«Іспанія супраць Еўропы»: як франкісцкі рэжым ператварыў ізаляцыю ў сваю ідэалогію

Франкісцкая Іспанія ў 1945–1955 гг. апынулася ў міжнароднай ізаляцыі — і ў адказ пабудавала ідэалогію пра «лепшую Еўропу». Як дыктатура тлумачыла санкцыі, ва што прымушала верыць грамадзян і чаму хутка адмовілася ад гэтага наратыву. 

Партрэт Франсіска Франка. Фота: Jalón Ángel, CC0, Wikimedia Commons

Партрэт Франсіска Франка. Фота: Jalón Ángel, CC0, Wikimedia Commons

На днях (20 лістапада) споўнілася 50 гадоў са смерці іспанскага дыктатара Франка. Вельмі яркая старонка эры яго праўлення — экстравагантная рэакцыя на знешнія санкцыі і ізаляцыю з боку еўрапейскіх дэмакратый у 1945–1955 гг.

Пасля краху нацызму Франка перажываў не лепшыя часы. Іспанія была выключана з ААН, яе не хацелі браць у склад удзельнікаў Плана Маршала і дэманстратыўна не разглядалі як кандыдатку ў будучыя заходнія ваенныя структуры. Дэмакратычная Еўропа ставілася да франкісцкай Іспаніі як да фашысцкага ізгоя. Аж да таго, што французскія ўлады заплюшчвалі вочы на стварэнне на сваёй тэрыторыі мілітарных фармаванняў іспанскіх эмігрантаў, якія спрабавалі пераходзіць мяжу, каб па той яе бок партызаніць супраць Франка. У гэтым сэнсе нядзіўна, што Іспанію не пусцілі на алімпійскія гульні 1948-га, а іспанскія артысты былі персонамі нон грата на ўсіх буйных міжнародных культурных фестывалях.

Пікам ціску на дыктатуру стала Рэзалюцыя 39 (I) Генеральнай Асамблеі ААН ад 12 снежня 1946-га, якая рэкамендавала ўсім краінам адклікаць сваіх амбасадараў з Мадрыда. На пачатку 1947 года толькі 12 краін (Партугалія, Ірландыя, Ватыкан, Аргенціна, Швейцарыя і інш.) мелі там пастаянных паслоў.

Відавочна, што шэраговыя іспанцы былі ў ментальнай прастрацыі ад таго, што адбываецца. Франкісцкая прапаганда раней неаднаразова настойвала на тым, што менавіта Іспанія з’яўляецца «гістарычнай крыніцай Еўропы», «духоўным запаведнікам Захаду». І раптам Еўропа, якая нібыта мае быць удзячнай Іспаніі, уводзіць супраць краіны жорсткія санкцыі.

У адказ на міжнародны астракізм у Мадрыдзе быў запушчаны новы наратыў: Іспанія — не проста Еўропа, а лепш, чым Еўропа. Галоўная тэза іспанскіх азаронкаў таго часу гучала прыкладна так: дэкадэнцкая, матэрыялістычная, масонская, ліберальная Еўропа здрадзіла сваёй уласнай сутнасці. У той жа час увасабленнем сапраўднай Еўропы (каталіцкай, іерархічнай і антыкамуністычнай) з’яўляецца Іспанія.

У афіцыйнай прэсе Іспанія ўяўлялася як унікальны гістарычны суб’ект з універсальнай місіяй — каталізаваць свет, пачынаючы з XVI стагоддзя і ажно да нашых дзён. Таму «адрозненне Іспаніі ад Еўропы» (у тым ліку ў галіне правоў чалавека і дзяржаўнага ладу) было, нібыта, прыкметай яе перавагі, а не непаўнавартаснасці.

