Топ-10 фільмаў пра Парыж

Сталіца Францыі на тры тыдні стала цэнтрам усяго сьвету. Нават тыя, хто не цікавіцца спортам, ня здольныя абмінуць падзеі на Гульнях. А мы запрашаем вас у іншы Парыж – кінематаграфічны. Склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак, дзеяньне якіх адбываецца ў гэтым прыгожым горадзе. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. На апошнім дыханьні (À bout de souffle). 1960

a_bout_de_souffle.jpg

Стужка рэжысэра Жана-Люка Гадара зьяўляецца краевугольным каменем французскай новай хвалі кінематографа, і менавіта тут вобраз Жан-Поля Бэльмандо стаў знакавым. У гэтай ролі актор вызначыў усю сваю будучую кар'еру. Пасьля выхаду фільма на экраны Жан-Поль прачнуўся суперзоркай. Сам фільм дапамог сфармаваць новы стыль кінавытворчасьці, які адышоў ад традыцыйных тэхнікаў апавяданьня.

Пры праглядзе вы ўбачыце Парыж, які ўжо цалкам сыйшоў у нябыт. Вы зразумееце прорву, калі самі падарожнічалі ў сталіцу Францыі ў апошнія гады. Тая Францыя, той Парыж Жан-Люка Гадара застаўся толькі на старонках кнігаў і на кінакадрах.

Вобраз Бэльмандо з яго фанабэрыстасьцю і нязмушанай абыякавасьцю да грамадзкіх нормаў увасабляе расчараваньне моладзі той эпохі. Абавязковая для прагляду стужка, якая зьяўляецца істотнай культурнай зьявай у гісторыі кіно.

Нумар 9. Чатырыста ўдараў (Les quatre cents coups). 1959

les_quatre_cents_coups.webp

Стужка Франсуа Труфо запрашае нас зазірнуць у францускую сям’ю 50-х гадоў. У той час як гульня маленькіх актораў, што здымаюцца ў галоўных ролях, такая пераканаўчая, выкарыстаньне ў фільме іншых дзяцей, якіх нібы здымаюць ледзьве не схаванай камэрай — так усё натуральна выглядае — робіць усю стужку сапраўднай, а таксама часам сьмешнай і трагічнай.

Не ўсе дзеці як тады, так і сёньня маюць такі экстрэмальны досьвед сталеньня, які мы бачым сярод галоўных герояў, якім прыйшлося зьбегчы з дому. Але любы дарослы можа ўзгадаць сябе ў тым пераходным узросьце, калі зь ім абыходзіліся як з дарослым і чакалі, што ён будзе выконваць законы дарослага жыцьця. Хаця па сутнасьці яны яшчэ заставаліся дзецьмі.

Нумар 8. Прыгажуня дня (Belle de jour). 1967

belle_de_jour_1.jpg

Гісторыя, якая адбываецца на фоне шыкоўнага Парыжу, распавядае пра жыцьцё маладой хатняй гаспадыні, якую з вытанчана грае Катрын Дэнёў. Раніцай яна – паважаная буржуазная пані. А пасьля яна паглыбляецца ў таемнае жыцьцё прастытуцыі. Гэтыя два сьветы, здавалася б, супрацьлеглыя, пераплятаюцца ў жыцьці парыжанкі.

Луіс Буньюэль адчуваў ціск эпохі і падараваў гледачам правакатыўны твор. Чаканьні грамадзтва і ўласныя пачуцьці – у некаторых людзей гэтыя рэчы ўваходзяць у стан грамадзянскай вайны ў межах аднаго чалавека. Нехта павінны зьнікнуць.

Нумар 7. Каралева Марго (La reine Margot). 1994

la_reine_margot_1.jpg

Ізабэль Аджані была адзначаная ўзнагародай за лепшую жаночую ролю на Канскім кінафэсьце. Прынцэса Марго Валуа на пачатку фільма, сястра каталіцкага караля Францыі вымушаная пайсьці замуж за пратэстанта Генрыха Наварскага ў 1572 годзе.

Цікавы факт, які яшчэ больш заахвоціць да прагляду: брат Марго – Генрых Валуа – той самы, які быў вялікім князем літоўскім 1573-1575 гадах, а потым зьбег у Францыю, калі там пачалі вымалёўвацца прэтэнзіі на трон.

Фільм Патрыса Шэро пастаўлены па кнізе Аляксандра Дзюма, у якой аўтар апісваў гугеноцкія войны і вядома, самую значную падзею, якая прывяла да канца пратэстантызму ў Францыі – Гугеноцкую ноч. Калі гэтыя назвы і імёны знаёмыя і цікавяць вас яшчэ зь дзяцінства – “Каралева Марго” выдатна вам падыйдзе. Можам парэкамендаваць прагляд пад бутэлечку бургундзкага ці бардо.

Нумар 6. Шарада (Charade). 1963

charade_1.jpeg

Стужку, якая зьнятая Стэнлі Донэнам, часта называюць «лепшым фільмам Хічкока, які Хічкок ніколі не здымаў». Гэты фільм - бліскучае спалучэньне рамантыкі, напружаньня і камедыі, дзе Кэры Грант дзеліць экранную славу разам з Одры Хёпбэрн.

Гэта стылёвы, олдскульны і вытанчаны трылер, які ідэальна перадае павевы 1960-х гадоў на маляўнічым фоне Парыжу. Грант выконвае ролю чалавека, які сустракае і дапамагае нядаўна аўдавелай жанчыне, якую грае Хёпбэрн. Саспенс з камедыяй – такая сумясь чакае гледачоў. Чым скончыцца гісторыя на экране – будзе не зразумела да апошніх сцэнаў.

