Грошай няма, але вы трымайцеся: РФ упершыню адкладае снежаньскія выплаты для арміі
Хутка ў РФ грошай не будзе ні на што, апроч вайны: з-за дэфіцыту бюджэту адкладаюць выплаты заробку нават вайскоўцам — але тым, хто не ва Украіне. У той жа час вядома, што Расія, калі хоча, можа дамаўляцца — спыненне агню ў Алешках доўжыцца ўжо чацвёртыя суткі. А ў ЗША прынялі маштабнае рашэнне па Patriot для Украіны — зразумела, без удзелу Трампа. Ідуць 1711-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 173 баявых сутыкнення, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 31 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 20 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Сафіеўка, Вольнае і ў бок Мікалаеўкі, Залатога Калодзежа.
На Пакроўскім кірунку адбылося 14 атак расіян непадалёк населеных пунктаў Новы Данбас, Біліцкае, Чырвонападдолле, Дабраполле, Маладзецкае і ў бок Сяргееўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім, Гуляйпільскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па дзевяць атак на кожным.
* * *
Расійскія войскі ў ноч на 31 кастрычніка ўразілі беспілотнікам прыватны жылы дом у Харкаве, пацярпелі тры чалавекі.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па Сумах ударнымі беспілотнікамі. Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
Украінскія БпЛА атакавалі рэспубліку Башкартастан у Расіі. У сацсетках кажуць, што выбухі гучалі ў прамысловай зоне Уфы.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўхваліў магчымае пагадненне пра продаж ураду Украіны ракет Patriot Advanced Capability-3 (PAC-3) для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, гаворыцца ў заяве амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.
Агульны кошт складае 2,1 млрд долараў. Украіна аплаціць гэтую закупку за кошт ахвяраванняў ад Канады, Германіі і Нарвегіі ў рамках праграмы JUMPSTART, а таксама за кошт нацыянальных сродкаў, які фінансуюцца за кошт пазыкі Еўрапейскага Саюза ў падтрымку Украіны. У гэтай здзелцы не за задзейнічаныя сродкі ЗША.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вітаў рашэнне Дзярждэпа ЗША дазволіць Украіне набыць перахопнікі для сістэм Patriot, аднак адзначыў, што іх пастаўкі могуць пачацца толькі праз некалькі гадоў.
«Моцнае рашэнне Дзярждэпа ЗША — дазволіць Украіне набыць перахопнікі для "Патрыётаў" супраць расійскай балістыкі. Пяцьсот перахопнікаў PAC-3 — гэта істотна, і ўжо хутка — гэтай зімой — гэта мог бы быць вельмі эфектыўны абарончы пакет. Аднак вызначана, што пастаўкі могуць пачацца толькі праз некалькі гадоў. Просім амерыканскіх партнёраў знайсці рашэнне менавіта тады, калі існуе рэальная небяспека і рэальная неабходнасць у прымяненні PAC-3», — напісаў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі падкрэсліў, што напярэдадні зімы РФ пачала масіраваную ударную кампанію супраць сістэм жыццезабеспячэння ўкраінскіх гарадоў і грамад. Толькі за апошнія два тыдні кастрычніка расійскія войскі нанеслі больш за 30 удараў па ключавых элементах украінскай энергасеткі.
«Пяцісот ракет хапіла б, каб закрыць наша неба ў найбліжэйшыя месяцы… Наданне іх Украіне менавіта цяпер, зімой 2026–2027 гадоў, а затым аднаўленне арсеналаў партнёраў ужо ў наступныя гады дзякуючы гэтаму закантрактаванаму і аплачанаму Украінай і партнёрамі вытворчасцю — гэта быў бы правільны шлях, і гэта цалкам рэальна», — лічыць Зяленскі.
* * *
* * *
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец у сацсетках паведаміў, што эвакуацыйныя калоны з жыхарамі Алешкаў знаходзяцца ў дарозе, у ходзе гуманітарнай місіі парушэнняў зафіксавана не было.
«Я асабіста працягваю каардынаваць гуманітарную місію. На гэты момант тыя, хто жадаў выехаць ва Украіну, — мелі магчымасць выехаць з Алешкаў, яны цяпер у дарозе. Гуманітарная дапамога дастаўлена. Калоны падзяліліся — я еду ва Украіну», — напісаў ён.
Рэжым цішыні доўжыцца ўжо 87 гадзін. «Праца працягваецца ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі з упаўнаважанай па правах чалавека ў РФ Янай Лантратавай, пры садзейнічанні і каардынацыі першай ледзі ЗША Меланіі Трамп», — паведаміў Лубінец.
* * *
Генеральны дырэктар кампаніі Fire Point Ірына Церах у інтэрв'ю агенцтву Reuters паведаміла, што ўкраінскі вытворца ракет і беспілотнікаў знайшоў спосаб наносіць удары далёкага дзеяння, у тым ліку на акупаваных Расіяй тэрыторыях, без дапамогі Starlink.
Па словах Церах, кампанія знайшла шляхі, якія дазволілі ёй наносіць удары без выкарыстання спадарожнікавай сувязі. «Мы будавалі з улікам гэтага. Сістэмы Fire Point распрацаваны для выканання місіі без спадарожнікавай сувязі. Навігацыя, якая працуе без якога-небудзь знешняга сігналу, з'яўляецца прыярытэтам», — заявіла яна.
«Мы знайшлі спосаб тэхналагічна пераадолець гэтую праблему, але гэта ахоплівае, верагодна, толькі 15–20% таго, што мы маглі б зрабіць, калі б Starlink працаваў (над Расіяй)», — сказала яна.
* * *
РФ упершыню адклала снежаньскія выплаты арміі з-за дзіркі ў бюджэце. Выплату грашовага забеспячэння арміі РФ за снежань 2026 года плануе перанесці на студзень новага 2027 года. У выпадку, калі расійскае Мінабароны зацвердзіць гэты праект, то гэта стане першым падобным выпадкам як мінімум з 2008 года, паведамляе расійскае выданне Вёрстка.
Выплаты ваеннаслужачым за снежань да канца каляндарнага года — сталая практыка расійскай арміі. Папраўкі да дзеючага загаду МА РФ, які рэгулюе парадак выплат ваеннаслужачым, уводзяць новыя правілы: «Выплата грашовага забеспячэння ажыццяўляецца з 10-га па 20 чысла кожнага месяца за мінулы месяц, а за снежань каляндарнага года — з 11-га па 21 студзеня наступнага каляндарнага года».
Норма пачне дзейнічаць да канца 2026 года. Пры гэтым указана, што яна не распаўсюдзіцца на часткі расійскай арміі, якія вядуць баявыя дзеянні ва Украіне.