Фрыдрых Мерц: Еўропа не прыме пагадненне па Украіне, заключанае без яе ўдзелу

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падкрэсліў: Дональд Трамп ведае, што толькі мір, які падтрымае і легітымізуе Еўропа, можа быць сапраўды доўгатэрміновым. У той жа час ЕС павышае свае абаронныя магчымасці: Польшча можа размясціць у сябе французскую ядзерную зброю. Ідуць 1470-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

594881020_1209317841381292_4107916556328580157_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 144 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 сакавіка.

На Пакроўскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксаваная роўная колькасць боесутыкненняў —  па 25 на кожным.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Пляшчыеўкі, Сафіеўкі, Русінага Яру і ў бок Іллінаўкі і Навапаўлаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў у бок Цярновага, Вішнёвага, Вароніна, Вербавага і Злагоды.

На Ліманскім і Славянскім кірунках армія РФ атакавала па 10 разоў на кожным.

 * * *

На Гуляйпольскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць паспяхова праводзіць контратакучыя аперацыі, дэманструючы паступовы прагрэс. Ім удалося дасягнуць пэўных тактычных поспехаў, у прыватнасці выраўняць асобныя ўчасткі фронту, паведаміў ваенны эксперт Багдан Мірошнікаў у сваім Telegram-канале.

Як паведамляе эксперт, расійскія вайскоўцы страцілі магчымасць утрымліваць стратэгічна важныя плацдармы на заходнім беразе ракі Гайчур. Раней гэтыя пазіцыі разглядаліся як базы для магчымага флангавага ціску на Арэхаў і прасоўвання ў кірунку Вальнянска. Аднак цяпер гэтыя тэрыторыі знаходзяцца пад наглядам УСУ, а лінія сутыкнення паступова зрушваецца на больш выгадныя для ўкраінскай абароны межы.

Нягледзячы на некаторае запаволенне наступальных дзеянняў, барацьба працягваецца. Далейшае развіццё сітуацыі шмат у чым будзе залежаць ад здольнасці ўкраінскіх войскаў наблізіцца да раёна Успенаўкі і ўзяць яго пад кантроль.

Адзначаецца, што такі прагрэс дасягаецца значнымі намаганнямі. Гаворка ідзе не пра маштабны прарыў, а пра паляпшэнне аператыўных пазіцый, што стварае перадумовы для ўзмацнення абароны і паспяховага развіцця падзей у будучыні.

* * *

Маскву не задавальняе перспектыва замарожанага канфлікту, асабліва на паўднёвым кірунку ва Украіне. Крэмль разглядае магчымасць далейшых наступальных дзеянняў на поўдні Украіны і імкнецца захапіць Адэскую вобласць, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Расійскія мэты ў Адэскай вобласці дэманструюць, што Крэмль захоўвае тэрытарыяльныя амбіцыі па-за межамі ўкраінскіх рэгіёнаў, якія Расія незаконна анексавала. ISW працягвае ацэньваць, што расійскія войскі наўрад ці змогуць прасунуцца да Адэсы, не кажучы ўжо пра захоп усёй вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

Аналітыкі нагадваюць пра папярэднія няўдалыя амбіцыі Крамля. Напрыклад, у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расія замахвалася на хуткі захоп Кіева на працягу некалькіх дзён, аднак гэтыя планы пацярпелі няўдачу.

«Расійскія войскі змарнавалі значныя сілы і людскія рэсурсы, спрабуючы выканаць мэты камандавання, аднак за апошнія чатыры гады не змаглі дасягнуць значнага прагрэсу. Расійскія мілблогеры нават скардзіліся на нерэалістычныя і шырокія тэрытарыяльныя мэты ваеннага камандавання, якія прыводзяць да вялікіх страт расійскіх войскаў у дарагіх атаках», — адзначаюць аналітыкі.

* * *

Крэмль плануе ў 2026 годзе набраць яшчэ 409 тысяч кантрактнікаў і давесці сваю групоўку ва Украіне да 800 тысяч, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

Паводле яго слоў, нягледзячы на значныя страты ў людзях і тэхніцы, Расія не спыняе наступ. «Таму ў нас няма іншага выбару, чым працягваць бой і знішчаць ворага», — сказаў Сырскі.

Як паведамлялася раней, зараз ва Украіне задзейнічана больш за 700 тысяч расійскіх вайскоўцаў: 710-711 тысяч, нягледзячы на тое, што мабілізацыйныя планы выконваюцца больш чым на 100%. Прычына ў тым, што страты перавышаюць папаўненне. У 2025 годзе Расія прыцягнула каля 406 тысяч чалавек, але страціла прыкладна 419 тысяч — так што рэальнага росту групоўкі не адбылося.