Кэры Грант здолеў быць адначасова чароўным джэнтльмэнам і незразумелым незнаёмцам.

Нумар 5. Апошняе мэтро (Le dernier métro). 1980

le_dernier_metro_1.jpg

Франсуа Труфо зьняў звышэмацыйную стужку з Жэрарам Дэпардзье і Катрын Дэнёў у сваім росквіце кінематаграфічных кар’ераў. Мы ўбачым Парыж часоў нямецкай акупацыі, і перадусім – невялікі кінатэатар, кіраваць якім стала гераіня Дэнеў замест свайго мужа-габрэя, што мусіць хавацца.

Мастацтва стане сваеасаблівай арэнай змаганьня з нацыстамі, калі, як падаецца, ужо ўсё задушана, і супраціў выглядае недарэчным. Стужка засяроджаная на душэўных перажываньнях галоўных герояў. У пэўны момант можна нават забыць, што карціна пра вайну. Але ў кожнае падобнае імгненьне гледачоў вяртаюць да рэчаіснасьці.

Вайна зьмяняе як дзяржавы, так і кожнага чалавека. Акупацыя ніколі не праходзіць бяз сьледу.

Нумар 4. Адрынутыя (Les misérables). 2000

les_miserables_1.jpg

Гэтая тэле-вэрсія, пастаўленая Жазэ Даянам зь вялікім засяроджаньнем на эмацыйнасьці, адрозьніваецца імкненьнем паглыбіцца ў заблытаныя пласты гісторыі Віктора Гюго. Стваральнікі прапаноўваюць гледачам дэталёвы разгляд вечных тэмаў французскага клясыка. Магутны вобраз Жана Вальжана ў выкананьні Жэрара Дэпардзье і яго жыцьцёвага ворага інспэктара Жабэра ў манумэнтальным выкананьні Джона Малкавіча – робяць гэтую адаптацыю рамана найлепшай з усіх магчымых.

Узаемадзеяньне паміж Вальжанам і Жавэрам, зьяўляецца эмацыйным ядром стужкі. Інспэктар, якога грае Малкавіч - гэта постаць непахіснай, амаль трагічнай адданасьці закону, якая стварае захапляльную мэтамарфозу ў характары Жана Вальжана.

Рэжысэр няўхільна адлюстроўвае жорсткую рэчаіснасьць Францыі ХІХ стагодзьдзя, ад убоства прадстаўнікоў парыжскай бядноты да багацьця яго буржуа. У той час як шматлікія экранізацыі звужаюцца і спрашчаюцца, вэрсія Жазэ Даяна патрабуе ўсяго неабходнага часу, каб дасьледаваць мноства персанажаў і падсюжэтаў.

Нумар 3. Не чапай здабычу (Touchez pas au grisbi). 1954

touchez_pas_au_grisbi.jpg

Жак Бэкер зьняў фільм, у якім герой Жана Габэна трапляе ў гангстэрскую заблытаную гісторыю, якую неабходна нейкім чынам скончыць. Састарэлы гангстэр, які набліжаецца да канца свайго злачыннага і жыцьцёвага шляху спрабуе пераасэнсаваць усё сваё ранейшае жыцьцё.

Вобраз Габэна паказвае эвалюцыю жанру ад некаторага рамантычнага праслаўленьня жыцьця па-за законам да развагаў аб жорсткім самотным існаваньні ўдзельнікаў злачынных груповак.

Стужка прасякнутая атмасфэрай пасьляваеннага Парыжу, дзе цёмныя кавярні і бары і слаба асьветленыя памяшканьні становяцца маляўнічым месцам для роздумаў аб выхадзе на пакой. Але перад гэтым, як заведзена, неабходна скончыць яшчэ адно рабаваньне. Простая і шчодрая справа прынясе сутыкненьні з новым, больш жорсткім пакаленьнем бандытаў.

Нумар 2. Амэлі (Le Fabuleux destin d'Amélie Poulain). 2001

le_fabuleux_destin_d_amelie_poulain_3.jpg

Фантастычны посьпех гэтай надзвычай мілай стужкі стаў сусьветным прызнаньнем у каханьні да французскага кіно. У Парыжы дагэтуль працуе кавярня, у якой працавала гераіня Адры Тату, там можна выпіць кавы з круасанам, зрабіць здымак ля аднаго з плякатаў, і пайсьці блукаць па вуліцах сталіцы, па якіх бегала, хадзіла, езьдзіла Амэлі.

Таямніца посьпеху стужкі – у чароўнай звыкласьці гісторыі. Дзяўчына, якая магла ўбачыць казачныя праявы ў шэрых падзёртасьцях лёсу, і, паўтараючы за гераіняй, можна задацца пытаньнем, колькі людзей у гэты момант займаюцца каханьнем у Парыжы. Ці то ў Менску.

Гэта адзін з тых фільмаў, якія будуць пераглядаць пакаленьне за пакаленьнем гледачоў. Адзінае, пра што можна шкадаваць, гэта тое, што Адры Тату больш не атрымала магчымасьці знайсьці такі фэнаменальны посьпех у гледачоў у іншых стужках.

Нумар 1. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007

la_mome_4.jpg

Французскі фільм пра найвялікшую французскую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каційяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я не пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф.

Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх французскіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каційяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта.

Прыемнага прагляду!