Новыя прысуды і папаўненне «экстрэмісцкіх» спісаў. Хронікі рэпрэсій 6 сакавіка

 Палітзняволеную Алену Маліноўскую вызвалілі проста ў зале суда — яе новы прысуд цалкам перакрыў ужо адбыты тэрмін. Журналістку Ціну Палынскую і яе дачку асудзілі да двух гадоў калоніі, былой капітанцы зборнай Беларусі па рэгбі прызначылі «хатнюю хімію», а супраць палітзняволенай Валянціны Навумавай выставілі новыя абвінавачванні. У Беларусі працягваюць завочныя прысуды, канфіскацыю маёмасці і папаўненне «экстрэмісцкіх» спісаў.

1_1097_1.png

Алену Маліноўскую вызвалілі пасля новага прысуду

6 сакавіка Мінскі гарадскі суд агучыў новы прысуд палітзняволенай Алене Маліноўскай. Жанчыне прызначылі чатыры гады і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі.

Аднак Маліноўская знаходзілася за кратамі ўжо больш за чатыры гады, таму гэты тэрмін суд залічыў у пакаранне — і жанчыну вызвалілі проста падчас суда.

У жніўні 2025 года Алену не вызвалілі пасля адбыцця папярэдняга тэрміну: супраць яе распачалі новую крымінальную справу. Цяпер яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі).

Журналістку Ціну Палынскую і яе дачку асудзілі да двух гадоў калоніі

Ціну Палынскую і яе дачку Маргарыту Рабіновіч прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне або ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні»).

Жанчынам прызначылі па два гады калоніі, а таксама штраф. Пракурор прасіў для іх па два з паловай гады пазбаўлення волі.

Ціну і яе старэйшую дачку затрымалі ў траўні 2025 года. Паводле папярэдняй інфармацыі, справа можа быць звязаная з прызнаннем «Беларускай аналітычнай майстэрні» прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Арганізацыя займалася сацыялагічнымі даследаваннямі.

13 кастрычніка 2025 года памёр муж Ціны Палынскай — пісьменнік Алесь Палынскі.

Валянціне Навумавай выставілі новыя абвінавачванні

Праваабаронцам «Гарадзенскай праваабароны» стала вядома, што палітзняволенай Валянціне Навумавай 27 лютага  выставілі новыя абвінавачванні:

— ч. 1 арт. 16 КК (саўдзел у злачынстве)

— ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці)

— ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)

— ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні Лукашэнкі).

Навумава доўгі час была сябрай партыі левых «Справядлівы свет». Яшчэ ў 2017 годзе яе штрафавалі за ўдзел у акцыі «недармаедаў».

Капітанку зборнай Беларусі па рэгбі асудзілі па палітычнай справе

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 35-гадовай Марыі Шакура — былой капітанцы зборнай Беларусі па рэгбі.

Спартсменка была бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы па пляжным рэгбі ў 2017 годзе. Адначасова яна працавала на мэблевай вытворчасці.

У 2020 годзе Шакура атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней яе доўгі час не чапалі, піша «Наша Ніва».

Цяпер суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначыў «хатнюю хімію».

Суд над журналістам Паўлам Дабравольскім праходзіць у закрытым рэжыме

Крымінальную справу журналіста Паўла Дабравольскага пачалі разглядаць 27 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.

Палітвязня абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Паводле інфармацыі @pozirkonline, справа звязаная з яго журналісцкай працай падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года.

Раней Дабравольскі супрацоўнічаў з беларускімі і замежнымі медыя, у тым ліку з украінскім часопісам NV.ua. У Беларусі ён працаваў у незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Журналіста затрымалі ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання ў Беларусь.

Маёмасць актывіста Уладзіміра Хільмановіча выставілі на аўкцыён

У вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна прадаюць будынак клуба, які належыць актывісту і журналісту Уладзіміру Хільмановічу, піша hrodna.life.

Плошча будынка — 109,5 м². У лот уваходзяць веранда, халодная прыбудова, склеп, хлеў, прыбіральня і калодзеж. Будынак знаходзіцца ў занядбаным стане.

Маёмасць арыштаваная і прадаецца праз «Белюрзабеспячэнне». Аўкцыён запланаваны на 19 сакавіка, стартавы кошт — 5040 рублёў.

Уладзіміра Хільмановіча завочна асудзілі ў жніўні 2024 года да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу 1000 базавых велічынь. З 2021 года ён жыве ў Польшчы.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 20 чалавек

6 сакавіка МУС абнавіла «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у ім 6373 чалавекі. Сярод новых прозвішчаў — фігурантка «справы дваровых чатаў» Вера Кананенка і яе грамадзянскі муж Сяргей Кардаш.

Апошнюю версію спіса апублікавала «Вясна».

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўключылі:

— старонкі ў Instagram «vladimirshantsev», «theothersby»

— відэа «Александр Лукашенко _ 30 Лет у Власти. Итоги»

— сайт і сацсеткі праекта «Гэта База»

— старонку «БЕЛАРУСЬ БЕЗ ТАРАКАНА» ў «Аднакласніках»

— старонкі ў Threads «Беларусь Факты», «Paúliuk Horbač»

— старонкі ў Facebook «Беларуская Нацыянальная Прэмія», «Павел Севярынец», «Bielorussi di Roma», «Gobelarus», «Сяргей Спарыш», «Францішак Вячорка», «Израиль за Свободную Беларусь», «Siarhei Pelesa».