Топ-10 фільмаў-баёпікаў

Кіно, якое распавядае пра жыцьцё чалавека, які сапраўды існаваў, заўжды захапляла як гледачоў, так, зразумела, і стваральнікаў стужак. Так званыя «баёпікі», ці інакш: кіна-біяграфіі выходзяць штогод і ў значнай колькасьці. Мы стваралі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Апошні імператар (The Last Emperor). 1987

the_last_emperor_3.jpeg

Лепшы фільм года, паводле амерыканскай кінаакадэміі, зьняў італьянец Бэрнарда Берталучы пра Кітай. Пачатак ХХ стагодзьдзя, хлопчыку было тры гады, калі ён атрымаў драконавы трон імператара, а калі яму было сем, ён ужо зрокся ад яго. Ва ўзросьце, калі розум толькі фармуецца, падзеі, што адбыліся паводле словаў апошняга імператара, назаўжды зьмянілі і яго і ўвесь Кітай. Гэта эпас пра цалкам пасіўнага галоўнага героя, насуперак таму, што мы прызвычаіліся бачыць у падобных гісторыях.

Хлопчыка выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах іншыя, ён разглядаўся як “фармальная неабходнасьць” для дасягненьня патрэбных рашэньняў. Фільм паказвае прыгнечанасьць імператара амаль адразу: сцэны яго дзяцінства перамяжоўваюцца са сцэнамі пазьнейшага перыяду жыцьця, калі кітайскія камуністы захапілі ўладу, а яго схапілі і трымалі ў лягеры, дзе партыйны чыноўнік правёў дзесяць гадоў, размаўляючы зь ім аб пераходзе ад імператара да садоўніка.

Нумар 9. Я, Тоня (I, Tonya). 2017

i__tonya_4.jpg

Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг — дзяўчынкі з глухой амэрыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) – паспрабуйце даць свой адказ.

Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні — залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.

Нумар 8. The Doors (The Doors). 1991

Гісторыя легендарнага каліфарнійскага гурта, у першую чаргу іх вакаліста – Джыма Морысана. Сьпявак пахаваны ў Парыжы на самых знакамітых могілках Пэр-Лашэз, ён памёр у 27 гадоў, і трапіў, адным з першых, у так званы “клюб 27”. Гэта спіс з музыкаў, чыё жыцьцё не пераадолела гэтай зачараванай лічбы.

the_doors_3.jpg

Вэл Кілмэр у ролі Джыма Морысана выглядае звыш упэўнена. І вонкава і экспрэсіўна. Олівэр Стоўн зьняў фільм пра дзікія і новыя 60-я. Наркотыкі, рок-н-рол, і, як здаецца, вечная слава. Мы ўбачым супярэчлівыя і складаныя адносіны ў гурце, калі клявішнік і галоўны кампазытар Рэй Манзарэк канфліктуе з вакалістам Морысанам празь яго вечны алкагалізм і наркатычны транс.

Мы сутыкнемся з нізкімі паводзінамі агентаў і музычных лэйблаў да удзельнікаў гурта. І што ж стала прычынай сьмерці Джыма Морысана? Убачым у гэтай захапляльнай стужцы. Light My Fire.

Нумар 7. Па меркаваньнях сумленьня (Hacksaw Ridge). 2016

hacksaw_ridge_4.jpeg

Фільм Мэла Гібсана заснаваны на цалкам рэальных падзеях падчас Другой Сусьветнай вайны. Ён заснаваны на досьведзе медыка-пацыфіста, які быў хрысьціянінам-адвэнтыстам сёмага дня і адмаўляўся выкарыстоўваць у арміі агнястрэльную зброю. Больш за тое – нават мець яе пры сабе. Гібсан стварыў стужка пра сумесь гвалту і веры. Галоўны герой, якога выконвае Джэймс Гарфілд, стаў першым пацыфістам, які атрымаў мэдаль Гонару.

У фільме салдафонскія звычкі жаўнераў моцна кантрастуюць з паводзінамі і размовамі галоўнага героя. Цікавы выпадак, калі герой на вайне – гэта той, хто выратаваў жыцьці, а не той, які іх забраў. На колькі трывалымі могуць быць вашыя перакананьні, калі сустракаюць супраціў сталі і вагню.

Нумар 6. Два Папы (The Two Popes). 2019

the_two_popes_3.webp

Фільм рэжысэра Фэрнанда Мэйрэлеса бліскуча адлюстроўвае ключавы момант у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касьцёла праз далікатнае дасьледваньне дзьвюх яго галоўных фігураў — Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Хорхе Бэрголіа, які пазьней быў абраны новым Папам Францішкам. Дзеяньне фільма разгортваецца на фоне прыгожа намаляванага Рыма і Ватыкана, і ён менш распавядае пра фізычны горад, а больш пра сымбалічную і гістарычную вагу, якую ён нясе як сэрца каталіцкага сьвету.

