«Новага саўдзелу стабільнасць можа не перанесці нават за 4,5 мільярда пуцінскіх долараў»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, чым скончыўся візіт гаранта, у якога сканчаецца гарантыя, да свайго саюзніка. На яго думку, вынікі гэтага візіту вельмі трывожныя.

maxresdefault__1__23.jpg

Сёй-той другі раз за месяц сустракаўся з Пуціным. Таму што даўно не бачыліся, так ён засумаваў. Сказаў, што дамовіўся пра танную нафту, танны газ на пяць гадоў наперад і грошы на другую атамную станцыю. Там, праўда, усюды ёсць які-небудзь дробны нюанс. А як мы ведаем з шматгадовай практыкі, дробныя нюансы паміж саюзнікамі бываюць непераадольнымі перашкодамі. Але цяпер не пра гэта.

З таннымі нафтай і газам усё зразумела. Танны газ — гэта тая міска сачавічнай поліўкі, за якую сёй-той прадаў сваё першародства. Калі ў кагосьці не будзе таннага газу, то ў яго ўсё росквіт зламаецца. Для кагосьці танны газ — не раскоша, а сродак выжывання.

А вось другая атамная станцыя — гэта ўжо чыстыя гулькі. Таму што нам і першая атамная станцыя не патрэбная. Таму сэнс другой атамнай станцыі не ў тым, каб яе пабудаваць, а ў тым, каб асвоіць выдаткаваныя на яе расійскія грошы. Дзеля росквіту і стабільнасці, вядома.

І сёй-той нават ведае канкрэтную суму. Сёй-той сказаў, што ён зэканоміў Пуціну на будаўніцтве беларускай атамнай станцыі 4,5 мільярда пуцінскіх долараў, дык няхай Пуцін цяпер яму гэтыя 4,5 мільярда і аддасць. Жалезная, я лічу, логіка.

Гэта значыць, навошта сяму-таму будаваць другую атамную станцыю, зразумела. За чатыры з паловай мільярды пуцінскіх долараў. Іншая справа Пуцін. Не сказаць, каб у Пуціна гэтыя чатыры з паловай мільярды цяпер былі лішнімі. У яго ў бюджэце дзірка ў пяць трыльёнаў расійскіх рублёў. Ён у наступным годзе нават на вайну збіраецца выдаткаваць на трыльён рублёў менш, чым выдаткаваў у гэтым.

У Пуціна вунь эканоміка пачала выходзіць з ладу цэлымі галінамі. І кожная гэтая галіна просіць сабе бюджэтных грошай на выжыванне. А грошай ім не даюць, таму што самім мала. Я ўжо не кажу пра пазапланавыя прыпыненні працы расійскіх НПЗ прылётамі ўкраінскіх дронаў. І дэфіцыт бензіну ў Расіі, які яшчэ больш ганебны, чым дэфіцыт бульбы ў Беларусі.

Глядзіце таксама

Так што чатыры з паловай мільярды долараў для Пуціна — гэта цяпер не тая сума, за якую можна запатрабаваць ад саюзніка мноства дробных паслуг. Гэта цяпер тая сума, за якую можна запатрабаваць не вельмі дробных паслуг. Я б нават сказаў, што ў ягоным цяперашнім фінансавым стане чатыры з паловай мільярды долараў для Пуціна – гэта тая сума, за якую трэба патрабаваць буйных паслуг. Асабліва, калі да гэтых мільярдаў яшчэ дадаць танную нафту і танны газ на пяць гадоў наперад.

Таму, за 4,5 мільярда долараў сёй-той павінен быў зрабіць Пуціну ўнікальную гандлёвую прапанову. А што яму цяпер прадаваць? Тут вербальнымі інтэрвенцыямі ў вырашэнне ўкраінскага пытання не адкараскаешся. Не, сёй-той, вядома, стараецца. Але яго вербальныя інтэрвенцыі столькі не каштуюць. 

За такія грошы спатрэбіцца саўдзел больш сур'ёзны, чым прапанова Зяленскаму здацца пакуль не позна, а то будзе як тады вясной 22 года. Таму што ўспаміны пра вясну 22 года, калі расійскія войскі, губляючы танкі, рабілі перагрупоўку з-пад Кіева — так сабе стымул, каб здавацца. 

Хоць для кагосьці — вельмі нават стымул. Нездарма ж ён так адчайна імкнецца ўгаварыць Зяленскага. Не за Зяленскага ж сёй-той перажывае, а за гарантыі свой асабістай стабільнасці. Таму што гэта не ў Зяленскага тэрміны падціскаюць. Гэта ў гаранта часу на геапалітычныя манеўры не засталося. Саюзнік падціскае.

Таму што калі ўкраінскае пытанне цяпер хуценька не вырашыць, і для мінаючага гаранта зусім усё роўна якім спосабам, то яму прыйдзецца зноў саўдзельнічаць. А новага саўдзелу ягоная стабільнасць можа не перанесці нават за 4,5 мільярда пуцінскіх долараў.

Яна вунь ледзь перажыла нават сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.