Топ-10 фільмаў пра дасягненьні ў спорце

Алімпійскія гульні падыходзяць да канца, ужо ў хуткім часе перамогі, расчараваньні і рэкорды стануць спартовай і чалавечай гісторыяй. Амаль усё ўжо было і раней, і з гэтай нагоды мы падрыхтавалі для вас сьпіс фільмаў, у якіх чалавечы дух пераўзыходзіць усе магчымыя перашкоды. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Вогненныя калясьніцы (Chariots of Fire). 1981

chariots_of_fire.jpg

У некаторых аматараў кіно гэтая спартовая драма выклікае экстаз, іншыя ж больш стрыманыя. Х’ю Хадсан стварыў фільм, які атрымаў прэмію Оскар у некалькіх намінацыях, у тым ліку за лепшы фільм года.

Трэба папярэдзіць, тэмп у стужцы дастаткова запаволены, нягледзячы на год вытворчасьці. А ўласна фільм як па замове прыгожа кладзецца ў сёньняшнюю рэчаіснасьць. Ён апісвае сапраўдную гісторыю, якая разгортвалася роўна сто гадоў таму на Алімпійскіх гульнях, якія адбываліся ў… Парыжы!

Тыя Гульні 1924 года падаравалі брытанцам драму ў бегу, калі іх грамадзяне, адзін габрэй, а іншы сапраўдны лорд. Хлопец з усім, супраць аднагодкі без нічога. Гісторыя супрацьстаяньня, варожасьці і сяброўства. Пабеглі глядзець?

Нумар 9. Джэры Магуайэр (Jerry Maguire). 1996

jerry_maguire.jpg

Фільм цудоўна паказвае, чаму Том Круз дрэнны актор, але разам з тым адно захапленьне назіраць за К’юбай Гудзінгам-малодшым. Стужка Кэмэрана Кроў распавядае пра спартовага агента, якога з плястылінавым тварам і адным выразам выконвае Круз. Напачатку ён – пасьпяховы спэцыяліст сваёй справы, але па сваёй волі апынаецца ў складаным становішчы: усе яго былыя кліенты засталіся працаваць з былым агенцтвам, адзіным выключэньнем стаў патэнцыйна неблагі гулец у амэрыканскі футбол, які больш славіцца дрэнным характарам.

І ў першага і ў другога сітуацыя патрабуе толькі аднаго: каб футбаліст атрымаў кантракт, а агент здолеў яго выбіць. Дапамагаць у гэтым будзе гераіня Рэнэ Зэлвегер, з вельмі ўжо замілаваным выглядам. Фільм цікавы для разуменьня сутнасьці працы спартовых агентаў.

Нумар 8. Форд супраць Ферары (Ford v Ferrari). 2019

ford_v_ferrari_1.jpg

Падрыхтуйцеся да рыку рухавікаў сярэдзіны стагодзьдзя. Увесь час прагляду вы будзеце крыху прагаломшаныя гукамі, якія суправаджаюць аўтагонкі. Для звычайных людзей гэта парушэньне іх асабістай цішыні, але для ўдзельнікаў гран-пры гэта і ёсьць жыцьцё. Нават музыка, калі дазволіце так параўнаць. У цэнтры фільма – змаганьне двух буйных аўтавытворцаў, як зразумела з назвы – Форд і Ферары. Прычым не было б ні змаганьня ні нумара 9 у нашым рэйтынгу, калі б напачатку 1960-х амаль збанкрутаваны канцэрн Ферары не адмовіўся прадацца амерыканскаму Форду.

Адносіны італьянцаў да ЗША добра вядомыя: не падыходзьце лепш. Таму і ўгода сарвалася, а Форд вырашыў адпомсьціць італьянцаў на іх улюбёным полі: у аўтагонках. Яны паспрабавалі стварыць машыну, якая б здолела супрацьстаяць легендарнай Ферары на гонцы “24 гадзіны Ле-Ман”. Крысьціян Бэйл бліскуча выканаў ролю пілота.

