Іранская «СВА» Трампа. Дасье ў карыкатурах

Эскалацыя вакол Ірана і жорсткая рыторыка Вашынгтона выклікалі хвалю рэакцый карыкатурыстаў. Ад канспіралагічных версій да страху перад глабальнай вайной — як мастакі бачаць амерыкана-іранскі канфлікт.

Тэма магчымай эскалацыі вакол Ірана праз яго атамную праграму даўно абмяркоўваецца ў свеце. Верагоднасць такога сцэнара ўзрасла ў студзені пасля таго, як краіну ахапілі масавыя беспарадкі, якія жорстка душылі мясцовыя сілавікі. Адна з карыкатур на гэтую тэму.

photo_2026_03_02_16_46_07.jpg

Захад, і ЗША ў прыватнасці, негатыўна рэагавалі на расправы над пратэстоўцамі. Магчыма, менавіта ў гэты момант у Белым доме і сфармавалася ідэя скарыстацца сітуацыяй для змены рэжыму ў Тэгеране. Прынамсі ў рыторыцы Трампа перыядычна гучалі заклікі да іранцаў браць лёс краіны ў свае рукі пасля таго, як амерыканскія бомбы і ракеты знішчаць эліту цяперашняга Ірана. Магчыма, сваю перамогу ў іранскай кампаніі ён уяўляў прыкладна так, як гэта паказана на гэтай карыкатуры.

photo_2026_03_02_16_46_12.jpg

Трэба прызнаць: для абсалютнай большасці заходніх абывацеляў іранская ядзерная праграма — не галоўная тэма дня. Таму вакол канфлікту імгненна ўзнік каскад канспіралагічных версій. Не абышлося і без гіпотэзы пра тое, што Трамп спрабуе адцягнуць увагу ад гісторыі з Эпштэйнам.

photo_2026_03_02_16_46_15.jpg

Папулярная версія — у тым ліку адлюстраваная ў карыкатурах — што рашэнне аб эскалацыі было выгодным ізраільскаму прэм’еру Нетаньяху. Згодна з гэтай інтэрпрэтацыяй, ізраільскі фактар і праізраільскія групы ўплыву ў ЗША маглі падштурхоўваць Вашынгтон да больш жорсткай лініі.

photo_2026_03_02_16_46_17.jpg

Так ці інакш, іранская вертыкаль улады пакуль трымаецца. Нягледзячы на ўдары і ліквідацыю шэрагу высокапастаўленых фігур, сістэма не абрынулася. Затое рэгіён хутка пагрузіўся ў нестабільнасць праз адказныя дзеянні Тэгерана. Самыя песімістычныя мастакі лічаць, што канфлікт можа выйсці далёка за межы Блізкага Усходу.

photo_2026_03_02_16_46_20.jpg

Калі хуткім часам не з’явяцца прыкметы слабасці іранскага рэжыму, Трампу можа «прыляцець» ужо на ўнутраным палітычным полі. Яму нагадаюць, як падчас выбараў ён крытыкаваў агрэсіўную знешнюю палітыку апанентаў. На адной з карыкатур ягоны лозунг «Не больш войнаў!» ператвараецца ў «Не. Больш войнаў!».

photo_2026_03_02_16_46_23.jpg

Відавочна, што пэўны час супрацьстаянне працягнецца. Але што далей, калі статус-кво ў Іране захаваецца? На наземную аперацыю Вашынгтон наўрад ці вырашыцца. Значыць, у нейкі момант давядзецца шукаць фармат дыялогу. Ці ёсць у Трампа стратэгія выхаду з канфлікту? Аўтар гэтай карыкатуры сумняваецца: у Пентагона ёсць ракеты і самалёты, але няма разумення, чым усё гэта павінна скончыцца.

photo_2026_03_02_16_46_26.jpg

Адным словам, наступныя некалькі тыдняў могуць стаць вельмі непрадказальнымі.