Блюменталь супраць Трампа: Ніводзін прэзідэнт не можа аднаасобна адмяніць закон
У ЗША нарастае супрацьстаянне Кангрэса і прэзідэнта Дональда Трампа. Сенатары лічаць незаконнай «дызельную здзелку» Трампа з Пуціным і пагражаюць юрыдычнымі наступствамі. Пентагон адмовіўся расследаваць запаволенне Starshield ва Украіне, а ў РФ усё ж рыхтуюцца да перамоў у фармаце «Расія – Украіна – ЗША». Ідуць 1709-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак з mn.ru
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 189 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксеева-Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Раскошнага, Доўгай Балкі, Новагрыгораўкі, Мікалаеўкі, Новапаўлаўкі і Пятроўкі.
На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны 42 атакі ў раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Новапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Тарэцкага, Кучарава Яру, Сафіеўкі, Вольнага, Залатога Калодзежа, Новага Шахавага, Стэпаў, Новага Данбасу, Чарнігаўкі, Святагораўкі, Дабраполля, Наовагрышына і Удачнага.
На Гуляйпольскім кірунку адбіта дзевяць атак, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана шэсць атак расіян.
* * *
28 кастрычніка расійскія войскі атакавалі прамысловае прадпрыемства ў Дняпры: пацярпеў 35-гадовы мужчына.
Расійскія войскі атакавалі цеплавоз на станцыі Ардоўка Харкаўскай вобласці. Машыністы пакінулі лакаматыў пасля абвяшчэння паветранай трывогі, дзякуючы гэтаму ніхто не пацярпеў.
У ноч 29 кастрычніка расійскія войскі нанеслі ўдар дронам па навучальнай установе ў Салтаўскім раёне Харкава.
Расійскія войскі атакавалі грамадзянскае прадпрыемства ў Сарненскім раёне Роўненскай вобласці, адзін чалавек загінуў.
* * *
* * *
Памочнік кіраўніка расійскага ўрада Юрый Ушакоў заявіў, што пытанне пра кансультацыі паміж Расіяй, ЗША і Украінай адносна перамоў «будзе залежаць ад сітуацыі на полі бою і агульнай абстаноўкі».
Па яго словах, дата перамоў пакуль не вызначана, але яны будуць дакладна пасля 4 лістапада. Ушакоў адзначыў, што склад расійскай дэлегацыі будзе абвешчаны пазней, і падкрэсліў, што кантакты плануюцца «з удзелам прадстаўнікоў Расіі, Украіны і ЗША, — менавіта прадстаўнікоў».
* * *
Турцыя прапанавала Украіне і РФ спыніць атакі ў Чорным моры. Аднак упершыню яна абяцае «прававыя меры», калі ўдары будуць па суднах, звязаных з краінай, піша Reuters са спасылкай на заяву міністра абароны Турцыі Яшара Гюлера.
Турцыя не раз заклікала абодва бакі спыніць атакі ў Чорным моры, бо ўдары былі і па камерцыйных суднах пад турэцкім сцягам, і па тых, што належаць Турцыі. Анкара заяўляе, што чакае адказу на прапанову, якую яна перадала Расіі і Украіне. Яна накіравана на спыненне атак і забеспячэнне бяспечнай пастаўкі збожжа з рэгіёна.
«Мы з занепакоенасцю сочым за інтэнсіўнымі атакамі на камерцыйныя судны ў Чорным моры і заклікаем бакі дзейнічаць са здаровым сэнсам, у адпаведнасці з прынцыпам бяспекі навігацыі ў адкрытым моры», — сказаў Гюлер.
Турэцкі міністр заявіў, што Анкара пакідае за сабой права прыняць прававыя меры супраць гэтых удараў. Гэта найбольш прамое ўмяшанне Турцыі ў сітуацыю на сёння, піша выданне.
28 кастрычніка ў межах марской юрысдыкцыі Балгарыі яшчэ адно камерцыйнае судна было атакавана трыма беспілотнікамі, сказаў Гюлер. Незразумела, хто здзейсніў атаку на грэцкі кантэйнеравоз, які плыў пад ліберыйскім сцягам, але ўсіх 18 членаў экіпажа выратавалі.
* * *
Генеральны інспектар Міністэрства абароны ЗША адмовіўся расследаваць перабоі ў працы спадарожнікавых сістэм Starlink і Starshield ва Украіне, нягледзячы на запыт абедзвюх партый Сената, піша The Washington Post.
Дзевяць сенатараў — чатыры рэспубліканцы і пяць дэмакратаў — звярнуліся да генеральнага інспектара Пентагона з просьбай высветліць, хто прыняў рашэнне пра абмежаванні спадарожнікавай сувязі і ці былі да гэтага прычынныя амерыканскія чыноўнікі. Заканадаўцы таксама хацелі ўстанавіць, ці паўплывалі перабоі на абмен разведвальнай інфармацыяй і папярэджанне пра пагрозы. Як вядома, абмежаванні ўскладнілі перахоп расійскіх ударных беспілотнікаў ва Украіне.
Аднак у адказе генеральны інспектар Пентагона паведаміў, што пастаўленыя пытанні адносяцца да кампетэнцыі Ваенна-паветраных сіл ЗША.
Сенатар-дэмакрат Джын Шахін раскрытыкавала адмову ад незалежнага расследавання. «Выклікае занепакоенасць, што генеральны інспектар, па ўсёй бачнасці, вырашыў не расследаваць перабоі ў працы спадарожнікавай сувязі, на якую Украіна спадзяецца для абароны мірнага насельніцтва», — заявіла яна.
Па словах Шахін, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і SpaceX далі супярэчлівыя тлумачэнні прычын перабояў. Сенатар лічыць, што неабходная незалежная праверка, якая дазволіць устанавіць адказнасць і прадухіліць паўтор падобных сітуацый.
* * *
Сенатар ЗША ад Дэмакратычнай партыі Рычард Блюменталь звярнуўся да суднаходных кампаній з заклікам развярнуць караблі з дызелем РФ, паколькі, на яго думку, гэтыя пастаўкі незаконныя. Пра гэта Блюменталь напісаў у Х.
Блюменталь сцвярджае, што разгрузка расійскага дызельнага паліва ў ЗША будзе парушаць законы ЗША. Ён спаслаўся на прыняты ў 2022 годзе закон Ending Importation of Russian Oil Act, які забараняе імпарт у ЗША расійскіх тавараў, уключаючы дызельнае паліва. Сенатар лічыць, што выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША генеральная ліцэнзія №135 па аперацыях з экспартам расійскага дызелю не можа адмяніць усталяваную законам забарону.
«Прэзідэнт, магчыма, выдаў ліцэнзію для садзейнічання гэтай аперацыі, але толькі Кангрэс можа зрабіць яе юрыдычна дзеючай», — адзначае сенатар.
Блюменталь заклікае суднаходныя кампаніі, якія танкерамі перавозяць расійскі дызель у порты ЗША, разгарнуць судны, паколькі ніякая ліцэнзія не вызваліць іх ад юрыдычнай і маральнай адказнасці.
«Разгарніцеся, пакуль яшчэ ёсць час. Калі вы даставіце дызель, вы парушыце цалкам адназначны закон, прыняты ў 2022 годзе, які забараняе імпарт расійскага паліва. Ніводзін прэзідэнт не можа аднаасобна адмяніць закон», — заявіў сенатар.