Нумар 7. Кожная нядзеля (Any Given Sunday). 1999

any_given_sunday_1.jpg

Менавіта з такой рэгулярнасьцю адбываюцца гульні ў галоўнай лізе па амерыканскім футболе. Кожны тыдзень, у нядзелю, што б ні было – ты павінны выходзіць на поле і змагацца. Фільм Олівэра Стоўна з легендарным Аль Пачына ў ролі галоўнага трэнера каманды – выдатны абразец уцягваньня ў спорт нават нэйтральных гледачоў. У цэнтры гісторыі – каманда, што нядаўна была сярод фаварытаў і атрымлівала буйныя перамогі, але зараз скацілася да ўзроўню андэрдогаў. Чарговы ўдар – памірае ўласьнік клюба, і кіраваць бярэцца яго дачка, у якой, вядома, свае погляды на гульню, трэнера і спорт увогуле. Герою Пачына становіцца складана спраўляцца з усімі цяжкасьцямі.

Адна з прамоваў, якую робіць галоўны трэнер у фільме – такая моцная і матываваная, што вядомыя шмат выпадкаў, калі трэнеры ў рэальным жыцьці ў розных відаў спорту паказвалі сваім падначаленым гэты ўрывак напярэдадні ці ўсярэдзіне гульні – і гэта давала фантастычны вынік. Паспрабуйце і вы.

Нумар 6. Рокі (Rocky). 1976

rocky.jpg

Гэты фільм больш чым пра спорт, ён пра тое, як застацца чалавекам. Драма Джона Эвілдсэна распачала цэлую сэрыю стужак пра легендарнага Рокі Бальбоа. І першая частка, відаць па ўсім, атрымалася лепш за іншыя. Узнагарода Оскар за лепшы фільм года зьяўляецца відавочным сьведчаньнем гэтага.

Сыльвестар Сталонэ хоць і не валодае неверагодным акторскім талентам, але ўжо больш за паўстагодзьдзя зьбірае людзей у кінатэатры на стужкі са сваім удзелам. Дзякаваць трэба менавіта гэтаму фільму, у якім ён грае баксёра, у якога амаль няма спартовых і жыцьцёвых перспэктываў, але ён хапаецца за раптоўны шанец.

Вы верагодна зьдзівіцеся, калі даведаецеся што сцэнар да гэтага фільма напісаў сам Сталонэ і больш за тое, быў намінаваны за яго на Оскары.

Нумар 5. Спартак (Spartacus). 1960

spartacus_4.jpg

Калі хтосьці згадвае Стэнлі Кубрыка, розум часта блукае па лабірынтах калідораў «Зьзяньня» або касьмічных цудаў «2001: Касьмічная адысея». Тым не менш, у творчасьці гэтага кінематаграфічнага генія знаходзіцца гістарычная эпапея «Спартак» з Кіркам Дугласам у галоўнай ролі.

Да зьяўленьня футболу і тэнісу, мотагонак і скокаў на батуце, людзі на жаль прыдумалі страшэнную і сьмяротную забаву, сапраўды спорт на выжываньне, калі за перамогу атрымлівалі ня кубак ці мэдаль, але нешта значна больш каштоўнае – уласнае жыцьцё. Баі глядыятараў сталі натхненьнем для сучасных баёў бяз правілаў, асабліва іх падпольнай часткі, дзе дагэтуль бьюцца да крыві.  

У стужцы Майкл Дуглас, зь яго выразнымі рысамі твару і нястомным духам, увасабляе фракійскага глядыятара. Яго вобраз раба, які стаў паўстанцам, што змагаецца супраць багацьця і бязьлітаснай магутнасьці Рымскай імпэрыі, застаецца адной з самых знакавых роляў у гісторыі кіно.

