Пачынаецца намінаванне на прэмію «Бізон Гіґс — 2026». Як вылучыць беларускага навукоўца
З 31 кастрычніка да 27 лістапада можна будзе намінаваць беларускіх навукоўцаў на незалежную прэмію «Бізон Гіґс». Каб вылучыць кандыдата, патрэбныя дзве асобы, якія пацвердзяць яго намінацыю. Паралельна арганізатары працягваюць збор сродкаў на прызавы фонд.

31 кастрычніка пачынаецца другі этап прэміі «Бізон Гіґс — 2026» — намінаванне беларускіх навукоўцаў. Прымаць заяўкі будуць да 27 лістапада. Пра гэта паведамілі арганізатары з супольнасці навукова-папулярнага зіна Pamyłka.
Каго можна намінаваць

На прэмію могуць прэтэндаваць беларускія навукоўцы, якія працуюць у галіне прыродазнаўчых навук, навук пра Зямлю і дакладных дысцыплін.
Пры гэтым кандыдатам не абавязкова працаваць у акадэмічных установах. Паводле арганізатараў, важная не фармальная прыналежнасць да навуковай установы, а сама даследчыцкая дзейнасць і яе бачнасць для іншых.
Каб намінаваць навукоўца, патрэбныя дзве асобы, якія падтрымаюць кандыдатуру. Арганізатары раяць уважліва запаўняць анкету: аргументаваць, чаму чалавек заслугоўвае прэміі, і дадаваць спасылкі на публікацыі, даследаванні або іншыя матэрыялы, якія пацвярджаюць яго працу. Таксама вітаюцца спасылкі на фатаграфіі кандыдатаў.
Запоўніць анкету для намінацыі.
Збор сродкаў працягваецца
Паралельна з намінаваннем арганізатары працягваюць збіраць грошы на прызавы фонд. Яго плануюць сфармаваць з унёскаў навукоўцаў, прыхільнікаў прэміі і іншых людзей, якія хочуць падтрымаць беларускую навуку.
Мэта збору — 1000 еўра. Зрабіць унёсак можна праз старонку прэміі на Buy Me a Coffee. Збор будзе працягвацца да абвяшчэння пераможцаў у снежні.
Паводле графіка арганізатараў, у снежні таксама пройдзе галасаванне за намінантаў, а 20 снежня абвесцяць пераможцу або пераможцаў.
Глядзіце таксама

Што такое «Бізон Гіґс»
«Бізон Гіґс» — незалежная прэмія супольнасці беларусаў для беларускіх навукоўцаў у галіне прыродазнаўчых, дакладных навук і навук пра Зямлю. Яе заснавала супольнасць навукова-папулярнага зіна Pamyłka, каб зрабіць працу беларускіх даследчыкаў больш заўважнай і падтрымаць развіццё адкрытай навукі.
Першую прэмію ўручылі ў лютым 2025 года. Сярод шасці намінантаў перамог анколаг Максім Домніч, які даследуе нейтрафілы і іх ролю ў пошуку новых спосабаў барацьбы з ракавымі захворваннямі. Другое месца заняў даследчык у галіне квантавай хіміі і фармацэўтыкі Зміцер Фірага, трэцяе — даследчыца ў галіне робататэхнікі і штучнага інтэлекту Юлія Сандамірская.
Другая эдыцыя прэміі павінна працягнуць гэтую ініцыятыву і пазнаёміць шырэйшую беларускую супольнасць з навукоўцамі, якія працуюць у розных краінах і даследуюць розныя галіны навукі.