Расія і Беларусь рыхтуюць правакацыйную дыверсію супраць Польшчы — ISW

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацэньвае, што Расія і Беларусь могуць рэалізоўваць дыверсійныя аперацыі спецназа супраць крытычнай інфраструктуры Польшчы і абвінавачваць у гэтым Украіну. У той жа час Еўропа думае закрыць «парасонам» супрацьпаветранай абароны Заходнюю Украіну — магчыма, аж да Кіева. Ідуць 1316-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

557748499_1152768290369581_7134835465391520284_n.jpg

На працягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 155 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 кастрычніка.

На Пакроўскі кірунак па-ранейшаму прыпадае траціна расійскіх атак: там абаронцы Украіны спынілі 51 штурм арміі РФ у раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Радзінскага, Чырвонага Лімана, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Пакроўска, Зверава, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.

На Навапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Зялёнага Гаю, Паддубнага, Ворана, Сасноўкі, Студзеньскага, Тэрнаў, Ольгаўскага і Новагрыгораўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 15 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Шандрыгалава, Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Калодзежаў, Ямпалаўкі.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 14 атак каля Тарэцка, Дыліеўкі, Яблонаўкі, Кацярынаўкі, Русінага Яра і Палтаўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Сіверскім кірунках за мінулы дзень украінскія падраздзяленні адбілі па сем атак расіян на кожным. 

* * *

У ноч на 1 кастрычніка расійцы атакавалі Украіну 49-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў, супрацькарабельнай ракетай «Онікс», а таксама чатырма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23. Супрацьпаветранай абаронай было збіта і задушана 44 БПЛА.

У ноч на 1 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Харкаў балістычнымі ракетамі і кіраванымі авіябомбамі. Папярэдне вядома пра шэсць параненых. Колькасць пацярпелых працягвае расці. У выніку траплянняў КАБаў па Салтаўскім і Кіеўскім раёнах зафіксавана разбурэнне прыватных дамоў і гаражоў, узніклі пажары. Таксама пажар успыхнуў на адным з гарадскіх рынкаў.

У выніку расійскай атакі на Дняпро ўдарнымі дронамі 30 верасня колькасць пацярпелых узрасла да 31 чалавека, сярод іх — непаўналетнія. Таксама, уночы 1 кастрычніка расіяне нанеслі ўдары БПЛА па Петрапаўлаўскай і Пакроўскай абшчынах Сінельнікаўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці. Пашкоджана інфраструктура і памяшканне, у якім размяшчаліся магазін і аптэка. Людзі не пацярпелі.

* * *

555717123_1153059940340416_5453760943156560189_n.jpg

* * *

Еўрапейскія краіны могуць разгарнуць уласныя сістэмы супрацьпаветранай абароны над заходняй часткай Украіны, а пасля і над Кіевам у адказ на ўзмацненне расійскіх правакацый, накіраваных на праверку рашучасці NATO, піша The Telegraph.

На працягу апошніх тыдняў Расія ажыццявіла шэраг правакацый, якія эксперты разглядаюць як праверку рашучасці NATO. Расійскія дроны фіксавалі над Польшчай, Румыніяй і Даніяй, знішчальнікі заляталі ў паветраную прастору Эстоніі, а на еўрапейскія аэрапорты, уключаючы лонданскі Хітроў, ажыццяўляліся кібератакі.

Хоць еўрапейцы збілі толькі нязначную колькасць расійскіх дронаў, самі інцыдэнты дэманструюць стратэгічны разлік Масквы: праверыць, ці гатовыя ЗША і NATO актыўна рэагаваць на парушэнні паветранай прасторы.

Паводле ацэнак экспертаў, расійскі ўладар Уладзімір Пуцін спрабуе выкарыстаць перыяд унутрыпалітычнай нестабільнасці ў ЗША, каб аслабіць пазіцыі NATO ў Еўропе, ліквідаваць незалежнасць Украіны і разбурыць NATO.

Адным з варыянтаў адказу Захаду, які абмяркоўваецца ў палітычных і ваенных колах, можа стаць разгортванне еўрапейскіх сістэм супрацьпаветранай абароны над заходняй часткай Украіны з патэнцыяльным пашырэннем да Кіева. Такі крок разглядаецца як спосаб прадэманстраваць гатоўнасць Еўропы браць на сябе адказнасць за ўласную бяспеку.

The Telegraph падкрэслівае, што варыянт, які абмяркоўваецца, не прадугледжвае прамога сутыкнення з расійскімі ваеннымі, бо атакі ажыццяўляюцца пераважна дронамі і ракетамі вялікай далёкасці, запушчанымі з тэрыторыі РФ.

«Гэта мела б істотнае значэнне для ваенных намаганняў Украіны. Самае галоўнае, гэта дало б Пуціну зразумець, што калі Расія ставіць Захад перад дылемай, Еўропа можа і будзе рабіць тое ж самае ў дачыненні да Расіі», — адзначае The Telegraph.

* * *

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб падчас размовы з журналістамі Politico і некалькіх іншых выданняў у Хельсінкі выказаў упэўненасць, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп узмоцніць ціск на расійскага ўладара Уладзіміра Пуціна, перайшоўшы ад палітыкі «перніка» да «бізуна».