Стужка не толькі паказвае грандыёзныя бітвы і шырокія краявіды Імпэрыі, але таксама вылучае на першы плян інтымныя і глыбокія адносіны паміж героямі. Раман зьяўляецца сьведчаньнем ідэі, што нават сярод хаосу вайны каханьне можа не толькі выжыць, але і квітнець.

Нумар 4. Я, Тоня (I, Tonya). 2017

i__tonya_2.webp

Зімовы фільм пра фігурнае коўзаньне. Стужка заснаваная на рэальных падзеях з жыцьця знакамітай Тоні Гардзінг – дзяўчынцы з глухой амерыканскай правінцыі, чыя маці жорсткай рукой і словам прымушала яе наведваць секцыю ў лядовым палацы. Ці была гэта вычваральная праява матчынай любові ці спроба ўласнай самарэалізацыі (маці працавала ўсё жыцьцё афіцыянткай) – паспрабуйце даць свой адказ. Выбітнае выкананьне ролі Тоні ад Марго Робі прымусіць вас закруціцца разам зь ёй у патройных тулупах і іншых найскладаных элементах фігурнага коўзаньня. Мара ўсяго жыцьця галоўнай гераіні – залаты мэдаль на Алімпійскіх гульнях. Падаецца, у яе ёсьць някепскія шанцы. Давайце сачыць.

Нумар 3. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004

million_dollar_baby_3.webp

Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сыйшлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.

Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі – гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.

Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.

Нумар 2. Баец (The Fighter). 2010

the_fighter_1.jpg

Менавіта за гэтую працу Крысьціян Бэйл атрымаў пакуль што адзіны свой Оскар. Стужка рэжысэра Дэвіда О. Расэла — гэта захапляльная біяграфічная спартовая драма. Дзе, апроч заяўленай назвай, гісторыі баёў, разглядаюцца тэмы сям'і, залежнасьці і выратаваньня.

Крысьціян Бэйл вядомы сваёй рэдкай здольнасьцю да непазнавальнасьці пераўвасабляцца ў сваіх герояў. У гэтым выпадку ён страшэнна моцна схуднеў, што нават выклікала сур’ёзны непакой у калегі па фільму – Марка Ўолбэрга.

Бэйл выконвае ролю былога баксёра, чыя кар’ера даўно скончаная праз наркотыкі. Але ён бачыць уласны шлях да вяртаньня ў нармалёвае жыцьцё праз дапамогу зводнаму брату, у выкананьні Ўолбэрга. Брат імкнецца на рынг, каб стаць сапраўдным чэмпіёнам.

Гэтая стужка больш пра сям’ю, чым пра спорт. Больш пра асабістыя перажываньні, чым накауты супернікаў.

А таксама адзначым цудоўную ролю Эмі Адамс.

Нумар 1. Шалёны бык (Raging Bull). 1980

raging_bull_3.jpg

Лепшым фільмам пра спорт мы называем працу Марціна Скарсэзэ з Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі, за якую ён атрымаў сваю другую ўзнагароду Оскар. Калі спорт – гэта пра змаганьне, тады тут яно паказана буйным плянам, магутнымі ўдарамі кулакоў. Скарсэзэ вырашыў здымаць фільм чорна-белым пасьля таго, як праглядзеў першыя зьнятыя сцэны ў колеры: занадта рэалістычнымі былі кадры, і каб не адцягваць празьмерную ўвагу гледачоў на кроў, было прынятае рашэньне абыйсьціся двума колерамі.

Гэтая карціна пра цяжкі і складаны лёс баксёра Джэйка Ля Мота, які атрымаў мянушку “Бронкскі бык”. Ужо ў далёкім ад нас 1980-м годзе Марцін Скарсэзэ ўзьняў папулярную сёньня тэму аб маскуліннасьці, якая атручвае ўсё на сваім шляху. Абавязкова паглядзіце фільм.

Прыемнага прагляду!