Паляўнічы на словы і сябар беларушчыны. Памяці Люі-Жана Кальвэ
Люі-Жан Кальвэ дасьледаваў, як імпэрыі ядуць мовы, і настойваў: мова існуе толькі праз людзей, якія ёю жывуць. Ягоныя ідэі застаюцца асабліва актуальнымі для Беларусі.

У канцы восені 2025 году так неўпрыкмет для Беларусі памёр францускі сацыялінгвіст Люі-Жан Кальвэ — адзін са стваральнікаў францускай сацыялінгвістычнай школы, вядомай як «школа Кальвэ». Пад гэтым паняткам сёньня разумеюць шырокі спэктар тэмаў: ад посткаланіяльнай, урбаністычнай і палітычнай сацыялінгвістыкі да моўнай палітыкі, лексыкалёгіі і сацыялінгвістыкі паўсядзённых словаў.
Сябра беларушчыны і аўтар шматлікіх дасьледаваньняў, прысьвечаных вынішчэньню меншых моваў большымі, Кальвэ апісаў гэтую зьяву праз нэалягізм — глётафобія, або моважэрства. Менавіта гэтай тэме прысьвечанае ягонае magnum opus — дасьледаваньне «Лінгвістыка і каляніялізм» (1974).
У 2024 годзе, да 50-годзьдзя выхаду галоўнай кнігі аўтара, у Тунісе была арганізаваная міжнародная канфэрэнцыя, якая сабрала прыхільнікаў і вучняў мэтра францускай сацыялінгвістыкі. Сымбалічна, што там прысутнічала і беларуская мова: Люі-Жан Кальвэ асабіста пажадаў улучыць яе хаця б у афішу канфэрэнцыі.
У памяці многіх Люі-Жан застаўся нястомным «вулічным лінгвістам» — у супрацьпастаўленьне кабінэтным дасьледнікам. Калі апошнія аналізуюць мову з дапамогай слоўнікаў і граматыкаў, Кальвэ больш за ўсё любіў «разьбіраць» мовы на рынках і ў крамах, даставаць іхныя сакрэты, як косткі алівак Бізэрты — места, дзе ён нарадзіўся 5 чэрвеня 1942 году і дзе памёр 29 кастрычніка 2025-га.
Ён любіў адчуваць смак і тэкстуру моваў, бо для яго яны былі чым заўгодна, толькі не абстрактнай матэрыяй. «Яны не існуюць без людзей, якія на іх размаўляюць», — паўтараў ён зноў і зноў. І менавіта гэтыя людзі яго цікавілі: тыя, каго можна сустрэць на рынках і ў вёсках, на працы, у бістро ці на дэманстрацыях, дзе часам зьяўляўся і сам Кальвэ — анархіст зь піпкай, што зьвісала з вуснаў.
Як сацыялінгвіст, ён цікавіўся мовай людзей усіх плястоў, у тым ліку мовай палітыкаў — часта дваістай, размаітай і хітрай, ня кажучы ўжо пра «палітычную карэктнасьць», якая нярэдка зводзіцца да замены словаў замест рэальнага вырашэньня праблемаў.
Глядзіце таксама

Ён літаральна паляваў на словы: слухаў і падслухоўваў, як гамоняць людзі на розных мовах у крамах, на рынках, у мэтро і аэрапортах — там, дзе якраз і нараджаюцца новыя словы, дзе часьцей за ўсё можна пачуць не адшліфаваную і стэрыльную сталічную мову, а мову шурпатую, з акцэнтамі і памылкамі.
Кальвэ абараняў мовы мінарытарныя, а яшчэ больш — мовы мёртвыя; ён любіў мовы, на якіх сьпявалі. Таму прысьвяціў ім шэраг працаў — ад «Cent ans de chanson française» («Сто гадоў францускай песьні») да «Chansons: la bande-son de notre histoire» («Песьні: саўндтрэк нашай гісторыі»), у тым ліку біяграфіі Жоржа Брасэнса і Лёа Фэрэ.

(За)цікавіўся ён і Беларусьсю — асабліва пасьля 2020 году. Яго зусім не зьдзіўляла, што афіцыйная Францыя называла і дасюль называе Беларусь (Bélarus) Белай Русьсю (Biélorussie), успрымаючы нашу краіну ў арбіце Расеі. У сваіх працах Кальвэ дэталёва апісаў лёгіку імпэрскіх і якабінскіх мадэляў, якія ў моўнай палітыцы ігнаруюць узровень самавызначэньня і апісваюць малыя ці малавядомыя мовы як дыялекты або, у лепшым выпадку, «недамовы».
У ліставаньні Люі-Жан шчыра цікавіўся моўнай сытуацыяй у Беларусі — статыстыкай, моўнымі законамі, дынамікай колькасьці беларускамоўных у гістарычнай пэрспэктыве. Улічваючы ўразьлівасьць беларускай мовы, ён раіў імкнуцца да мадэлі білінгвізму, не радыкалізаваць сытуацыю, але заўсёды прынцыпова атаясамляцца зь беларускай мовай і рухацца ў кірунку паноўнай беларускай і дадатковай расейскай — а не наадварот.

Дарэчы, у выдавецтве «Скарына» цяпер рыхтуецца пераклад галоўнай кнігі Л.-Ж. Кальвэ — «Лінгвістыка і каляніялізм». Аўтар быў усьцешаны, што ягонае, дасюль актуальнае і моцнае, пасланьне загучыць па-беларуску. Шкада, што слынны паляўнічы на словы не дачакаўся гэтага перакладу…