Bloomberg: У Крамлі расце разуменне, што вайна супраць Украіны зайшла ў тупік
Сусветныя выданні пішуць пра змену настрояў у Крамлі, але пры гэтым заканчваць вайну Пуцін пакуль не наважваецца. Але Украіна стабілізавала лінію фронту і нават вызваляе свае тэрыторыі — пры тым, што да яе пакуль не дайшла падтрымка ЗША. А што будзе, калі яна прыйдзе? Ідуць 1550-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 216 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян у раёнах Вольнага, Біліцкага, Радзінскага, Аляксандраўкі, Шаўчэнка, Пакроўску, Грышына, Тарэцкага, Дарожнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 32 атакі расіян у раёнах Новага Запарожжа, Злагоды, Салодкага, Стараўкраінкі, Дабраполля, Горкага, Залізнічнага, Уздвіжаўкт, Аленаканстанцінаўкі і Чароўнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Навадзмітраўкі і Сцяпанаўкі.
На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 12 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Торскага, Азёрнага, Дробышава, Дзіброва, Ямпалю і Ліману.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы сем разоў штурмавалі пазіцыі УСУ, на Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося шэсць баявых сутыкненняў.
* * *
Сузаснавальнік аналітычнага цэнтра DeepState Раман Пагарэлы заявіў, што Пакроўск і Мірнаград цалкам акупаваныя.
Пагарэлы лічыць утрыманне Пакроўска бессэнсоўным і занадта дарагім па чалавечых стратах. На яго думку, камандаванне памыляецца, настойваючы на абароне горада. Ён нагадаў пра няўдалую спробу 425-га батальёна зайсці ў горад — аперацыю, якая прывяла да страты людзей і тэхнікі, але не дала выніку.
«Давайце захаваем жыцці людзей і будзем працаваць па-іншаму. Чамусьці ў вышэйшым камандаванні лічаць, што гэта няправільна. Трэба да апошняга трымаць Пакроўск з-за нейкай інфармацыйнай вайны. Але дзеянні паказваюць іншае», — адзначыў Пагарэлы.
У 7-м корпусе хуткага рэагавання ДШВ заявы пра поўную акупацыю горада абвяргаюць. Старшы афіцэр аддзела камунікацый лейтэнант Сяргей Лефтэр пацвердзіў: абарончая аперацыя ў Пакроўску працягваецца, падраздзяленні ўтрымліваюць пазіцыі на паўночных ускраінах. Афіцэр 25-й паветрана-дэсантнай брыгады дадаў, што байцы застаюцца ў зоне сувязі, перадаюць інфармацыю пра праціўніка і вядуць агонь. «Рэальна пазіцыі ёсць, рэальна людзі ёсць. Мы іх бачым і кормім», — сказаў ён.
Баі за Пакроўск працягваюцца ўжо больш за год — горад стаў адным з самых гарачых кірункаў на Данецкім фронце. Расія спрабуе захапіць яго як ключавы лагістычны вузел, праз які праходзяць асноўныя шляхі забеспячэння ўкраінскіх сіл у рэгіёне.
* * *
З пачатку 2026 года Украіна вызваліла ад акупацыі 590 квадратных кіламетраў сваёй тэрыторыі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 22 траўня.
«Украінскія пазіцыі зараз мацнейшыя, чым у папярэднія гады. З пачатку года 590 квадратных кіламетраў нашай тэрыторыі вызвалена і знаходзіцца пад кантролем. Тэндэнцыя — дакладна не ў інтарэсах акупанта, мы працягваем нарошчваць паказчыкі знішчэння расійскага асабовага складу — гэта разам з санкцыямі ўсіх формаў прымушае Расію выбіраць дыпламатыю», — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Зяленскі заявіў, што менавіта зараз намаганні Украіны і партнёраў накіраваны на актывізацыю дыпламатычнага кірунку.
* * *
У ноч на 23 траўня Расія атакавала Украіну 124 БПЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 102 з іх. Паветраныя сілы папярэджваюць, што атака працягваецца, у паветранай прасторы знаходзяцца некалькі груп расійскіх БПЛА.
Увечары 22 траўня Палтаўская вобласць была атакавана БПЛА. Абломкі збітых БПЛА ўпалі на адкрытай тэрыторыі. Зваротаў у экстранныя службы пра пацярпелых не паступала.
У Наварасійску Краснадарскага краю РФ у выніку атакі беспілотнікаў загарэўся нафтавы тэрмінал. Згодна з OSINT-аналізам Astra, верагодна, гарыць перавалачны комплекс «Шэсхарыс».
* * *
* * *
Частка высокапастаўленых чыноўнікаў у Крамлі прызнаюць, што вайна супраць Украіны зайшла ў тупік, а бяспечнага выхаду з гэтай сітуацыі для рэжыму пакуль няма, піша Bloomberg.
«Украіна і яе саюзнікі ўсё больш упэўненыя, што ўварванне Расіі вычэрпваецца, паколькі Кіеў стабілізуе лінію фронту і спыняе вясновы наступ Масквы», — піша выданне.
Эфектыўнасць Украіны ў прымяненні дронаў, якія наносяць расійскім войскам значныя страты, суправаджаецца ўдарамі на-за лініяй фронту і ўглыб тэрыторыі Расіі. Гэта ўзмацняе ўнутраную крытыку на адрас расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Нервовы настрой падзяляюць многія прадстаўнікі расійскай эліты. Некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі Крамля, па словах крыніц, лічаць, што вайна зайшла ў тупік і не мае яснага шляху вырашэння.