* * * 

1772598301151_aee7dee4_54cf_4bb0_8782_8c2003e5d287_kill_statistic_35969_1772598301151.webp

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас стасункаў з журналістамі запэўніў, што праблема вайны РФ супраць Украіны захоўвае вельмі высокае месца ў яго спісе прыярытэтаў.

«Што тычыцца Расіі і Украіны, дзе гэта ў маім спісе прыярытэтаў? Вельмі высока. Я думаў, што гэта будзе адна з самых лёгкіх войнаў для ўрэгулявання», — сказаў Трамп.

Ён дадаў, што паміж расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зеленскім існуе велізарная нянавісць. Паводле яго слоў, гэта самы высокі ўзровень нянавісці, які ён бачыў у сваім жыцці.

«Гэта высока ў маім спісе не таму, што гэта так моцна ўплывае на Злучаныя Штаты, бо гэта вельмі далёка. На мінулым тыдні і фактычна за апошнія чатыры тыдні загінула 32 000 салдат. І ў сярэднім ад 25 да 30 тысяч салдат у месяц гінуць у гэтай дурной вайне, і я бы вельмі хацеў убачыць яе канец», — сказаў Трамп.

Ён дадаў, што вайна РФ супраць Украіны — гэта самае горшае падзея, якую свет бачыў з часоў Другой сусветнай.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме 3 сакавіка заявіў, што Еўропа не прыме пагадненне па Украіне, заключанае без яе ўдзелу.

«Без удзелу еўрапейцаў пагаднення не будзе», — заявіў ён.

Мерц распавёў, што на перамовах з Трампам падкрэсліў узмацненне ціску на Маскву. Ён перакананы, што толькі праз павелічэнне ціску з боку Вашынгтона Пуцін будзе гатовы пайсці на саступкі: «Расія цягне час і, робячы гэта, дзейнічае супраць волі амерыканскага прэзідэнта. Сёння я заклікаў да ўзмацнення ціску на Маскву».

На думку Мерца, Еўропе неабходна далучыцца да мірных перамоў, якія працягваюцца паміж РФ і Украінай пры пасрэдніцтве ЗША.

«Трамп ведае, што толькі мір, які падтрымае і легітымізуе Еўропа, можа быць сапраўды доўгатэрміновым. Ён таксама ведае, што ўклад Еўропы ў бяспеку Украіны, аднаўленне, еўрапейскую інтэграцыю будзе проста незаменным для гэтага міру», — заявіў Мерц.

* * *

Польшча рыхтуе гістарычны саюз з Францыяй, які павінен змяніць ядзерную карту Еўропы, піша РБК-Украіна.

Як заявіў польскі прэм'ер Дональд Туск, Варшава імкнецца ўзмацніць сваю ролю ў сістэме бяспекі Еўропы. Пытанне супрацоўніцтва абмяркоўваецца не толькі з Парыжам, але і з іншымі еўрапейскімі партнёрамі. Польскі прэм'ер падкрэсліў, што краіна плануе дзейнічаць разам з саюзнікамі, але адначасова імкнецца развіваць уласныя магчымасці ў сферы бяспекі. Паводле яго слоў, у будучыні Варшава хоча быць гатовай да максімальна аўтаномных дзеянняў у пытаннях стратэгічнага стрымлівання.

Раней прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прапанаваў пашырыць французскую сістэму ядзернага стрымлівання і прыцягнуць да супрацоўніцтва некалькі еўрапейскіх краін, сярод якіх Польшча, Германія, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Данія, Швецыя і Грэцыя.

Французская прапанова прадугледжвае некалькі форм супрацоўніцтва. У прыватнасці, гаворка можа ісці пра сумесныя ваенныя вучэнні, дэманстрацыю ядзерных магчымасцей, а таксама патэнцыйнае размяшчэнне французскіх стратэгічных авіяцыйных падраздзяленняў на тэрыторыі партнёрскіх дзяржаў. У Парыжы лічаць, што засяроджанне такіх сіл у розных краінах Еўропы можа ўскладніць разлікі патэнцыйных праціўнікаў.

У той жа час Макрон ясна заявіў, што рашэнне аб магчымым прымяненні французскай ядзернай зброі будзе заставацца выключнай прэрагатывай Францыі. Партнёры змогуць удзельнічаць у сістэме стрымлівання, але без агульнага механізму прыняцця рашэння аб выкарыстанні ядзернага арсенала.

Чакаецца, што пытанне супрацоўніцтва ў сферы ядзернага стрымлівання стане адной з тэм перамоў падчас будучага саміту па ядзернай энергетыцы ў Парыжы, дзе Туск плануе правесці кансультацыі з Макронам і іншымі еўрапейскімі лідарамі.