Польская мяжа і паралельныя сусветы беларускай дыпламатыі
На гэтым тыдні даволі нечакана Польшча адкрыла прапускныя пункты на мяжы, хаця раней сцвярджала, што не збіралася гэтага рабіць. Пытанне ў тым, як надоўга хопіць Польшчы трымаць межы адкрытымі і чыя дыпламатыя тут спрацавала. Адно ясна: дыпламатыя была дакладна не беларускай. Паколькі нават у ААН дыпламаты афіцыйнага Мінска (а Беларусь — заснавальніца ААН, між іншым) аказаліся на нейкіх задворках.

Фота з yerkir.am
Дональд Трамп неаднаразова прапаноўваў правесці трохбаковую сустрэчу для ўрэгулявання вайны ва Украіне. На ёй павінны былі прысутнічаць сам Трамп, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў скраў у Трампа ідэю, і як звычайна, ўсё зганьбіў. На палях 80-й сесіі Генасамблеі ААН, як паведамляе прэс-служба МЗС, ён прапанаваў «у бліжэйшы час» арганізаваць трохбаковую сустрэчу. У ёй, паводле Рыжанкова, возьмуць удзел Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнты Мазамбіка і Зімбабвэ.
На думку Рыжанкова, гэта будзе садзейнічаць актывізацыі гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі. Навошта яна трохбаковая — не паведамляецца.
Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская ў рамках той самай Генасамблеі ААН сустрэлася са спецпасланнікам ЗША па пытаннях Украіны і Расіі Кітам Келагам, прэзідэнтам Чэхіі Пятром Павелам, прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам, прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім, са старшынёй Еўрапейскага савета Антоніу Коштай, з вярхоўным прадстаўніком ЕС па знешняй палітыцы Каяй Калас, з міністрамі замежных спраў Украіны, Польшчы, Харватыі, Германіі, Аўстрыі і Ісландыі… І тут можна дадаць «і іншымі».
Афіцыйны Мінск паведаміў, што Рыжанкоў правёў сустрэчы з міністрамі замежных спраў Амана, Эфіопіі, і «адбыліся кароткія размовы» з кіраўнікамі МЗС Анголы, Інданезіі, Казахстана і вышэйзгаданага Зімбабвэ.
Мабыць, гэта ўсё, што трэба ведаць аб стане сённяшняй афіцыйнай беларускай дыпламатыі. Таму што дыпламатыю ўжо даўно вызначае не Рыжанкоў.
Пасля размовы з міністрам замежных спраў Кітая Вань І, у ноч з 24 на 25 верасня польскія памежнікі адкрылі ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, якія былі закрытыя 12 верасня. Пры гэтым ціск незаконнымі мігрантамі на мяжу не спыняецца — толькі за сераду, 24 верасня, польскія абаронцы мяжы зафіксавалі 65 спроб парушэння яе мігрантамі з боку Беларусі. А менавіта на спыненні гэтай практыкі настойваў польскі бок для таго, каб мяжа была адкрытая.
І ў той жа час — 25 верасня Лукашэнка вылецеў з «рабочым візітам» у Расію. Мяркуецца, што ён возьме ўдзел у Глабальным атамным форуме, які пройдзе пад дэвізам «Ад новага тэхналагічнага ўкладу — да новага светапогляду».
Калі б кіраўніком Беларусі быў нябожчык Станіслаў Шушкевіч — мы б зразумелі яго ўдзел у гэтым форуме, бо Шушкевіч быў фізікам-ядзершчыкам. Што на ядзерным форуме будзе рабіць экс-старшыня калгаса «Гарадзец», незразумела. Але візіт усё роўна заяўлены як «рабочы».
І мяркуецца, што ў ходзе атамнага форуму адбудзецца двухбаковая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Бакі «звераць гадзіннікі па найбольш актуальных пытаннях развіцця беларуска-расійскіх адносін, абмяркуюць абстаноўку ў рэгіёне і міжнародны парадак дня», спадзяюцца афіцыйныя крыніцы.
