уітакер, піша Bloomberg.
Міністэрства фінансаў ЗША на мінулым тыдні ўвяло санкцыі супраць расійскіх нафтавых кампаній — Раснафты і Лукойла. Гэта быў першы буйны пакет фінансавых санкцый супраць Расіі з моманту ўступлення Трампа на пасаду.
«Гэта, магчыма, стане тым, што заахвоціць Пуціна сесці за стол перамоваў і спыніць гэтую вайну, і прынамсі заключыць спыненне агню, каб мы маглі дамовіцца аб канчатковым рашэнні», — заявіў пасол ЗША.
Уітакер падкрэсліў, што ў прэзідэнта Трампа «ўсе карты ў руках», гэта толькі адна з іх. «Ёсць яшчэ шмат іншых», — адзначыў дыпламат.
* * *
Расійская эканоміка ўпершыню з сярэдзіны 1990-х гадоў можа скараціцца два гады запар, інфляцыя разгоніцца да 20-гадовага рэкорду, грамадзянам давядзецца рэзка скараціць спажыванне, а бізнесу — інвестыцыі. Такі «рызыковы сцэнарый» апублікаваў Цэнтральны банк РФ. Гэты сцэнар распрацаваны зыходзячы з падзення цэн на нафту да $30-35 і ўзмацнення заходніх санкцый.
Цэнтрабанк апублікаваў «Асноўныя кірункі адзінай дзяржаўнай грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год і перыяд 2027 і 2028 гадоў». Па прагнозах, расійскі ВУП зніжаецца на 2,5-3,5% у наступным годзе і яшчэ 2-3% праз год. Пры гэтым на піку — у чацвёртым квартале 2026 года — тэмпы спаду дасягаюць 6-7%.
Эканоміка ў такім сцэнарыі губляе $108 млрд экспартных даходаў у 2026 годзе і яшчэ $51 млрд у 2027-м. У выніку іх агульны аб'ём апускаецца да $255 млрд — самага нізкага ўзроўню з 2005 года. Для параўнання: у мінулым годзе на экспарце Расія зарабіла $434 млрд, а ў гэтым годзе атрымае $414 млрд (па прагнозе ЦБ).
Інфляцыя ў гэтым сцэнарыі паскараецца да 10,5 — 12,5% (самага высокага ўзроўню з 2005 года), а Цэнтрабанк будзе вымушаны зноў павышаць ключавую стаўку.
* * *
Расійскія сілы супрацьпаветранай абароны па памылцы збілі ўласны баявы верталёт Ка-52 падчас адбіцця атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на тэрыторыю РФ, піша The Moscow Times са спасылкай на некалькі Z-каналаў.
Інцыдэнт адбыўся, верагодна, з-за памылкі знішчальніка, які прыняў верталёт за ўкраінскі беспілотнік.
«Збіты Ка-52(52М), на жаль, не без страт у асабовым складзе. Збіты сваімі быццам бы — знішчальнік адпрацаваў. Вядома, што пераблыталі з БпЛА, напэўна, ён побач быў, трапілі проста не ў таго. З інцыдэнтам і яго прычынамі разбіраюцца», — гаворыцца ў паведамленні аднаго з Z-каналаў.
Па падліках The Insider, усяго за час вайны ад «дружалюбнага агню» Расія страціла як мінімум 17 лятальных апаратаў, уключаючы 12 самалётаў і пяць верталётаў. Сярод іх — чатыры Су-35, тры Су-34, два А-50, па адным Су-27, Су-30 і Іл-22, а таксама два Ка-52, Ка-29, Мі-24 і Мі-8.