Зімовы спартовы цуд, які распачаўся 101 год таму
25 студзеня 1924 года адбылася цырымонія адкрыцьця Першых зімовых Алімпійскіх гульняў. Без тэлетрансляцый і анлайн вынікаў, без сотняў крэмаў і дзясяткаў варыянтаў лыжаў. Гэта быў час, калі вялікі спорт яшчэ ня стаў спаборніцтвам фармакалягічных кампаній.
Хаця гэтыя Гульні спачатку называліся проста «Міжнародным тыднем зімовых відаў спорту», посьпех прымусіў Міжнародны алімпійскі камітэт абвесьціць іх першымі зімовымі Алімпійскімі гульнямі праз два гады - ў 1926-м.
Спаборніцтвы адбываліся ў французскім Шамані, які месьціцца каля самай высокай вяршыні Эўропы, Манблана. Для арганізатараў было зусім невідавочна, што іх задума атрымае посьпех. Шмат для каго зімовыя віды спорту ўсё яшчэ былі ў навінку, і паўстала пытаньне: ці можа падзея падчас сьнежнага міжсэзоньня захапіць гледачоў гэтак жа, як рабілі летнія Гульні?
Шаснаццаць краінаў скіравалі ў агулам 258 спартоўцаў — 247 мужчынаў і 11 кабетаў — спаборнічаць у розных дысцыплінах. Сюды ўваходзілі фігурнае катаньне, хакей, канькабежны спорт, скандынаўскія лыжы, бабслей, кёрлінг і ваенны патруль – папярэднік сучаснага біятлёну.
Цікава, што адна з 16-ці, зборная Польшчы, спазьнілася на цырымонію адкрыцьця, таму сьцяганосцам польскай каманды стаў журналіст Казімеж Смагаржэўскі.
Нарвэгія становіцца каралевай
Бясспрэчным героем Нарвэгіі стаў Торлейф Хаўг, які заваяваў тры залатыя мэдалі — два ў лыжных гонках (18 км і 50 км) і адзін у дысцыпліне, якая ў сьвеце называецца «Нарвэжская ці паўночная камбінацыя», а ў нас – лыжнае дваяборства.
Таксама на спаборніцтвах здавалася, што Хаўг заваяваў яшчэ і бронзавы мэдаль у скоках з трампліна. Толькі праз некалькі дзесяцігодзьдзяў (!) выявілася памылка ў падліку пунктаў, і высьветлілася, што Андэрс Хаўген са Злучаных Штатаў насамрэч апярэдзіў Хаўга на долю бала. У духу сапраўднай справядлівасьці дачка Хаўга ўручыла 84-гадоваму Хаўгену даўно чаканы бронзавы мэдаль у 1974 годзе — праз пяцьдзесят гадоў пасьля спаборніцтваў.
Фігурнае катаньне
Гэта быў адзіны зімовы від спорту, уключаны ў ранейшыя алімпійскія праграмы (яно дэбютавала на летніх Гульнях 1908 і прысутнічала ў 1920 годзе). Тут швэд Гіліс Графстрэм яшчэ раз даказаў, чаму ён быў галоўным фігурыстам у сьвеце. Ён заваяваў золата на летніх Алімпійскіх гульнях 1920 года, і ў Шамані паўтарыў свой трыюмф.
11-гадовая сэнсацыя: Соня Хені
Адна з самых кур’ёзных гісторый Шамані датычыцца Соні Хені, 11-гадовай нарвэжскай фігурысткі. Нягледзячы на тое, што яна фінішавала самай апошняй у тым 1924 годзе, яна ўсё ж зачаравала гледачоў і судзьдзяў. Тады пра гэта ніхто ня ведаў, але Хені проста патрэнеравалася: яна атрымала тры залатыя алімпійскія мэдалі запар (1928, 1932, 1936). Нарвэжка дамінавала ў жаночым фігурным катаньні да Другой сусьветнай вайны.
Хакей
Калі Эўропа магла прызнаць лыжныя гонкі і скокі з трампліна сваім вынаходніцтвам, дык хакей нарадзіўся ў Канадзе. Зборная Канады была на тысячу галоваў вышэй усіх. За некалькі гульняў яны закінулі больш за 100 шайбаў сваім супернікам. Спачатку пад каток трапіла Чэхаславаччына (30-0), за ёй Швэцыя (22-0), і пасьля Швайцарыя (33-0). У фінальным раўндзе была зьнішчаная зборная Вялікай Брытаніі (19-2).
А вырашальная гульня з суседзямі – ЗША – прынесла больш прыстойны лік (6-1). Нападнік зборнай Канады Хары Ўотсан за 5 гульняў забіў фантастычныя 37 шайбаў і зрабіў 7 асістаў. Рэкорд на ўсе часы!
Канькабежны спорт
Клас Тунберг з Фінляндыі стаў трыюмфатарам канькабежных дысціплінаў. Ён заваяваў тры залатыя мэдалі (1500 м, 5000 м, мнагаборства) і дадаў срэбра і бронзу, каб такім чынам паказаць адзін з найвялікшых выступаў у гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў.
Агулам было разыграна ўсяго 16 камплектаў мэдалёў, таму вышэйпазначаныя вынікі асобных атлетаў выглядаюць яшчэ больш магутна. Напрыклад, на мінулых гульнях 2022 года разыгрывалі 109 камплектаў узнагародаў.
Вернемся ў Шамані-1924. Агулам удзельнічалі 16 краінаў, зь якіх 10 здабылі прынамсі адзін мэдаль. Нарвэгія стала найлепшай з 17 мэдалямі, зь якіх 4 былі залатымі. 11 мэдалёў і 4 перамогі атрымала Фінляндыя. Заўважце, каля дададзім да іх Швэцыю з адным залатым мэдалём, атрымаецца што гэтыя тры дзяржавы перамаглі ў 9 з 16 дысцыплінах на Першых зімовых Алімпійскіх гульнях у гісторыі.
Гульні атрымаліся. І далей кожныя чатыры гады гледачы сачылі за новымі зімовымі цудамі. Рэформа адбылася ў 1992-1994 гадах, калі Зімовая Алімпіяда прайшла праз 2 гады пасьля папярэдняй. Гэта было зьвязана з тым, каб разьвесьці ў каляндары Летнія і Зімовыя гульні. Дзіўна, што каб зрабіць гэта, спатрэбілася падумаць 70 гадоў. Да сустрэчы ў Мілане ў 2026!