Энтані Хопкінс і Джонатан Прайс выконваюць вельмі глыбокія ролі Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Бэрголіа. У безьлічы шыкоўных дыялёгах гледачы знаёмяцца з узаемаадносінамі дваіх лідараў. Тое, што далейшыя погляды на будучыню Касьцёла былі дыямэтральна рознымі, паказвае кніга былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, якая пабачыла сьвет летась.

Папа Бэнэдыкт XVI паказаны як вобраз традыцыйнага, кансэрватыўнага сьвятара, а будучы Папа Францішак – як прыклад сьвежага ветру. Вядома, ёсьць вялікае пытаньне, ці не зьнясе сьвежы вецер усё тое, што будавалася напрацягу двух тысячаў гадоў. І ці дзьме ён насамрэч у правільны бок – пакажа гісторыя.

Нумар 5. Гісторыя Глена Мілера (The Glenn Miller Story). 1954

the_glenn_miller_story_3.jpg

Дамо яшчэ крыху джазу ў нашым рэйтынгу. Джэймс Сьцюарт у ролі знакамітага музыкі, які амаль усё жыцьцё шукаў адрознае, сваё, фірмовае гучаньне. І ўрэшце знайшоў. Вы дакладна падчас прагляду некалькі разоў падумаеце: - а вось гэтую мэлёдыю я ведаю, і гэтую, няўжо і гэтую ён прыдумаў?

Натхняльная і пранікнёная гісторыя Глена Мілера – чалавека, у якога амаль ніхто ня верыў, апроч самога сябе. Верагодна, кожны музыка і ў Беларусі зараз можа задаць сабе пытаньне, ці не марна ён спрабуе скласьці ноты ў чароўную пасьлядоўнасьць, ці спатрэбіцца гэта камусьці?

Энтані Ман паставіў стужку зь відавочнай любоўю да Глена.

Нумар 4. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007

la_mome_2_1.jpg

Французскі фільм пра найвялікшую французскую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каційяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я не пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф.

Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх французскіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каційяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта.

Нумар 3. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013

the_wolf_of_wall_street_7.webp

Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё.

Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі. Кампанія галоўнага героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш.

Тое, што павінна стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. Бліскучая роля Леанарда Дзі Капрыё. Шыкоўны фільм для прагляду ў цёмныя восеньскія вечары.

Нумар 2. Караль, чалавек які стаў Папам (Karol, un uomo diventato Papa). 2005

karol__un_uomo_diventato_papa_3.jpg

Стужка, якая глыбока адаб’ецца ў вашым сэрцы і пакіне пасьля сябе глебу для працяглых развагаў. Гэтую карціну палякі запрасілі зьняць італьянца Джакама Баціята. Нездарма: фільм пра Караля Вайтылу, які нарадзіўся ля Кракава, а памёр у Рыме.

Звон шалёна адбівае трывогу ў Кракаве — немцы перайшлі мяжу з Польшчай 1 верасьня 1939 года, і маладыя людзі наперабой кажуць аб неабходнасьці ісьці ў армію, бараніць радзіму і забіваць ворагаў. Але адзін зь іх — Караль — разумее, што пазбавіць чалавека жыцьця ён не зможа.

Мы становімся сьведкамі цэлай гістарычнай эпохі, у якой жыў Караль Вайтыла. Жахі нямецкай акупацыі зьмяняюцца тэрорам камуністычнай адміністрацыі. Малады чалавек у пэўны час адчувае пакліканьне — стаць сьвятаром. Каб урэшце праз дзесяцігодзьдзі стаць Папам — Янам Паўлам ІІ.

Гэтая стужка павінна быць у вашым абавязковым сьпісе да прагляду.

Нумар 1. Гульні розуму (A Beautiful Mind). 2001

a_beautiful_mind_1.jpg

Лепшага матывацыйнага фільма, каб вашае дзіцё вырашыла стаць матэматыкам, не магчыма знайсьці. Геніяльная акторская праца Расэла Кроў стала эталоннай. Гэта безумоўна яго лепшая роля ў кар'еры. Нават знакаміты «Гладыятар» прайграе ў чыстым акторскім майстэрстве.

Стужка Рона Ховарда распавядае насамрэч вельмі складаную, нават жорсткую сапраўдную гісторыю будучага Нобэлеўскага ляўрэята. Герой Расэла Кроў быў геніем, але вельмі спецыфічным. Варта прызнаць, што альбо большасьць насельніцтва сьвету мае мэнтальныя праблемы, а знакаміты матэматык іх ня меў, альбо ўсё роўна наадварот.

ЦРУ, шпіёны, лічбы на вакне – усё гэта стала сапраўднай клясыкай кіно.

Прыемнага прагляду!