Верагодна, Кітай, як і абяцаў, «прадметна пагаварыў» з Лукашэнкам наконт арганізаванага з боку Беларусі «мігранцкага крызісу», і паведаміў Польшчы, што з Лукашэнкам нібыта «ўсё ўладжана». Але засталася «маленькая» праблема: хутчэй за ўсё, «мігранцкім крызісам» кіруе далёка не Лукашэнка, і, як на гэта звярталася ўвага не раз, гэтыя атакі — «расійскі праект». І Лукашэнка тэрмінова паляцеў да Пуціна ўладжваць гэтае пытанне.
Аднак справа ў тым, што Пуцін на розныя дамоўленасці Лукашэнкі з кім бы там ні было, можа напляваць. Ён цяпер наадварот, схільны правяраць устойлівасць межаў NATO рознымі спосабамі і сродкамі — то дроны масава прыляцяць у Польшчу, то Эстонію звяно расійскіх знішчальнікаў наведае, то над польскай буравой платформай расійскія самалёты з'явяцца... І спыняць «мігранцкі крызіс» Пуціну відавочна не з рукі.
Таму на наступным тыдні мы зможам даведацца, наколькі Лукашэнка ў прынцыпе кантралюе сваіх памежнікаў і межы ўласнай краіны. Калі беларускія памежнікі ўрэшце пачнуць рабіць сваю працу — гэта будзе адзін паказчык. А калі не — то цалкам можа быць, што Польшча знойдзе яшчэ якую-небудзь нагоду для закрыцця межаў.
Тым больш, што прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, анансуючы адкрыццё межаў, заявіў, што сітуацыя ўсё роўна «не радасная і не выклікае ў нас задавальнення», і «гэты інструмент застаецца ў нашых руках».
«І калі ўзнікне неабходнасць, калі напружанасць узрасце або агрэсіўныя паводзіны аднаго з нашых суседзяў узмоцняцца, мы, не вагаючыся, зноў прымем рашэнне аб закрыцці памежных пераходаў», — заявіў Туск. А вось пад «узрослую напружанасць» можна падвесці ўсё, што заўгодна.
А яшчэ на тыдні Еўрапейскі банк развіцця і рэканструкцыі абнавіў макраэканамічны прагноз для краін свайго рэгіёну. У ім змяшчаецца і ацэнка росту эканомік Беларусі і Расіі, хоць ЕБРР афіцыйна і прыпыніў аперацыі ў абедзвюх дзяржавах.
Паводле ацэнкі банка, ВУП Беларусі сёлета вырасце на 1,7%. «У студзені-ліпені 2025 года рэальны рост ВУП замарудзіўся да 1,3% у гадавым вылічэнні, галоўным чынам з-за скарачэння вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. У той жа час інфляцыя ў ліпені вырасла да 7,4%, што адлюстроўвала рост цэн на прадукты харчавання і паслугі. Улічваючы ўзрослую залежнасць ад расійскай эканомікі і запаволенне росту ў Расіі, кароткатэрміновыя эканамічныя перспектывы ўяўляюцца неспрыяльнымі», — гаворыцца ў рэлізе банка.
Варта адзначыць, што па афіцыйных даных у студзені-жніўні рост ВУП нашай краіны паскорыўся да 1,6%, а інфляцыя замарудзілася да 7,2%. Пры гэтым прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця, які ў мінулым годзе зацвердзіў Лукашэнка, прадугледжана, што ВУП сёлета павінен вырасці на 4,1%, а інфляцыя скласці не больш за 5%.
Дарэчы, паводле ацэнак ЕБРР, рост расійскай эканомікі ў 2025 і 2026 гадах прагназуецца на ўзроўні 1,3%. Гэта значыць, падтрымка Лукашэнкі грашыма, верагодна, зменшыцца яшчэ больш. А калі яшчэ і мяжу канчаткова закрыюць?