Расійскія дроны заляцелі ў Румынію, ёсць пацяпрелыя. Чым адкажа свет?
Расійскі беспілотнік трапіў у дах шматпавярховага жылога дома ў румынскім прыгранічным горадзе Галац, пацярпелі два чалавекі. ЗША лічаць масіраваныя расійскія ўдары па Кіеве «варварскай эскалацыяй», а што яны скажуць наконт Румыніі? Украіна ў чарговы раз голасна папярэдзіла Беларусь аб недапушчэнні ўцягвання ў вайну. Ідуць 1556-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Ілюстрацыйнае фота
Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 267 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмы расіян ў раёнах Вольнага, Новага Данбасу, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Шаўчэнка, Пакроўску, Біліцкага, Грышына, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 32 атакі расійцаў у раёнах Дабраполля, Уздвіжаўкі, Горкага, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Стараўкраінкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Берастка, Русінага Яру і Сцяпанаўкі.
На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 13 спроб арміі РФ прасунуцца ў бок Грэкаўкі, Макееўкі, Новаміхайлаўкі, Ліману, Дробышава і Дзіброва.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы дзевяць разоў штурмавалі пазіцыі УСУ, на Купянскім кірунку УСУ спынілі сем атак.
* * *
Ноччу 29 траўня расійскія войскі нанеслі мэтанакіраваны ўдар па турэцкім судне, якое ішло з порта ў Адэскай вобласці ў Турцыю, у выніку атакі ўспыхнуў пажар. Два члены экіпажа атрымалі раненні. Іх аператыўна эвакуіравалі катэрамі ВМС УСУ і даставілі ў бальніцу.
У ноч на пятніцу ў выніку расійскай атакі на Запарожжа адбыўся пажар, раненні атрымалі дзве жанчыны.
У расійскім Валгаградзе пасля атакі дронаў загарэўся НПЗ «Лукойл-Валгаград-нафтаперапрацоўка». Па падліках расійскага Telegram-канала Astra, гэта як мінімум 10-я атака на гэты завод за ўвесь час поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
* * *
Расійскі беспілотнік трапіў у дах шматпавярховага жылога дома ў румынскім прыгранічным горадзе Галац. Узнік пажар, пацярпелі два чалавекі. Перад гэтым Паветраныя сілы Украіны паведамлялі пра атаку расійскіх дронаў на Адэскую вобласць.
У Мінабароны Румыніі пацвердзілі, што дрон, які ўпаў на шматпавярхоўку ў Галацы, быў расійскім.
«Гэты інцыдэнт з’яўляецца сур’ёзнай і безадказнай эскалацыяй з боку Расійскай Федэрацыі. Румынія прыме неабходныя дыпламатычныя меры ў адказ на гэта сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права і яе паветранай прасторы», — заявіў румынскі МЗС.
Таксама на паўночным захадзе Румыніі, у павеце Марамурэш, быў знойдзены яшчэ адзін дрон без выбуховага зарада.
* * *

* * *
Намесніца пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Тэмі Брус падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН назвала масіраваныя расійскія ўдары па Кіеве «невытлумачальнай, небяспечнай і варварскай эскалацыяй», «недапушчальнай і агіднай», заклікала да спынення агню і нагадала Расіі пра яе юрыдычныя абавязацельствы і дыпламатыю «як шляху да трывалага міру».
Брус адзначыла, што ўдары па Украіне з прымяненнем балістычных ракет «Арэшнік» прывялі да гібелі грамадзянскіх асоб, раненні атрымалі больш за сотню чалавек. «Апошнія масіраваныя ўдары па Кіеве з боку Расіі, уключаючы прымяненне гіпергукавых балістычных ракет "Арэшнік", з’яўляюцца невытлумачальнай, небяспечнай і варварскай эскалацыяй», — заявіла яна.
Яна таксама ўказала, што падчас атак былі разбураны або пашкоджаны «музеі, аб’екты грамадскага транспарту, жылыя дамы і іншыя аб’екты». Мэтанакіраваныя атакі супраць грамадзянскага насельніцтва «недапушчальныя і агідныя», — падкрэсліла Брус, выказаўшы спачуванні пацярпелым.
ЗША перасцерагаюць Расію ад так званых сістэматычных удараў па Кіеве, якія могуць павялічыць колькасць ахвяр і ўскладніць перспектывы міру.
«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць да неадкладнага і ўсёабдымнага спынення агню як кроку да ўстойлівага перамоўнага завяршэння вайны», — сказала Брус і дадала, што ЗША гатовы адыграць канструктыўную ролю ў выпадку рэальнай гатоўнасці бакоў да міру.