У ход пайшла і «чорная легенда» — пратэстанцкая прапаганда часоў Контррэфармацыі, у выніку якой каталіцкую Іспанію XVI–XVII стагоддзяў доўгі час было прынята прадстаўляць як царства жудаснага цемрашальства. «Чорная легенда» стала адным з цэнтральных слупоў франкісцкай прапаганды і ідэалогіі. Яе разглядалі як змову пратэстанцкіх дзяржаў (Англія, Галандыя), а пазней — лібералаў, масонаў і марксістаў супраць Іспаніі.

spaansefurie.jpg

Лейтматывам гэтых варожых вылазак, як казала прапаганда, была зайздрасць на адрас каталіцкай Іспаніі — «меч хрысціянства». Такім чынам, «чорная легенда» на самой справе была доказам велічы Іспаніі: дэвіз «Nos calumnian, luego existimos» («Супраць нас паклёпнічаюць, значыць, мы існуем») стаў напаўафіцыйным лозунгам.

Важную ролю ў агітпропе дыктатуры адыгрываў антымадэрнісцкі дыскурс. Франка і яго ідэолагі часта супрацьпастаўлялі «вечную Іспанію» (каталіцкую, сельскую, традыцыйную) Еўропе, разбэшчанай англасаксонскім капіталізмам. Еўропу абвінавачвалі ў страце душы, калі Іспанія яе нібыта захавала. Рэжым актыўна абапіраўся на ідэю ганарлівай самадастатковасці, якую выражаў лозунг «¡España es diferente!» («Іспанія іншая!»).

Падключыўся да прамывання мазгоў і кінематограф. На экранах тэма ізаляцыі, як правіла, маскіравалася пад гістарычныя алегорыі, рэлігійныя прытчы, сельскія драмы ці пераможныя нацыяналістычныя эпасы. Напрыклад, у фільме «Апошнія філіпінцы» (1945) група іспанскіх салдат у Балеры (Філіпіны) трымаецца 337 дзён пасля заканчэння вайны з амерыканцамі ў 1898 годзе, не падазраючы, што Іспанія даўно прайграла.

Была перазнятая канцоўка фільма «Раса» (1942), да сцэнара якога прыклаў руку асабіста дыктатар. Паводле сюжэту, жыццёвыя шляхі нашчадкаў адной слаўнай дынастыі іспанскіх арыстакратаў разыходзяцца. Аднак грамадзянская вайна 1936–1939 гг. прымушае іх зноў згадаць пра славутае мінулае прашчураў, каб стаць на бок Франка. У версію 1950 года была дададзена фінальная сцэна, у якой галоўны герой канстатуе: «Іспанія — адна супраць усяго свету, але з розумам і з Богам».

Дарэчы, заявы аб радыкальным адрозненні Іспаніі ад Еўропы таксама дапамагалі апраўдваць эканамічныя цяжкасці і палітычныя рэпрэсіі: «Мы не падобныя да тых еўрапейцаў, якія прадалі душу за халадзільнікі і дэмакратыю», — сцвярджалі ў медыя.

Хто ведае, чым бы скончыліся гэтыя эксперыменты, але тут на дапамогу дыктатуры прыйшла халодная вайна. Штаты, якім было важнае стратэгічнае становішча Іспаніі, вырашылі заплюшчыць вочы на выбрыкі дыктатара. Пачаўся працэс заканчэння ізаляцыі (Канкардат са Святым Прастолам 1953 г., ваенныя пагадненні з ЗША 1953 г., уступленне ў ААН 1955 г.).

Па ходзе Мадрыд досыць хутка адмовіўся ад пафаснай рыторыкі наконт таго, што «мы еўрапейцы са знакам якасці». З канца 1950-х і асабліва ў перыяд эканамічнага адкрыцця 1959–1975 гг. афіцыйная прапаганда пачала падкрэсліваць, што Іспанія «павяртаецца на сваё законнае месца ў Еўропе».

Кульбіт у ідэалагічных устаноўках дыктатуры Франка быў настолькі маштабным, што вышэйзгаданы галоўны патрыятычны лозунг «¡España es diferente!» пасля 1955-га стаў асноўным слоганам інфармацыйнай кампаніі па раскрутцы іміджу краіны на міжнародным турыстычным рынку. Гэта, зрэшты, як і ўся апісаная гісторыя, яшчэ раз сведчыць, што ніякай сталай ідэалогіі дыктатуры па сутнасці не маюць. Учынкі аўтакратаў вызначае выключна патрэба — застацца пры ўладзе любым чынам.