На яго думку, справа толькі ў часе, калі ЗША ўдараць па Пуціну там, дзе яму будзе сапраўды балюча. «Убачыўшы, што пернікі рэдка працуюць з расіянамі, ён перайшоў да стадыі бізуна, — сказаў Стуб. — Цяпер пытанне толькі ў тым, наколькі вялікім будзе гэты бізун».

Такая ацэнка кантрастуе са скептыцызмам, які пануе ў некаторых еўрапейскіх сталіцах, дзе публічную крытыку Пуціна з боку Трампа расцанілі як пустыя заявы. Аднак Стуб, які наладзіў асабісты кантакт з прэзідэнтам ЗША дзякуючы агульнай любові да гольфа, мае больш даверу ў дачыненні да вытлумачэння яго намераў, піша Politico.

На пытанне, што менавіта можа стаць тым «бізуном» для Пуціна, Стуб пажартаваў, што гэта можа быць «клюшка», намякаючы, што ў арсенале Трампа ёсць шмат інструментаў уплыву. «Прэзідэнт Трамп працуе калі не кругласутачна, то штодня над тым, каб скончыць вайну. У яго ў сумцы 14 клюшак», — сказаў Стуб.

Сярод магчымых варыянтаў разглядаюцца: больш жорсткія санкцыі, уключаючы другасныя, павышэнне тарыфаў і больш актыўнае выкарыстанне амерыканскай зброі, здольнай паражаць цэлі глыбока на тэрыторыі Расіі.

* * *

Расія і Беларусь могуць рэалізоўваць дыверсійныя аперацыі спецназа супраць крытычнай інфраструктуры Польшчы і абвінавачваць у гэтым Украіну, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі ISW звяртаюць увагу на заяву Службы знешняй разведкі Расіі (СВР) 30 верасня пра тое, што нібыта Украіна рыхтуе атаку на крытычную інфраструктуру Польшчы «пад сцягам іншай дзяржавы», каб абвінаваціць у гэтым Расію і Беларусь.

СВР сцвярджае, што Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны і польская разведка нібыта адправяць у Польшчу дыверсійна-разведвальную групу, якая складаецца з грамадзян Расіі і Беларусі з праўкраінскага Легіёна «Свабода Расіі» і палка імя Кастуся Каліноўскага. Яны нібыта будуць прыкідвацца расійскімі і беларускімі спецназаўцамі на прэс-канферэнцыі пасля таго, як іх захопяць польскія службы бяспекі.

У расійскай разведцы сцвярджаюць, што Украіна нібыта можа адначасова ажыццявіць «атаку» на крытычную інфраструктуру ў Польшчы, каб «узмацніць грамадскі рэзананс».

Эксперты ISW перакананыя, што Крэмль, верагодна, даручыў СВР абнародаваць гэту заяву, каб пазбегнуць адказнасці за магчымую будучую дыверсію расійскіх і беларускіх сіл супраць Польшчы.

На думку аналітыкаў, Расія часта выкарыстоўвае СВР для распаўсюджвання беспадстаўных абвінавачванняў у будучых атаках у рамках кампаній дэзынфармацыі, якія накіраваны на аслабленне падтрымкі Украіны і распаўсюду сумневаў наконт прыроды правакацый Расіі супраць краін NATO.

«Верагодна, Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы, каб абвінаваціць Украіну ў будучых атаках, якія Расія сама можа рэалізаваць супраць Польшчы альбо іншых дзяржаў NATO», — гаворыцца ў справаздачы.

У ISW нагадалі, што 26 верасня па падобным сцэнарыі Расія абвінаваціла Украіну ў нядаўніх інцыдэнтах з дронамі ў паветранай прасторы Польшчы і Румыніі. У Маскве адзначылі, што залёт дронаў у паветраную прастору дзвюх краін, нібыта павінен справакаваць вайну NATO супраць Расіі. Гэта пры тым, што польскія і румынскія афіцыйныя асобы абвясцілі датычнай да гэтых інцыдэнтаў менавіта Расію.

* * *

У ЕС заклікалі Расію неадкладна спыніць усе ваенныя аперацыі вакол ЗАЭС, каб тэрмінова аднавіць лініі электразабеспячэння. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка знешнепалітычнай службы ЕС.

На мінулым тыдні ЗАЭС страціла падключэнне да апошняй знешняй крыніцы электразабеспячэння. У цяперашні час атамная станцыя залежыць выключна ад аварыйных дызельных генератараў, якія забяспечваюць электраэнергію для ахалоджвання шасці спыненых рэактараў і выканання іншых ключавых функцый ядзернай бяспекі. Працяглая страта электразабеспячэння можа ў выніку паставіць пад пагрозу працу сістэм бяспекі станцыі.

«Расія павінна неадкладна, безумоўна і цалкам вывесці ўсе свае войскі, ваенную тэхніку і іншы несанкцыянаваны персанал з ЗАЭС і ўсёй тэрыторыі Украіны. Вяртанне ЗАЭС пад поўны кантроль кампетэнтнай і законнай украінскай улады з'яўляецца адзіным доўгатэрміновым рашэннем, якое дазволіць мінімізаваць рызыку ядзернай аварыі з глабальнымі наступствамі», — гаворыцца ў заяве.