«О, Беларусь! Ці чуеш ты, ці чуеш?.. Твой лепшы сын распяты за цябе»‎. Памяці Валерыя Маракова

Выбітны беларускі паэт, які аддаў сваю квітнеючую маладосць за Беларусь, нарадзіўся роўна 115 гадоў таму, 27 сакавіка 1909 года. Валерый Маракоў прысвяціў сваё жыццё нашай дзяржаве, змагаўся за яе годнасць ды свабоду, а праз нянавісць да ўсяго беларускага савецкія каты варварскі забілі яго разам з 21 літаратарамі ў «Ноч расстраляных паэтаў»‎.

Расталяныя паэты. Валерый Маракоў — другі справа

Расталяныя паэты. Валерый Маракоў — другі справа

Валерый Маракоў нарадзіўся ў вёсцы Акалонія — прадмесці сучаснай сталіцы, дзе цяпер знаходзіцца чыгуначная станцыя Мінск-Паўднёвы. Станаўленне інтэлігентнай і разумнай асобы, безумоўна, пачалося з ранніх гадоў дзіцяці. Маці хлопца была добра адукаваная, што значна паўплывала на надзвычайнае выхаванне юнага паэта. Тата Валерыя Дзмітрый працаваў на козыраўскай чыгунцы, якая знаходзілася зусім побач з домам. Калі спадар пазбавіўся працы, ён пачаў займацца выгатаўленнем і рамонтам печаў у навакольных вёсках, а юны паэт часта дапамагаў бацьку па яго справе.

valeryj_marakou_1.jpg

Публічны творчы шлях Валерый распачаў яшчэ непаўналетнім: ва ўзросце 16 гадоў яго вершы ўжо публікаваліся на старонках вядомых беларускіх газет і часопісаў: «Маладняк», «Чырвоная Полаччына», «Полымя». Тады ж Беларусь убачыла дэбютны аўтарскі зборнік Маракова «Пялёсткі». Творчыя пошукі маладога паэта глыбока ацэньваў і беларускі класік Янка Купала, які запрашаў Маракова да сябе ў госці, слухаў вершы ў аўтарскім выкананні і дзяліўся сваімі. Паэт заўсёды звяртаўся да яго ласкава і называў «Валерыка» будучыняй беларускай паэзіі. На жаль, праз некалькі гадоў юны літаратар з неверагодным патэнцыялам і моцным духам аддасць сваю маладосць за тую самую беларускую будучыню.

У 18 гадоў хлопча паступіў у мінскі Беларускі педагагічны тэхнікум. На трэцім курсе яго адклікалі з навучання і прызначылі кіраўніком газеты «Савецкая Беларусь», дзе малады спецыяліст працаваў тры гады. Пасля спадар працягнуў навучанне ў Мінскім педагагічным інстытуце.

Адукаванасць хлопца ўражвала людзей: беларускі паэт Максім Лужанін успамінаў, як Маракоў вітаўся са знаёмымі, выкарыстоўваючы цытаты Максіма Багдановіча і Аляксандра Пушкіна.

«Пры сустрэчы ў яго з вуснаў зрывалася не абвыклае “здароў” ці “дабрыдзень”, а які-небудзь вершаваны радок. Часцей гэта было пушкінскае “Мою любовь, широкую, как море” ці Багдановіча “Ёсць на сьвеце такія бадзягі”. /.../ З гэтага чырванашчокага юнака, здавалася, так і тачылася паэзія: з светлага позірку, размашыстых рухаў, з красамоўнага маўчання», — пісаў Лужанін у работах «Дзень з Валерыем Мараковым» і «Валерый Маракоў. Рабінавая ноч». 

valeryj_marakou_2.jpg

Нью-ёрскі даследчык Лявон Юрэвіч распавядаў, што творчасць Валерыя Маракова была паэзіяй кахання, надзей і расчараванняў, адыходу ад грамадскага афіцыёзу ў свет хараства, у свет чалавечнасці. Ягоныя словы краналі сэрцы беларускай моладзі.

Напачатку 1935 года паэт апынуўся пад жорсткай пагрозай арышту за апублікаваны верш «Песня перамог». З мэтай пазбегнуць «адказнасці за правапарушэнне» Валерый спрабаваў хавацца ад катаў у мястэчку Чэрнеўка сучаснага Барысаўскага раёна, але 1 сакавіка гэтага ж года вярнуўся дадому.

Праз тры тыдні беларускі паэт быў арыштаваны супрацоўнікамі савецкіх спецслужб і размешчаны ва ўнутранай вязніцы НКУС, дзе яго пратрымалі тры месяцы. 6 лістапада 1936 года Валерый Маракоў быў затрыманы другі раз — цяпер гэта каштавала яму жыцця.

Глядзіце таксама

У ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года 28-гадовы хлопец быў рассталяны ў мінскай турме НКУС савецкімі акупацыйнымі ўладамі. Дакументы па яго справе дагэтуль захоўваюцца ў архіве беларускага КДБ.

«Ішла стыхія...

Воля...

І адплата...

Палаў касцёр у расхрыстаных грудзёх.

З любоўю сына,

Друга,

Брата

Ён аддаваў юнацкае жыццё...

 

О, Беларусь!

Ці чуеш ты,

Ці чуеш?..

Твой лепшы сын распяты за цябе.

Няўжо ў грудзёх тваіх

Начуе

Яго вялікіх дум разбег?».

На першы погляд здаецца, што гэты твор створаны іншым аўтарам пра забітага савецкімі катамі Маракова.

Але не. Яго радкі напісаны самім Валерыям за 12 гадоў да смерці. У ім паэт апісваў варварскае забойства сына Беларусі Кастуся Каліноўскага на Лукішскай плошчы ў Вільні. У будучыні творцу чакае амаль такі ж сыход — ледзь што іншымі метадамі.

«На вашых магілах мы справім вяселле

І душы зальём старадаўнім віном.

Успомнім,

Як дні нашы ў нетры ляцелі,

Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў».

Калегі і сябры Валерыя заўсёды казалі, што малады паэт прадчуваў сваю немінучую хуткую смерць. Гэтыя думкі выбітны творца адлюстроўваў і ў сваіх радках.

Ах, мой край каханы, залаты мой край,

Не хачу так рана ў песнях дагараць!

 

 Я йшчэ жыў так мала і так мала пеў,

Ну дык дайце ж, братцы, мне пажыць цяпер.

 

 Дайце на прыволлі сэрца з сінню зліць,

Каб з другімі марыць і другіх любіць!

 Вечная памяць і слава Валерыю Маракову.

Вечная памяць і слава тым, хто аддаў жыццё за свабодную, культурную, беларускую Беларусь.