Дональд Трамп гатовы падпісаць законапраект аб санкцыях у дачыненні да хаўруснікаў РФ

Свет зноў задумаўся пра новыя санкцыі супраць Расіі. Еўрасаюз у 20-м санкцыйным пакеце можа вырашыць праблему замарожаных у ЕС расійскіх актываў. А Дональд Трамп можа накласці тарыфы і абмежаванні на хаўруснікаў РФ. Цікава, ці ўвойдзе ў гэты спіс Беларусь? Ідуць 1364-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

347903d9_7d56_493b_b7f3_a47e5f239a9b_w1200_r1.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 лістапада.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Маяку, Фёдараўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і Дачнае.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Александра-Шульціна, Русінага Яру, Яблонаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне 13 разоў атакавалі ў раёнах Зялёнага Гаю, Ворана, Сасноўкі, Бярозавага, Першамайскага.

На Славянскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 10 атак на кожным.

* * *

У ноч з 17 на 18 лістапада расіяне масіравана атакавалі Дняпро дронамі. Пацярпелі два чалавекі, рэгіён часткова абясточаны. Сярод іншага пацярпеў будынак рэгіянальнай рэдакцыі тэлеканала «Суспільне» і Украінскага радыё Дняпра.

Расіяне ўдарылі ракетамі па горадзе Берастын Харкаўскай вобласці, загінула 17-гадовая дзяўчына. Вядома пра 9 пацярпелых, сямёра з якіх шпіталізаваны з выбуховымі траўмамі.

* * *

585343368_1194137426232667_7187106332483553_n.jpg

* * *

У ЗША рыхтуюць новы двухпартыйны законапраект аб узмацненні санкцыйнага ціску на Расію. Яго ўхваліў прэзідэнт Дональд Трамп, паведаміў амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацыяльнай сетцы X.

Дакумент прадугледжвае магчымасць увядзення другасных санкцый і тарыфаў супраць дзяржаў, якія працягваюць купляць танныя расійскія энерганосьбіты і фактычна фінансуюць ваенныя дзеянні Крамля. «Гэты закон закліканы даць прэзідэнту Трампу больш гнуткасці і паўнамоцтваў, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў, аказваючы ціск як на самога Пуціна, так і на краіны, якія падтрымліваюць яго, такія як Іран. Я ўдзячны за магутную двухпартыйную падтрымку гэтага закона як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сенаце», — напісаў Грэм.

Сенатар падкрэсліў, што папярэднія санкцыі адміністрацыі Трампа супраць дзвюх ключавых расійскіх нафтавых кампаній далі адчувальны вынік. На яго думку, новы пакет абмежаванняў дапаможа ўзмацніць ціск на РФ і стварыць умовы для завяршэння вайны справядлівым і канчатковым рашэннем.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп гатовы падпісаць законапраект аб санкцыях супраць РФ, але пры ўмове, што захавае за сабой паўнамоцтвы прымаць канчатковае рашэнне па гэтых мерах, піша Reuters.

«Ён яго падпіша. Ён даў пра гэта ведаць учора ўвечары», — сказаў высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома.

Пры гэтым чыноўнік дадаў, што Белы дом будзе настойваць на канкрэтных фармулёўках, якія будуць гарантаваць, што Трамп захавае кантроль над санкцыямі.

«Для Белага дома і прэзідэнта заўсёды было важна, каб у пакеце санкцый было палажэнне, якое гарантуе прэзідэнту права канчатковага прыняцця рашэння па санкцыях. Калі гэта будзе ўключана, я думаю, прэзідэнт разгледзіць магчымасць падпісання законапраекта», — растлумачыў чыноўнік.

У той жа час ён дадаў, што Белы дом працягвае весці перамовы з РФ аб спыненні вайны ва Украіне.

«Мы, безумоўна, усё яшчэ працуем над гэтым. Проста гэта не было ў цэнтры навін, таму што ў нас і так шмат усяго адбываецца», — рэзюмаваў прадстаўнік адміністрацыі.

* * *

ЗША павінны прасоўваць новы раўнд санкцый, каб паралізаваць расійскую прамысловасць і прымусіць расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоваў, сказаў у інтэрв'ю Politicoпрэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.

«Трамп альбо бярэ пернік, альбо бярэ бізун. Ён паспрабаваў пернік на Алясцы і ў сваёй тэлефоннай размове з Пуціным. А калі ён зразумеў, што расіяне не збіраюцца рухацца далей і яны не зацікаўлены ў міры, ён прымяніў бізун», — выказаўся Стуб.

Паводле яго слоў, зараз ЗША знаходзяцца «ў рэжыме бізуна», а наступным крокам павінны стаць новыя санкцыі.

«Адзіныя людзі, якіх Пуцін слухае, — гэта алігархі. Калі алігархі ў Расіі прыйдуць да высновы, што эканамічна гэта занадта складана, тады могуць пачаць адбывацца пэўныя рэчы», — лічыць прэзідэнт Фінляндыі.

* * *

Толькі новыя санкцыі могуць спыніць ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна, піша La Repubblica.

На думку эстонскага міністра, працяг расійскай агрэсіі супраць Украіны магчымы толькі таму, што Масква захоўвае здольнасць фінансаваць сваю ваенную эканоміку, перш за ўсё за кошт даходаў ад экспарту выкапнёвага паліва. Таксама яна купляе кампаненты і тэхналогіі з дапамогай трэціх краін.

«Каб спыніць агрэсію, міжнародная супольнасць, уключаючы Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты, павінны працягваць ціск і ўводзіць далейшыя санкцыі», — заявіў Маргус Цахкна ў Вашынгтоне, дзе ён знаходзіцца з афіцыйным візітам.

Ён выказаў упэўненасць, што апошнія два пакеты санкцый, уведзеныя Еўрапейскім Саюзам супраць Масквы, былі значнымі. «Аднак наша мэта - як мага хутчэй увесці 20-ы пакет, які зробіць цану вайны для Расіі яшчэ большай», — заявіў Цахкна.

Ён дадаў, што санкцыі павінны суправаджацца неабмежаваным выкарыстаннем замарожаных расійскіх актываў.