«Новы Час Chat» і «Новы Час Online» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Хронікі рэпрэсій 10 сакавіка
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Новы Час Chat» і бот зваротнай сувязі «Новы Час Online». Першы выкарыстоўваецца для каментароў да публікацый выдання ў тэлеграм-канале «Новага Часу», другі — для зваротнай сувязі з рэдакцыяй і ўвогуле нічога не публікуе.

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- Telegram-канал «White scout 88»;
- старонкі ў Instagram «karakulya_best», «mironauillia», «takija.samyja»;
- відэаролік «ЛУКАШЕНКО тайно ненавидит Путина! ВСПЛЫЛ СЕКРЕТ. УЖАСНЫЕ схемы с КРЕМЛЕМ!»;
- старонкі ў сацсетках і мабільны дадатак праекту «SVAE»;
- сайт, старонкі ў сацсетках, электронная пошта і кантакт у Signal праекту «BYACTION»;
- сайт «tryslany.cоm»;
- лагатып старонкі «Беларусь life» у TikTok;
- сайт, лагатып і старонкі ў сацсетках праекту «Анархический черный крест Беларусь»;
- старонкі ў TikTok «Чык Чырык», «Лукаш за кадром 3%»;
- старонка ў Facebook «Ка Malika».
Акрамя таго, «экстрэмісцкай» прызналі кнігу з успамінамі экс-супрацоўніка НКУС, арыштаванага ў 1937 годзе.
Гаворка пра «Дневники сотрудника НКВД: документальное разоблачение сталинизма» — адпаведнае рашэнне прыняў суд Партызанскага раёну Мінска 6 сакавіка.
Кніга заснаваная на рукапісах былога супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні. У іх ён апісвае сваё жыццё, піша пра тое, як стаў чэкістам, а пасля аказаўся «ворагам народа», і падрабязна распавядае пра метады супрацоўнікаў НКУС і катаванні, якія ўжываліся ў «амерыканцы». У кнізе прадстаўлены матэрыялы крымінальнай справы Іосіфа Ятчэні з Цэнтральнага архіва КДБ Беларусі.
«Беларусы ў Валенсіі» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне прыняло МУС 10 сакавіка. «Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі групу тэлеграм-чатаў «Беларусы ў Валенсіі».
Паводле ведамства, да «фармавання» маюць дачыненне Мікіта Траццякевіч, Марына Корж, Уладзімір Ліхалап, Алег Бурагін, Аляксандра Лунева, Віталіна Крэнць, Аляксей Носаў і Аляксей Несцярэнка.
У групе чатаў «Беларусы ў Валенсіі» — 362 падпісчыкі. Там абмяркоўваецца жыццё ў Іспаніі, ёсць чаты «Нерухомасць», «Пошук працы» ды іншыя.
З бабруйскай папраўчай калоніі №2 перасталі выходзіць лісты
Апошні тыдзень сваякі асуджаных былі ўстрывожаныя адсутнасцю карэспандэнцыі. Як высветліў @MAYDAYMog, прычына ў тым, што абодва цэнзары калоніі адначасова пайшлі на бальнічны.
Замена такіх супрацоўнікаў адміністрацыяй установы не прадугледжаная. Як мінімум бліжэйшыя два тыдні сітуацыя не зменіцца.
У Слоніме сілавікі ціснуць на сям’ю за лайк у «Аднакласніках» у 2016 годзе
Па словах мужчыны, 5 сакавіка яго жонку без позвы выклікалі ў Следчы камітэт. Там ёй задавалі пытанні пра публікацыю, пагражалі і папярэджвалі пра магчымыя праблемы на працы, а таксама пра рызыку пазбаўлення сям’і прыёмных дзяцей.
Характэрна, што следчы, які праводзіў допыт, старанна хаваў сваё прозвішча, піша @Grodno_grab.
Баранавіцкі фельчар хуткай дапамогі асуджаны па палітычнай справе
Берасцейскі абласны суд вынес прысуд Міхаілу Чатырбоку. У пятніцу яго дадалі ў «спіс экстрэмістаў».
На імя мужчыны звярнулі ўвагу «Витебск, я гуляю» ды @BGazeta. Як высветлілі першыя, Чатырбок распрацаваў праграму для беларускіх работнікаў хуткай меддапамогі. Праграма «СМП» была спампаваная больш за 100 тысяч разоў.
Таксама Міхаіл Чатырбок паспяхова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах каманд хуткай дапамогі і адзначаўся граматамі як адзін з найлепшых медработнікаў Баранавічаў.
Са «спісу экстрэмістаў» вынікае, што мужчыну інкрымінавалі «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — гэты артыкул апошнім часам часта выкарыстоўваюць у справах, звязаных з «Беларускім Гаюном».
МУС таксама адзначыла, што ў Чатырбока «судзімасць непагашаная». Звычайна гэта азначае прысуд у выглядзе «дамашняй хіміі».