* * *
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН папярэдзіў пра рызыку ўцягвання Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны і заклікаў узмацніць санкцыйны ціск на Маскву і Мінск.
«Пад растучым ціскам Крамля Беларусь падштурхоўваюць да больш глыбокага ўключэння ў вайну, у прыватнасці шляхам мабілізацыйных мер, разгортвання перадавых ракетных сістэм і вучэнняў, звязаных з ядзернай зброяй... Мы ўважліва сочым за дзеяннямі Расіі, накіраванымі на далейшае ўцягванне Беларусі ў агрэсію супраць Украіны», — адзначыў ён.
Мельнік дадаў, што рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся ад суверэнітэту, дазволіўшы Маскве выкарыстоўваць тэрыторыю, ваенную інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі. Паводле яго слоў, гэта стварае «беспрэцэдэнтную пагрозу не толькі для Украіны, але і для еўрапейскай бяспекі».
Дыпламат падкрэсліў, што Украіна спадзяецца на адсутнасць новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі, аднак гатова да дзеянняў у адказ у адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН. «Любы напад з поўначы выкліча неадкладны і рашучы адказ, і рэжым у Мінску сутыкнецца з разбуральнымі наступствамі», — заявіў ён.
* * *
ЗША не пакідаюць Украіну, яе дыпламаты, нягледзячы на запалохванні Расіі, застаюцца ў Кіеве. Акрамя таго, Масква не перамагае ў вайне, а нясе каласальныя страты, заявіў на брыфінгу ў Кіеве амерыканскі сенатар-дэмакрат Рычард Блюменталь.
«Украіна атрымае перамогу, калі будзе мець сродкі, каб завяршыць справу, і тое, што мы пачулі за апошнія некалькі дзён, умацоўвае маю ўпэўненасць у тым, што Украіна насамрэч прасоўваецца да перамогі», — сказаў сенатар.
Блюменталь паведаміў, што вернецца ў ЗША са спісам задач. У прыватнасці, гэта дальнабойная зброя, артылерыя, HIMARS, ATACMS, танкі, F-16, неабходныя віды боепрыпасаў. Найважнейшым пунктам ён назваў супрацьпаветраную абарону. «Таму што тое, што мы бачылі за апошнія некалькі дзён, і тое, што я бачыў падчас усіх сваіх мінулых паездак — гэта эскалацыя жорсткасці Пуціна», — адзначыў сенатар.
Ён адзначыў, што цяпер свет бачыць менавіта эскалацыю жорсткасці — удары па жылых дамах, гандлёвых цэнтрах, бальніцах, школах. Блюменталь лічыць, што гэта злачынныя паводзіны павінны абурыць увесь свет.
«Я буду змагацца за тое, каб давесці да фінішнай прамой законапраект аб санкцыях, які перакрые даходы, якія зараз паступаюць у ваенную машыну Пуціна і з’яўляюцца крытычна важнымі для яе. Без іх Расія не зможа працягваць барацьбу», — падкрэсліў ён.
* * *
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас адхіліла ідэю прызначэння спецыяльнага пасланніка ЕС для перамоваў з Расіяй. На яе думку, Еўрасаюз не будзе нейтральным пасрэднікам паміж Масквой і Кіевам, паведамляе Euronews.
Паводле слоў Калас, ЕС адкрыта падтрымлівае Украіну і абараняе ўласныя інтарэсы бяспекі. «Еўропа ніколі не будзе нейтральным пасрэднікам паміж Расіяй і Украінай, таму што мы на баку Украіны», — заявіла Калас.
Пры гэтым еўрадыпламат дадала, што Кіеву патрэбен актыўны ўдзел Еўрасаюза, каб збалансаваць перамоўны працэс і дамагчыся саступак ад Расіі. Паводле яе слоў, хоць ЗША засяродзіліся на вайне ў Іране, гэта не азначае, што ЕС павінен замяніць Вашынгтон у мірным працэсе. «Нашы намаганні павінны дапаўняць амерыканскія, а не падмяняць іх», — растлумачыла Калас.
Таксама ў матэрыяле прыводзяцца словы дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё, які выказаў здагадку, што мірны працэс можа аднавіцца ў бліжэйшы час. «ЗША гатовы зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы завяршыць гэтую вайну, і мы спадзяёмся, што такая магчымасць з’явіцца», — сказаў ён.