Аперацыя «Мідас» і залаты ўнітаз: карупцыйны скандал Украіны ў карыкатурах
НАБУ раскрыла карупцыйную схему вакол «Энергаатама», у якую трапілі чыноўнікі і набліжаны да прэзідэнта Міндзіч. Скандал ужо стаў глебай для выбуху палітычнай сатыры і інфармацыйнай вайны.
Ва Украіне набірае абароты карупцыйны скандал, які можа абярнуцца самымі непрадказальнымі наступствамі не толькі для яго фігурантаў, але і для краіны ў цэлым.
Трэба сказаць, што хаця цяперашні скандал і маштабны, рэкорд сумы, нарабаванай на карупцыі ва Украіне, усё яшчэ не пабіты. На гэты раз, калі верыць медыя, гаворка ідзе пра больш як 100 мільёнаў долараў.
Тым часам прэм’ер Павло Лазарэнка, які ўзначальваў украінскі ўрад у 1996–1997 гадах, прыкарманіў на адмыванні грошай каля 270 мільёнаў у.а.
Справа Лазарэнкі закранула многія банкі і прадпрыемствы ва Украіне, Польшчы, Венгрыі, Нідэрландах, Швейцарыі і ЗША. У выніку ў 2004 годзе Лазарэнка быў асуджаны ў Штатах. Таму сучасныя карыкатурысты малявалі яго ў выглядзе аднаго з сімвалаў Амерыкі.

Але вернемся да сёлетняга скандалу. 10 лістапада Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) паведаміла, што ў рамках аперацыі «Мідас» выкрыла буйную карупцыйную схему. Удзельнікі групы, у якую ўваходзяць былыя і дзеючыя чыноўнікі, а таксама набліжаны да прэзідэнта Цімур Міндзіч, выбудавалі схему вакол аператара «Энергаатам». Групоўка, паводле НАБУ, сістэматычна ўзбагачалася за кошт адкатаў, забіраючы ад 10 да 15 працэнтаў ад кошту дзяржаўных кантрактаў. Вось як бачыць гэтую схему ананімны мастак.

У выніку некалькі чыноўнікаў арыштавана, але асноўным падазраваным удалося збегчы. Офіс прэзідэнта пачаў тут жа дыстанцыявацца, звальняючы або раздаючы падазрэнні (укр.: «підозра»). Найбольш яркая фігура ў гэтай справе — Міндзіч, які праславіўся тым, што абсталяваў у сваёй кватэры сапраўдны залаты ўнітаз. Паколькі ў запісах НАБУ ён фігуруе пад псеўданімам «Карлсан», з’явіліся адпаведныя карыкатуры.

Апазіцыя, у сваю чаргу, настойвае на тым, што Міндзіч і Зяленскі дзейнічалі разам (гл. ніжэй тэматычную фотажабу). І нават заклікае народ на Майдан.

Безумоўна, пакуль галоўным бенефіцыярам драмы ва Украіне застаецца Крэмль. Некаторыя медыя мяркуюць, што скандал можа паставіць пад пытанне пазіцыі Зяленскага.

Карупцыйная справа Міндзіча кідае цень на імідж Зяленскага не толькі ў краіне. Расследаванне супраць яго бліжэйшага атачэння пагражае падтрымцы прэзідэнта за мяжой. Сумневы заходняга палітыка наконт падтрымкі Украіны — тэма дадзенага малюнка.

Ну і, нарэшце, вішанька на торце: шырока вядома, што НАБУ цесна супрацоўнічае з ЗША. Атрымліваецца, што Вашынгтон нібыта рыхтуе глебу ці то для ўзмацнення кантролю над Кіевам, ці то для большай гнуткасці Украіны ў перамовах з Расіяй наконт міру.
Так ці інакш, улічваючы тое, што кожная наступная партыя матэрыялаў НАБУ прыносіць інфармацыю пра ўсё больш высокапастаўленых фігурантаў, у найбліжэйшы час варта чакаць новых запісаў з удзелам прадстаўнікоў дзейнай улады.