Па даных Bloomberg, Пуцін хоча завяршыць вайну да канца гэтага года, але толькі на ўмовах, якія ён лічыць пераможнымі. Размова ідзе пра поўны кантроль над Данбасам, які расійскія войскі не змаглі захапіць больш чым за дзесяць гадоў, а таксама больш шырокае пагадненне пра бяспеку з Еўропай, якое фактычна прызнавала б тэрытарыяльныя дасягненні Масквы.
Некалькі еўрапейскіх дыпламатаў заявілі Bloomberg, што лічаць настроі ў Расіі змрочнымі, паколькі на фронце назіраецца патавая сітуацыя, а ўдары ўкраінскіх дронаў пераносяць вайну непасрэдна ў Маскву.
Старэйшы навуковы супрацоўнік па пытаннях Расіі і Еўразіі Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў у Лондане Найджэл Гулд-Дэвіс лічыць, што для падтрымання ваенных намаганняў Крэмль амаль напэўна будзе вымушаны правесці другую частковую мабілізацыю на працягу бліжэйшых 12 месяцаў.
* * *
Група сенатараў у Кангрэсе ЗША ад абедзвюх партый выступіла супраць затрымак з боку Міністэрства вайны ў наданні 600 мільёнаў долараў дапамогі ў сферы бяспекі Украіне і іншым саюзнікам ва Усходняй Еўропе, накіраваўшы ліст міністру Піту Хегсету з патрабаваннем выдаткаваць гэтыя сродкі, піша Associated Press.
Заканадаўцы з абедзвюх партый патрабуюць інфармацыі пра тое, што адбылося з 400 мільёнамі долараў дапамогі Украіне і яшчэ 200 мільёнамі долараў на абаронныя праграмы Эстоніі, Латвіі і Літвы. Гэтыя сродкі былі вылучаны Кангрэсам у мінулым годзе. Нават заканадаўцы-рэспубліканцы выказалі сваё расчараванне тым, што адміністрацыя Трампа дыстанцуецца ад Украіны і іншых еўрапейскіх саюзнікаў.
«Украіна настойліва і мужна адбівала чатырохгадовае расійскае ўварванне, але яе ўзброеныя сілы маюць патрэбу і заслугоўваюць далейшай падтрымкі з боку ЗША», — адзначылі сенатар-дэмакрат Дзік Дурбін і сенатар-рэспубліканец Чак Граслі ў сумесным лісце.
Падчас слуханняў у Кангрэсе, якія адбыліся больш за тры тыдні таму, міністр вайны ЗША Хегсет паведаміў заканадаўцам, што фінансаванне для Украіны было «разблакіравана» і што план выдаткаў неўзабаве будзе накіраваны заканадаўцам. Аднак сенатары заяўляюць, што Пентагон не ўклаўся ў абяцаны тэрмін — да 15 траўня — для прадстаўлення гэтага плана.
«Любыя далейшыя затрымкі — асабліва з улікам таго, што, па паведамленнях, міністэрства плануе вывад амерыканскіх войскаў з рэгіёна, што выклікае занепакоенасць, — ставяць пад пагрозу нашу здольнасць адэкватна стрымліваць Расію», — заявілі сенатары.
У Палаце прадстаўнікоў таксама набірае абароты падтрыманая дэмакратамі прапанова пра пашырэнне санкцый супраць Расіі і наданне Украіне ваеннай дапамогі на суму 1 мільярд долараў. Хоць гэты пакет дапамогі наўрад ці будзе прыняты, ён спрыяе ажыўленню сярод заканадаўцаў новай хвалі падтрымкі ваенных намаганняў Украіны.
* * *
Трохбаковыя перамовы паміж Украінай, ЗША і Расіяй зараз знаходзяцца «на паўзе», але Вашынгтон дапускае іх аднаўленне пры пэўных умовах, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё на сустрэчы міністраў замежных спраў НАТА ў Швецыі.
Ён адзначыў, што ЗША далучыліся да перамоўнага працэсу, паколькі, паводле яго слоў, былі адзінымі, з кім гатовыя былі весці перамовы і Украіна, і РФ. «На жаль, гэтыя перамовы не далі вынікаў. Мы гатовыя і надалей выконваць гэтую ролю. Нягледзячы на ілжывыя ўцечкі інфармацыі, нягледзячы на апавяданні пра тое, што мы застаўляем украінцаў займаць тую ці іншую пазіцыю, што не адпавядае рэчаіснасці», — заявіў Рубіё.
Дзяржсакратар ЗША дадаў, што ЗША гатовыя да далейшых сустрэч, калі ўбачаць магчымасць арганізаваць перамовы, якія будуць прадуктыўнымі і змогуць прынесці вынік.
«На працягу апошніх некалькіх месяцаў мы адчувалі, што прагрэсу не было шмат, але, магчыма, дынаміка зменіцца. Мы таксама не зацікаўлены ў тым, каб уцягвацца ў бясконцы цыкл сустрэч, якія ні да чаго не прыводзяць», — сказаў Рубіё.
Ён адзначыў, што вайна ва Украіне можа скончыцца толькі шляхам перамоўнага ўрэгулявання. Паводле яго пераканання, яна не скончыцца ваеннай перамогай Кіева або Масквы «з традыцыйнага пункту гледжання вызначэння ваенных перамог».